Аляксандр Лукашэнка заклікаў моладзь захаваць незалежную Беларусь і яе дасягненні

Главное Справа дзяржаўная

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі ўскладання вянка ў мемарыяльным комплексе «Курган Славы», заклікаў моладзь захаваць незалежную Беларусь і яе дасягненні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы, сучаснае пакаленне, памятаем, што героі Вялікай Айчыннай вайны нам падарылі жыццё, і стараемся пражыць яго дастойна іх памяці, памяці тых, хто ствараў гэты помнік. Тых, хто адстаяў страчаныя ў 1990-я традыцыі і аднавіў мемарыяльны комплекс, надаўшы яму сучасны выгляд», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўжо не адзін раз гаварыў, што процістаянне з часоў Вялікай Айчыннай вайны не скончылася, а набыло, на жаль, сучасныя формы. І ў сувязі з гэтым Прэзідэнт звярнуўся да маладога пакалення, студэнтаў гістарычных факультэтаў, курсантаў Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС, маладых упраўленцаў і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. «Вы — будучыня нашай краіны. Гэта не банальшчына. Тут амаль 100 працэнтаў перакананых патрыётаў нашай Радзімы. Вельмі хацелася б, каб вы не страцілі краіну. Менавіта вы. Каб вы прыйшлі да кіраўніцтва нашай краінай і захавалі тое, што мы стварылі за чвэрць стагоддзя», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што цяперашняе, сучаснае пакаленне ўжо вызначылася ў гісторыі сваімі дасягненнямі, галоўнае з якіх — стварэнне першай суверэннай беларускай дзяржавы. «Мы, атрымаўшы абрубак савецкай імперыі, стварылі суверэнную і незалежную дзяржаву — упершыню за тысячагадовую гісторыю Беларусі. Гэтым наша пакаленне вызначылася, адстаяўшы тую Перамогу, якую яны нам падарылі. Цяпер справа за вамі — тымі, хто тут стаіць. Таму што вы перакананыя, вы нікому не павінны аддаць нашу краіну, нашу зямлю, таму што вы — нашы дзеці, дзеці нашага пакалення».

Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што гэты гістарычны пераход ад аднаго пакалення да другога будзе спакойным. «Гэта галоўная праблема і задача сучаснай гісторыі — пераход да новага пакалення. Хацелася б, каб ён не быў, як звычайна бывае ў дзяржавах, балючым. Мы для гэтага павінны зрабіць усё», — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў важнасць не дапусціць спроб перапісаць гераічную гісторыю Беларусі, сімвалам якой з’яўляецца і Курган Славы. «Калі мы яе не абаронім сёння, то заўтра і гэты курган зраўнуюць з зямлёй. Зраўнуюць як сімвал камусьці ненавіснай Вялікай Перамогі. А з ім кануць у мінулае свабода і незалежнасць Беларусі», — перасцярог Аляксандр Лукашэнка.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *