Жывёлагадоўля. Мінусаў пазбегнуць не ўдалося

Сельское хозяйство

Як арганізаваныў гаспадарках пашавы перыяд, ці ўдалося ліквідаваць мінусы ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, расказаў галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пётр ПІНЧУК.

Па яго словах, да сезона вялікага малака пачалі рыхтавацца загадзя: вызначылі прыфермскія выпасы ў кожным ААТ, спланавалі колькасць гуртоў, закупілі патрэбную колькасць электраагароджы, паклапаціліся аб ёмістасцях для вады. Усё гэта дазволіла арганізавана пачаць пашавы перыяд. Неабходна было падкарміць азімыя на зялёны корм, травы, што і было зроблена. Першай у структуры зялёнага канвеера з’яўляецца азіміна. Для страўлівання грамадскім статкам выдзелена 1199 гектараў жыта і 1107 – свірэпы.

На сёння пасвяцца два гурты бычкоў (550 галоў), 7740 кароў (44 гурты) і 1804 цялушкі, хаця планавалі вывесці на сакавітыя травы 3280 галоў (12 гуртоў). У адкрытым акцыянерным таварыстве “Чамярыскі” тры гурты кароў з Хракавіцкай фермы знаходзяцца ў летнім лагеры, дзе абсталяваны тры перасоўныя даільныя ўстаноўкі.

З пачатку мая валавы надой малака па раёне вырас на 6,5 тоны, у “Чамярыскім” – на 1,5 тоны, “Малажынскім” – на 2,3. Працаўнікі ферм ААТ “Пераможнік” павялічылі вытворчасць на 600 кілаграмаў. На 20 мая мы па-ранейшаму мінусуем, хаця прымаюцца ўсе захады, каб ліквідаваць адставанне. З пачатку года ацялілася 1073 нецелі (+ 37 да ўзроўню мінулага года). Іх увод у дойны статак у разліку на 100 кароў складае 13 галоў.

Некаторыя сельгаспрадпрыемствы пачалі ўбіраць люцэрну, і ў рацыёне кароў з’явіцца каштоўная бялковая культура. Вырастуць надоі, хаця на даны момант важна не толькі колькасць прадукцыі, але і яе якасць. Пакуль экстру адпраўляе на перапрацоўку толькі “Брагінка”.

Сезон вялікага малака працягнецца да восені. Задача ўсіх службаў, працаўнікоў жывёлагадоўчай галіны – цалкам выкарыстаць яго магчымасці, на танных кармах атрымаць максімум прадукцыі.

Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *