Галіна Ефіменка: да старэйшых землякоў – з пазітывам і добрым настроем

Главное Грамадства

За ўсім нам вядомым словазлучэннем “сацыяльны работнік” стаіць не проста прафесія, а веліч чалавечай душы.

Старасць падкрадваецца непрыкметна. А з ёй – хваробы, бяссілле, хуткая стамляльнасць, пачуццё няўпэўненасці, накат дэпрэсіі… Добра, калі восень жыцця пройдзе ў акружэнні родных і блізкіх, не будзе тужлівай і змрочнай. Рэальнасць, на жаль, нярэдка малюе іншыя карціны. Хтосьці страчвае сваю другую палавінку ці па волі лёсу, нейкіх абставін застаецца без сям’і. У кагосьці дарослыя дзеці, унукі – у далёкіх гарадах і нават за межамі краіны, а пажылому чалавеку мілей за ўсё вясковая хатка, дарагія сэрцу мясціны. Толькі б на роднай зямлі… Выручыць, дапаможа і падтрымае ў цяжкую хвіліну сацыяльны работнік.

Для Галіны Ефіменкі з вёскі Краснае гэта не столькі прафесія, колькі стан душы. Не кожны з нас разам з выкананнем сваіх працоўных абавязкаў здольны дарыць сардэчную цеплыню іншым, адчуваць чужы боль як свой, заставацца добразычлівым і цярплівым. У дамы пажылых людзей жанчына ўваходзіць выключна ў добрым настроі – тады і думкі дрэнныя ў гаспадароў адступаюць, і самаадчуванне паляпшаецца. Цябе тут чакаюць, разлічваюць на ўвагу і разуменне, давяраюць патаемнае. Значыць, справа для людзей патрэбная. Клопатамі пра сваіх старэйшых землякоў Галіна Аляксандраўна жыве амаль дваццаць гадоў.

Пад яе апекай зараз знаходзяцца дзевяць пенсіянераў, да якіх яна рэгулярна наведваецца, каб выслухаць, дапамагчы ў хатніх і гаспадарчых справах, выканаць просьбы. У перыяд пандэміі такія людзі – у зоне асаблівай рызыкі, таму ім рэкамендуюць пазбягаць мнагалюдных месцаў і як мага радзей пакідаць сваю сядзібу. Патрэбны лекі, прадукты ці іншыя тавары першай неабходнасці? Усё даставіць сацыяльны работнік.

У дзень нашай сустрэчы, напрыклад, бліжэй да поўдня, Галіна Аляксандраўна ўжо паспела пабываць у Марыі Пятроўны. Напярэдадні якраз прайшоў дождж і падмарозіла, таму патрэбна было пасыпаць пясок па слізкіх сцежках. Так як дом пажылой жанчыны падключаны да цэнтральнай цепласеткі, у дрывах неабходнасці няма. Сацыяльны работнік схадзіла за лекамі, хлебам і малаком, кормам для сабакі, напоўніла вёдры вадой. Знайшоўся час і для шчырай, даверлівай размовы. А як жа? Прафесія абавязвае быць яшчэ і тонкім псіхолагам, мудрай дарадчыцай, зацікаўленай суразмоўцай, верным сябрам.

Потым працоўны маршрут вядзе ў Галубоўку. У руках – заказаныя Віталем Пятровічам і Аляксеем Кірылавічам прадукты. Першы, дарэчы, аддае перавагу гомельскаму хлебу, таму перад дарогай у суседнюю вёску Галіна Аляксандраўна заходзіць у прыватную краму. У планах – прапыласосіць у доме, унесці дроў і дагледзець хатнія кветкі. Іх Віталю Пятровічу пасадзіла дачка, якой цяпер, у перыяд пандэміі, не дабрацца да бацькоўскага парога – пражывае на тэрыторыі Украіны. А ў доме Аляксея Кірылавіча патрэбна заняцца вільготнай уборкай, памыць кухонную пліту і таксама ўнесці дроў, вады.

Амаль усім пенсіянерам, якія знаходзяцца пад прыглядам Галіны Аляксандраўны, – за восемдзесят. Самая старэйшая, Ганна Пятроўна з Краснага, добра памятае перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, праведзены ў Капоранцы. Ёй ужо споўнілася 92 гады. У свой час многім з такіх людзей давялося сутыкнуцца з пеклам Вялікай Айчыннай, аднаўляць разбураныя ворагам населеныя пункты, падрываць здароўе на цяжкіх работах. Яны для нас з’яўляюцца прыкладам самаадданай працы, мудрасці і патрыятызму, таму і ставіцца да іх патрэбна беражліва, з павагай. У першую чаргу, каб не параніць душы. З разуменнем гэтага Галіна Аляксандраўна ідзе да кожнага, хто не можа абысціся без яе дапамогі.

За дзень, бывае, даводзіцца змераць крокамі ці пракалясіць на веласіпедзе больш за дзясятак кіламетраў. “Геаграфічная карта” наведванняў уключае не толькі Краснае і Галубоўку, але і Новую Іёлчу. У непагадзь на выручку прыходзіць муж: падвозіць на аўтамабіле.

Ці думала некалі Галіна Аляксандраўна, што стане сацыяльным работнікам? Наўрад. Працоўную дзейнасць яна, прадавец па адукацыі, пачала ў сістэме гандлю. Але ў хуткім часе зразумела: гэта – не яе. Прафесію змяніла, можна сказаць, па волі выпадку – была вакансія. Але аб такім выбары ніколі не пашкадавала: “Я люблю сваю работу і людзей, з якімі працую”. Для іх сацыяльны работнік – крыніца святла і цеплыні.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *