Да работ па ліквідацыі паследкаў аварыі на ЧАЭС у 30-кіламетровай зоне Віктар Нікалаенка разам са сваімі калегамі прыступіў адным з першых

Главное Да 35-годдзя чарнобыльскай трагедыі

 

Больш за трыццаць гадоў прысвяціў энергасістэме, а зараз – на заслужаным адпачынку.

Чарнобыль – слова, якое ведае ўвесь свет. Гэта наша трагедыя, памяць і  драма, якая драбніцца на тысячы эпізодаў. Ніякая іншая падзея пасля Другой сусветнай вайны не зачапіла за жывое так, як  нябачная стыхія восемдзесят шостага. І ніякімі прыборамі не вымераюць тое, што адчула тады насельніцтва. Страчаныя жыцці, падарванае здароўе, пакалечаныя лёсы, апусцелыя вёскі, забруджаныя тэрыторыі… Усё гэта не павінна паддавацца забыццю. Як і мужнасць, стойкасць, гераізм людзей, якія ў цяжкую хвіліну не апусцілі рукі, а сталі ўтаймоўваць мірны атам, змагацца з паследкамі катастрофы.

Для Віктара Нікалаенкі, як і для іншых жыхароў райцэнтра, вясна 1986-га была напоўнена звычайнымі для такой пары клопатамі і турботамі. Вынік работы Брагінскага РЭС, дзе працаваў вадзіцелем-электраманцёрам аператыўна-выязной брыгады, – святло і ўтульнасць у дамах, стабільная дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, вытворчыя поспехі калектываў. Усё перайначыла, парушыла чарнобыльская бяда – вымусіла пагрузіць дзясяткі населеных пунктаў у цемру.

Спачатку, праўда, як і паўсюль, былі толькі чуткі: у Чарнобылі – нейкае здарэнне. А калі паступіла афіцыйная інфармацыя, людзьмі авалодалі трывога, разгубленасць, неспакойныя думкі. Ды ніхто яшчэ не разумеў і не ўяўляў, якімі будуць маштаб катастрофы, жыццё ў новай рэальнасці.

На вачах у Віктара Васільевіча праходзіла эвакуацыя людзей з тэрыторый, дзе пражываць стала немагчыма. Пакідаючы свае сядзібы, работу, урадлівую глебу, усё, што прыдбалі і нажылі, яны аказваліся перад невядомасцю. З сабой, як і казалі, бралі толькі самае неабходнае. На некалькі дзён. Але змрочная чарнобыльская рэальнасць вярнуцца сюды не дазволіла. Дзясяткі вёсак Брагіншчыны апусцелі, і жыццё ў іх так і не адрадзілася.

Да работ па ліквідацыі паследкаў аварыі на ЧАЭС у 30-кіламетровай зоне Віктар Васільевіч разам са сваімі калегамі прыступіў адным з першых. Перад брыгадай у складзе яго, электраманцёра і майстра стаяла задача абясточыць выселеныя вёскі – спыніць там дзейнасць трансфарматарных падстанцый. Колькі было выездаў у зону, ужо і не памятае. Шлях рэсаўцаў пралягаў праз Глухавічы, Ляды, Вярховую Слабаду, Новы і Стары Сцепаноў, Кулажын, Чыкалавічы, Нежыхаў, Крукі, Калыбань, Хатучу… Цяпер гэтых і многіх іншых назваў населеных пунктаў няма на карце. Засталася толькі памяць.

Працаваць, як прыгадвае, даводзілася ў напружанай атмасферы – мае на ўвазе не складананасці ў справе, у якой ужо быў добра падкаваны, а душэўны цяжар. У памяці захавалася адна са змрочных, гаротных карцін: па балоцістых мясцінах шнараць каровы, коні, козы і іншая жыўнасць, якая яшчэ да нядаўняга часу знаходзілася на падворках. І некаму яе дагледзець – няма гаспадароў.

Аб той нябачнай пагрозе, што прытаілася ў зоне адсялення, сведчыць нечаканая сустрэча з чалавекам у пагонах. Было гэта ў Круках, калі да энергетыкаў наблізіўся «УАЗік». З яго выйшаў высокапастаўлены ваеннаслужачы ў рэспіратары і ахоўным адзенні. Зрабіў замер дазіметрам. І адразу ж са ўсёй строгасцю кінуў у бок брыгады: «Каб я вас тут праз пяць хвілін не бачыў!» Добра, што сваю работу ў гэты дзень паспелі завяршыць. Але ў зону, каб пастаўленую задачу поўнасцю выканаць, даводзілася накіроўвацца яшчэ не раз.

За ўдзел у ліквідацыі паследкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Віктар Нікалаенка адзначаны не адной узнагародай.

З населеных пунктаў Брагіншчыны вывозілі ў піянерскія лагеры, санаторыі і прафілакторыі дзяцей, маці з малымі да трох гадоў і цяжарных жанчын, якія там знаходзіліся пад наглядам медыкаў. На навакольнай тэрыторыі з’явіліся воінскія часці і фарміраванні грамадзянскай абароны. Прастору разрываў бясконцы гул тэхнікі, у тым ліку верталётаў. У Брагіне, якраз у мікрараёне, дзе і зараз пражывае Віктар Васільевіч са сваім бацькам і сястрой, падрыхтавалі загон для часовага размяшчэння буйной рагатай жывёлы, якую гналі з забруджаных тэрыторый. На працягу трох дзён тут раздавалася жаласлівае, трывожнае рыканне кароў. І жанчыны, якія не маглі змірыцца з такім жудасным становішчам, хадзілі па ўласнай волі іх даіць. Малако лілося прама на зямлю…

Усім жыхарам, што засталіся ў пасёлку, загадалі дзеля ўласнай бяспекі высекчы на сваіх падворках ягадныя кустарнікі. Штодня, прычым бясплатна, працавала лазня.  Праводзілася дэзактывацыя: мылі вуліцы, будынкі, здымалі радыеактыўны грунт. І менавіта ў гэтую змрочную пару, нібы надзея на росквіт Брагіна ў будучым, увесь падворак сям’і Нікалаенкаў упрыгожылі яркія колеры півоняў, якія пасадзіла сястра Віктара Васільевіча – Кацярына. Гледзячы на іх, у людзей, якія павінны былі ажыццявіць дэзактывацыю чарговага дома, не паднялася рука гэта зрабіць – загубіць такое хараство. Прайшоў час, а Кацярына Васільеўна, як толькі зноў пачынаюць квітнець яе раскошныя півоні, прыгадвае той выпадак.

Хто ведае, як бы склаўся лёс, павярнулася жыццё, калі б Нікалаенкі пакінулі родныя мясціны – магчымасць такая была. Цвёрда ўпэўнены ў адным: ім пашчасціла ўбачыць Брагін сённяшні і шчыра за яго парадавацца, адчуць гонар за месца, адкуль выйшлі і дзе знайшлі сябе, куды вярнуўся іх бацька пасля Вялікай Айчыннай вайны. Веліч чалавечага духу і адданасць радзіме, стваральная праца на яе карысць мацней усякай бяды.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *