Месца прыцяжэння – Камарын. Прыехаўшы аднойчы, засталася назаўсёды

Главное Грамадства

 

Мастацтва развівае, выхоўвае, захапляе і надае ўпэўненасці ў сабе.

Ліяна Кананок ужо даўно не лічыць сябе гамяльчанкай. У Камарын яе, ураджэнку абласнога цэнтра, прывяло размеркаванне. Было гэта сорак гадоў таму, калі толькі закончыла музычнае вучылішча. Прыехала – і адразу ж зразумела: у гэтыя краявіды нельга не ўлюбіцца. Прырода шчодра надзяліла самы паўднёвы пасёлак Беларусі маляўнічымі прасторамі, працягнуўшы паўз яго срэбную стужку Дняпра. Углядацца ў іх можна гадзінамі. Гэта сапраўдная крыніца творчасці, натхнення, жыватворнай энергіі. Асабліва для чалавека, які вырашыў звязаць сваё жыццё з мастацтвам, развіццём культуры.

Рэалізоўваць сябе як музычны кіраўнік Ліяна Георгіеўна пачала ў мясцовай музычнай школе. Справа захапіла адразу ж. А разам з любоўю да прафесіі і месца сваёй працы ўзмацнялася жаданне дарыць людзям добры настрой, напаўняць іх будні яркімі фарбамі. Ды ўсё ў адно імгненне перакрэсліў Чарнобыль: трывогай і болем, страхам перад будучыняй  уварваўся ў жыццё. І вымусіў пакінуць пасёлак, які аддзяляе ад атамнай электрастанцыі крыху больш за трыццаць кіламетраў.

Часовым прытулкам стаў адзін з населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Вытрымаць без Камарына Ліяна Георгіеўна змагла толькі год. Вярнулася. І ні разу не пашкадавала. Пасёлак над Дняпром паспеў стаць для яе другой малой радзімай.

Калі ідзе па сённяшніх чыстых, добраўпарадкаваных вуліцах, бачыць, як будуецца жыллё, пазірае на адрамантаваныя будынкі, створаны ў гонар абаронцаў парк, дзе знайшлося месца і дзіцячай пляцоўцы, і зонам адпачынку, у думках міжволі вяртаецца ў першыя паслячарнобыльскія гады. Калі не раз даводзілася чуць: Камарыну не адрадзіцца. У людзей не было, здавалася б сёння, элементарнага: гарачай вады, газавага ацяплення, асфальтаваных дарог… Сітуацыю перайначыла паспяховая рэалізацыя дзяржаўных праграм па пераадоленні паследкаў чарнобыльскай катастрофы. Камарын прыкметна пахарашэў, змяніў сваё аблічча насупраць змрочным прагнозам скептыкаў. Стаў больш утульны, зручны і камфортны для жыцця, працы і адпачынку.

У кожнага, праўда, сваё меркаванне аб такіх дабротах. Пакуль адны шчыра радуюцца ім і заўважаюць змены да лепшага, другім усё не так і не гэтак – толькі б скардзіцца ды патрабаваць. Чаму? У Ліяны Георгіеўны на гэта – свой погляд: «Прыкмячаць станоўчае, бачыць пазітыўныя бакі і плён стваральнай працы, пашыраць уласныя магчымасці і несці карысць грамадству здольны толькі той, хто малады душой. І справа тут зусім не ва ўзросце. Гэта – унутры чалавека».

Чаго не хапае ў Камарыне? «Хіба што салона прыгажосці, дзе можна было б зрабіць прычоску, манікюр», – заўважае з лёгкай усмешкай жанчына. А чаму б і не? Цырульніцкія і касметычныя паслугі лічацца даволі запатрабаванымі відамі дзейнасці. І да таго ж ажыццяўляюцца па заяўным прынцыне з выплатай адзінага налога – без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. А з набыццём прафесіі гатовы дапамагчы ў службе занятасці. Справа – за інтарэсам да такой справы і жаданнем рэалізоўваць сябе. Магчыма, нехта с мясцовых жыхароў і зацікавіцца, каб задаволіць патрэбы землякоў.

Відаць, менавіта аптымізм і светлыя надзеі,  жыццёвая энергія і бадзёрасць духу, адчуванне еднасці з камарынскай зямлёй не дазваляюць Ліяне Георгіеўне і зараз, у сваім пенсійным узросце, сядзець без справы. Калі прапанавалі ў дзіцячым садку замяніць дэкрэтніцу – музычнага кіраўніка, згадзілася. Работа даволі блізкая, добра знаёмая. І ў той жа час па-новаму цікавая: побач – маленькія асобы.

Варта прыгадаць, што багаты працоўны вопыт Ліяна Георгіеўна набыла не толькі ў музычнай школе, але і ў доме культуры. Менавіта тады, у канцы 90-х, была створана вакальная група пры Камарынскім ГДК. Выканаўчы талент яе ўдзельніц – творчых, энергічных, духоўна багатых – удала спалучыўся з пачуццём любові да нацыянальнай культуры, шчырым жаданнем несці ў свет мастацкі каларыт.

Сёння ж “Камарынскую весялуху” мясцовыя жыхары (і не толькі) добра ведаюць як народны ансамбль народнай песні. Ганаровае званне яна паспяхова абараніла ў 2002 годзе, яшчэ пры сваім першым кіраўніку – Ліяне Кананок. Прайшоў час, а калектыў гэтак жа ззяе прыгожым дыяментам у вянку песеннай творчасці, чыстай крыніцай льюцца над роднымі прасторамі звонкія галасы.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *