Удзельнікі маладзёжнага атрада аховы правапарадку “Іскра” БРСМ падвялі вынікі дзейнасці і атрымалі ўзнагароды

Грамадства Территория закона

“Мужнасць. Адказнасць. Айчына. Патрыятызм” – пад такім дэвізам МААП аб’яднаў людзей розных прафесій у жаданні дапамагаць супрацоўнікам міліцыі падтрымліваць парадак на вуліцах Брагіна.

Дзень маладзёжных атрадаў аховы правапарадку стаў нагодай для сустрэчы актыўных, мэтанакіраваных і неабыякавых брагінчан, якія ўваходзяць у склад МААП “Іскра” імя В.І. Ігнаценкі. Мерапрыемства праходзіла ў фармаце адкрытага дыялогу, падчас якога прысутныя не толькі падвялі вынікі сваёй праваахоўнай дзейнасці, але і пагутарылі аб Годзе народнага адзінства, што аб’яднаў беларусаў агульнай мэтай – жыць у міры і згодзе.

Галоўны спецыяліст раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Вольга Раманавец таксама нагадала дружыннікам аб іх абавязках: у 21.00 – рэгістрацыя ў РАУС, потым – патруляванне вуліц і паркаў райцэнтра. Вядома ж, не патрэбна забываць аб начных забаўляльных установах. Пазнаць удзельнікаў МААП можна па чырвоных павязках на руках, у кожнага таксама ёсць адпаведнае пасведчанне. У полі зроку дружыннікаў – усе, хто парушае правапарадак: распівае спіртное ў грамадскім месцы, дэбашырыць, хуліганіць. Паўнамоцтваў затрымліваць правапарушальнікаў у іх, вядома, няма. Але яны могуць зрабіць заўвагу і пры неабходнасці выклікаць супрацоўнікаў міліцыі.

Нягледзячы на тое што ўдзел у МААП добраахвотны, для дружыннікаў усё ж прадугледжаны меры заахвочвання. Адно з іх нават зацверджана рашэннем райвыканкама – прадастаўленне так званага адгулу за два дзяжурствы. Прапрацоўваецца пытанне і па страхаванні ад няшчастных выпадкаў.

Начальнік аховы грамадскага правапарадку і прафілактыкі Брагінскага РАУС Уладзімір Шапецька звярнуў увагу на прафілактычны накірунак дзейнасці дружыннікаў. Найпершая задача – не пакараць, а правесці выхаваўчую работу, пагутарыць, папярэдзіць аб наступствах. Выявіць правапарушальнікаў дапамагае і сістэма відэаназірання. Да таго ж камеры, якія размешчаны ў грамадскіх месцах, у нейкім сэнсе дысцыплінуюць чалавека: здзейсніць злачынства перад аб’ектывам – практычнь сваю віну.

Дружыннікі таксама задавалі пытанні, дзяліліся вопытам, расказвалі гісторыі з асабістай практыкі. Быў абраны і новы камісар атрада “Іскра”. Ім стала Вераніка Бугаева.

За добрасумленнае стаўленне да выканання абавязкаў па ахове грамадскага парадку самым актыўным удзельнікам МААП уручаны лісты з падзякай і сувеніры. У ліку ўзнагароджаных – метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Фурс, педагог-арганізатар Брагінскай СШ Валянціна Краўчанка, інпектар па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Брагінаграсэрвіс” Таццяна Ятчанка і інш.

 

 

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *