А ў “Камарынскім” ужо жнуць і малоцяць. Да ўборкі рапсу аграрыі прыступілі 6 ліпеня

Главное Грамадства Сельское хозяйство

Першым пачаў жніво ў “Камарынскім” Віталій Сафіенка.

З гэтай каштоўнай алейнай культуры звычайна і пачынаецца адказная кампанія ў адкрытым акцыянерным таварыстве. Перад масавай касавіцай хлябоў у механізатараў ёсць магчымасць праверыць якасць рамонту тэхнікі, яе надзейнасць. Да слова, Віталію Сафіенку ў гэтым плане пашанцавала: летась ён атрымаў новы камбайн. У мінулым годзе краіна адзначыла 75-годдзе Вялікай Перамогі. Аб гэтай гістарычнай даце нагадваюць дзве лічбы на бакавіне стэпавага карабля, які даручылі аднаму з лепшых  хлебаробаў ААТ.

– У нас найвялікшая ў раёне нагрузка на адзін камбайн: 800 гектараў, – расказаў дырэктар сельгаспрадпрыемства Рыгор Анапрэенка. – Улічваючы гэта, аблвыканкам дапамог нам укамплектаваць машынна-трактарны парк. Сёлета атрымаем яшчэ адзін такі камбайн.

Прыстаўка для ўборкі рапсу ўжо ў двары. Спадзяёмся, што і сельгасмашына хутка будзе на месцы.

Віталій Сафіенка зараз шчыруе на рапсавым полі. Пасеялі сёлета 170 гектараў, а ўбраць засталося 106. На нашых пясках частка пасеваў падгарэла на сонцы. Калі ў іншых ААТ рапс яшчэ даспявае, мы, каб не страціць тое, што вырасла, убіраем. Думаем намалаціць не менш чым 15 цэнтнераў з кожнага гектара. На адвозцы заняты Міхаіл Яўсеенка, Аляксей Тамілка.

Першым пачаў жніво ў “Камарынскім” Віталій Сафіенка.

У мінулыя гады разам з экіпажамі “Камарынскага” на жніве былі задзейнічаны камбайнеры з ААТ “Брагінаграсэрвіс”. Дырэкцыя прадумала гэтае пытанне і сёлета: ужо заключаны дагавор з абслугоўваючай арганізацыяй на ўзаемавыгадных умовах. Калі ёсць магчымасць, ААТ дапамагае прадпрыемству запчасткамі. У такім разе сума дэбіторскай запазычанасці будзе меншая.

Іван Давідзенка з ліку тых, хто ніколі ў працы не падвядзе.

Да Віталія Сафіенкі далучыўся 7 ліпеня Іван Давідзенка. Чаго варты гэты механізатар, нам расказаў галоўны аграном “Камарынскага” (і старшыня прафкама ў адной асобе) Аляксандр Петруненка. Ён увесь час разам з трактарыстамі і вадзіцелямі на полі, таму ведае, хто як працуе. Па яго словах, Іван Уладзіміравіч прафесіянал, якіх пашукаць, работу заўсёды выконвае якасна, акуратна. А прыйшоў у саўгас гэты чалавек у 1981 годзе, каб пасля службы ў арміі зноў вярнуцца сюды. Хлеб пачынаў убіраць на СК-5 “Ніва”, потым перасеў на “Дон-1500”, а зараз эксплуатуе “Палессе-12” вытворчасці Гомсельмаша.

Уборка рапсу вялася ў ваколіцах Кацічава. Па абодва бакі дарогі – зрубы хат без акон і дзвярэй, рэшткі вытворчых будынкаў, школы.

Гадоў сямнаццаць таму апошніх жыхароў неперспектыўнай вёскі перасялілі ў Камарын, а іх прысядзібныя ўчасткі разраўнялі, апрацавалі і ўвялі ў севазварот. Сеюць рапс, кукурузу, зерневыя. Палоска каралевы палёў цягнецца ўздоўж хат былой вуліцы. Шырокай і прасторнай. Тут раней былі людскія агароды Можна толькі меркаваць, якой вялікай і прыгожай была вёска сярод лясных масіваў.

Да слова, сянажныя ёмістасці захаваліся да гэтага часу. Са шматгадовых траў у іх заклалі па 600 тон кансерваванага корму. Адначасова з уборкай вырашчанага ўраджаю грамадскаму статку рыхтуюць сытную зімоўку.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *