15 сакавіка галоўнаму дакументу дзяржавы спаўняецца 27 гадоў

Важное Официально

Зацверджаная 15 сакавіка 1994 года Канстытуцыя Беларусі з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку, прынятай пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Яна фактычна падвяла вынік працэсам фарміравання незалежнай беларускай дзяржавы на іншай сацыяльна-эканамічнай аснове, замацавала арыенціры грамадскага развіцця, яго перспектывы.

З таго часу Канстытуцыя не раз удасканальвалася: змены і дапаўненні ўносіліся шляхам рэферэндумаў. Гэта дазволіла забяспечыць эфектыўную дзейнасць выканаўчай, заканадаўчай і судзебнай улад, а таксама кіраўніка дзяржавы ў інтарэсах беларускага народа. Былі ліквідаваны тыя палажэнні, якія знаходзіліся ў супярэчнасці з прававымі нормамі, грамадскімі патрэбамі і задачамі стварэння эканамічна стабільнай, сацыяльна арыентаванай, прававой дзяржавы.

Асноўныя ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва і грамадскага развіцця, сфармуляваны ў прэамбуле. Гэта адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі; усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнага супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне; апора на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці; зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна; забеспячэнне грамадзянскай згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

Каштоўнасць Канстытуцыі ў тым, што яна валодае вышэйшай юрыдычнай сілай, з’яўляецца фундаментам усяго бягучага заканадаўства, вяршыняй нарматыўна-прававой піраміды. Невыпадкова яе яшчэ называюць Асноўным Законам.

На канстытуцыйнай аснове пабудавана сістэмная работа, накіраваная на рост дабрабыту грамадзян, стварэнне ўмоў для паляпшэння нашага жыцця, задавальненне матэрыяльных і духоўных патрэб.

Унутраная палітыка беларускай дзяржавы заснавана на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, абароненасці і салідарнасці. Ствараюцца ўмовы для самарэалізацыі працаздольных членаў грамадства, аказваецца дапамога тым катэгорыям, якія маюць у гэтым асаблівую патрэбу (маламаёмасным, інвалідам, састарэлым і інш.).

Такім чынам, за літарай Асноўнага Закона стаіць чалавек як вышэйшая каштоўнасць дзяржавы і грамадства. Канстытуцыя гарантуе яму свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця, гарманічнага ўсебаковага развіцця. І пры гэтым арыентуе нас на ўзаемныя абавязацельствы. Кожны нясе асабістую адказнасць за дасягненне матэрыяльна-бытавога дабрабыту для сябе і сваёй сям’і. Таму важная задача – удасканаленне сістэмы заканадаўства. Яна павінна быць максімальна набліжанай да рэалій жыцця і эфектыўна рэгуляваць сацыяльныя адносіны, выключаючы абыякавасць і ўтрыманскую пазіцыю.

Менавіта ў гэты дзень – 15 сакавіка – многія з нас часцей за ўсё спрабуюць пранікнуць у сутнасць Асноўнага Закона, спасцігнуць яго дух і ўсвядоміць ролю на сучасным этапе. Таму дата ў гонар Канстытуцыі – не толькі афіцыйнае свята, але і памятны дзень прыняцця дакумента, дзякуючы якому мы з гонарам завём сябе беларусамі, можам удзельнічаць ва ўсіх палітычных, эканамічных і сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў рэспубліцы.

Жыццё пацвярджае: канстытуцыйны парадак – гэта фундамент стабільнасці і грамадскай згоды ў краіне.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *