Працай адзіныя: імёны на Алеі Славы. Уладзімір Галка атрымаў званне Героя за поспехі ў разведцы месцараджэнняў карысных выкапняў

Беларусь памятае Важное Год народнага адзінства Грамадства

За апошнія гады Брагін прыкметна змяніўся. Папрыгажэлі і пашырыліся яго вуліцы, абнавіліся будынкі, плошча, з’явіліся новыя зоны адпачынку, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі… А вучні мясцовай школы, гімназіі штодня праходзяць паўз Алею Славы. Невыпадкова гэты элемент добраўпарадкавання размясцілі менавіта на іх шляху. Падрастаючае пакаленне і моладзь павінны ведаць сваіх папярэднікаў, якія ў розныя жыццёвыя перыяды праявілі гераізм, пакінулі добры след на роднай зямлі, праславілі малую радзіму. У гонар Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнцаў Брагіншчыны – усталяваны трынаццаць стэл.

Пра трох такіх ганаровых землякоў, дарэчы, – Пятра Жукава, Сяргея Мацапуру, Паўла Шпетнага, якія здзейснілі подзвіг у імя будучыні ў гады Вялікай Айчыннай вайны, мы распавядалі на старонках мясцовага выдання не раз. А вось лёсы тых, хто ўдастоены вышэйшай ступені адрознення за працу, вядомы далёка не кожнаму. Пазнаёміць з імі чытачоў ставіць на мэце наш цыкл публікацый. Будзем разам паглыбляцца ў мінулае, гісторыю ў асобах. Тым больш што ў Год народнага адзінства гэтая тэма набывае асаблівую актуальнасць: абарона Айчыны, клопат пра яе дабрабыт і росквіт аб’ядноўваюць людзей, незалежна ад іх поглядаў, інтарэсаў, прафесійнага выбару, месца пражывання.  

Да ведама

Герой Сацыялістычнай Працы – дзяржаўная ўзнагарода ў СССР (з 1938-га па 1991 год). Гэтае званне з’яўлялася вышэйшай ступенню адзнакі за заслугі ў галіне гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва. Яго ўдастойваліся асобы, якія праявілі працоўны гераізм, сваёй асабліва выдатнай наватарскай дзейнасцю ўнеслі значны ўклад у павышэнне эфектыўнасці грамадскай вытворчасці, садзейнічалі пад’ёму народнай гаспадаркі, навукі, культуры, росту магутнасці і славы СССР.

Герою Сацыялістычнай Працы ўручаліся: ордэн Леніна, залаты медаль “Серп і Молат”, грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

Пасля вучылішча – на фронт

Нарадзіўся Уладзімір Мікітавіч 13 кастрычніка 1923 года ў вёсцы Чамярысы ў сялянскай сям’і. Атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю і рана пачаў працоўную дзейнасць. Накіраваўся ў расійскі горад Хабараўск, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў лінейным назіральнікам-сувязістам.

Восенню 1941-га семнаццацігадовага юнака прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі на вучобу ў мінамётную школу. А пасля яе заканчэння – на савецка-кітайскую граніцу (востраў Даманскі). У 1942-м Уладзімір паспеў прайсці толькі пачатковую падрыхтоўку ў Чалябінскім танкавым вучылішчы і – на фронт.

Ваяваў у складзе 260-й стралковай дывізіі на Заходнім, Бранскім і 1-м Беларускім франтах. Удзельнічаў у баях пад Курскам і многіх іншых баявых аперацыях. У канцы 1943-га прайшоў навучанне ў запасным танкавым палку (Чалябінск) і атрымаў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля танка. Са студзеня 1944 года – у складзе 2-й роты 2-га батальёна 12-й брыгады 4-га гвардзейскага танкавага

Канцеміраўскага Чырванасцяжнага корпуса.

За мужнасць і храбрасць

Вызначыўся Уладзімір Галка ва Усходне-Карпацкай стратэгічнай наступальнай аперацыі. Пры прарыве ўмацаванай абароны ў сакавіку 1944 года 2-я танкавая рота ўварвалася на ўскраіну Ковеля і завязала вулічныя баі з ворагам. Пры гэтым танк Т-34, якім кіраваў гвардыі старшы сяржант Галка, трапіў пад абстрэл нямецкай самаходнай зброі і атрымаў прабоіну, а механік-вадзіцель быў цяжка паранены. Чатыры з паловай месяцы Уладзімір Мікітавіч правёў у шпіталях, а калі паправіў здароўе, вярнуўся ў сваю часць.

Удзельнічаў у Карпацка-Дуклінскай аперацыі па захопе Дуклінскага перавалу ў Карпатах. У ходзе жорсткіх баёў атрымаў два раненні: кулявое і асколачнае. Вайну закончыў у Чэхаславакіі. Быў прадстаўлены да ўзнагароды, але даведаўся пра гэта пазней. Толькі праз больш як 30 гадоў пасля Перамогі атрымаў ордэн Славы 3-й ступені.

Службу ў Чырвонай (з 1946 года – Савецкай) Арміі Уладзімір Мікітавіч прадоўжыў. У лютым 1946-га ён ужо памочнік камандзіра ўзвода Бакінскага пяхотнага вучылішча (Азербайджан).

Буравы майстар

Пасля звальнення ў запас у 1951 годзе вярнуўся на Палессе і ўладкаваўся на працу ў Беларускую кантору разведвальнага бурэння ў Мазыры. Новую спецыяльнасць атрымаў на курсах бурыльшчыкаў. Прымаў актыўны ўдзел у разведцы і падрыхтоўцы да прамысловага асваення першых месцараджэнняў нафты на Палессі. У дасканаласці авалодаў нялёгка прафесіяй, паказаў сябе адказным работнікам, умелым арганізатарам. І ў хуткім часе быў назначаны буравым майстрам Мазырскай нафтаразведачнай экспедыцыі глыбокага бурэння.

Трынаццаць стэл у гонар Герояў.

Рэчыцкае месцараджэнне

У лютым 1965 года кантора пераўтварылася ў Беларускі геалагічны трэст па разведцы нафты і газа “Беларусьнафтагазразведка”, а з кастрычніка таго ж года – ва Упраўленне геалогіі пры Савеце Міністраў БССР. Менавіта на тэрыторыі сучаснага Рэчыцкага раёна былі адкрыты месцараджэнні, прыдатныя да прамысловай распрацоўкі. Пасля 30-гадовых пошукаў, 20 жніўня 1964-га, буравая брыгада майстра Валянціна Зайцава на свідравіне Р-8 атрымала магутны фантан першай беларускай нафты з дэбітам 120 тон за суткі. Нафтавая перспектыва айчынных нетраў пацвердзілася праз два месяцы: 17 кастрычніка на буравой пляцоўцы №5, дзе працавала брыгада Галкі, атрыманы другі магутны фантан дэбітам каля 600 тон за суткі. Адкрытае месцараджэнне атрымала назву Рэчыцкага, а для яго распрацоўкі быў створаны Рэчыцкі ўзбуйнены нафтапромысел.

Перадавік, наватар, настаўнік

Працуючы на разведцы новых месцараджэнняў Рэчыцкага басейна, Уладзімір Мікітавіч разам з падначаленымі паспяхова выканаў планавыя заданні пяцігодак. Праявіў сябе актыўным наватарам і рацыяналізатарам, настойліва вывучаў і ўкараняў вопыт перадавых нафтаразведвальных калектываў краіны. Вынаходзіў прыстасаванні, якія аблягчалі працу рабочых і паскаралі ход бурэння, што дазваляла ўдасканальваць тэхналогію разведкі новых нафтаносных плошчаў.

У гады восьмай пяцігодкі (1966-1970) дасягнуў высокіх вытворчых паказчыкаў. За выдатныя поспехі ў развіцці геолагаразведачных работ і разведцы месцараджэнняў карысных выкапняў Уладзіміру Галку ў красавіку 1971 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

На рахунку нашага земляка – 30 рацыяналізатарскіх прапаноў, укараненне якіх садзейнічала высокаэфектыўнай працы экспедыцыі на працягу доўгіх гадоў. Да самага выхаду на заслужаны адпачынак (1985) вопытны майстар актыўна займаўся настаўніцтвам. А будучы на пенсіі, не развітваўся з грамадскай работай. Пражываў у Мазыры. У лютым 1987-га быў выбраны старшынёй савета новастворанай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Ганаровы грамадзянін Мазырскага раёна.

Не стала Уладзіміра Мікітавіча 18 чэрвеня 2009 года.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *