Педагагічны стаж Лідзіі Раманюк – 45 гадоў

Грамадства

– Як я хачу, каб і ў майго сына была такая настаўніца, – сказала мая знаёмая, калі даведалася, пра каго збіраюся пісаць.

Прызнаюся, я таксама думала пра гэта, калі ўпершыню пазнаёмілася з Лідзіяй Міхайлаўнай, пабывала ў яе дома і  ўбачыла мора кветак на прысядзібным участку. Такое хараство мог стварыць творчы, неабыякававы і працалюбівы чалавек, якім яна і з’яўляецца.

Пасля заканчэння Крыўчанскай сярэдняй школы дзяўчына адразу паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (паміж сабой яго называлі іняз) на факультэт англійскай мовы.

Нямецкую пачала вывучаць на трэцім курсе. З выбарам будучай прафесіі вызначылася даўно. Дзякуючы вопытнаму педагогу Варвары Васільеўне, з задавальненнем працавала на ўроках замежнай мовы, лёгка і хутка запамінала словы, рабіла пераклады. Выкладчыца была патрабавальная і строгая, што Лідзіі падабалася і служыла стымулам як мага глыбей авалодаць чужой мовай.

Пасля заканчэння інстытута тры гады працавала ў Хойніцкім раёне, выкладала англійскую і нямецкую. А з 1979-га па 1988-ы Лідзія Міхайлаўна – настаўніца нямецкай мовы Іялчанскай СШ нашага раёна. Адсюль перайшла ў Буркоўскую, дзе працуе і зараз. Свой прадмет любіць, пастаянна ўдасканальвае веды і педагагічнае майстэрства, шмат займаецца з дзецьмі. Чацвёра з іх па прыкладу любімай настаўніцы звязалі сваё жыццё з замежнымі мовамі. Адна з дзяўчынак вырашыла стаць перакладчыцай і свайго дабілася. З Буркоўскай СШ перайшла ў Брагінскую, якую і закончыла, але ж фундамент ведаў заклала Лідзія Раманюк.

Яна актыўная і мэтанакіраваная. У педінстытуце займалася ў секцыі валейбола, хадзіла на лыжах, і, акрамя ўсяго, спявала ў хоры. Студэцкае жыццё было насычанае і цікавае. Ініцыятарам многіх карысных спраў была Лідзія, што потым спатрэбілася ёй у педагагічнай дзейнасці. Некаторы час працавала арганізатарам (зараз – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце). Школьныя мерапрыемствы па сцэнарыях Лідзіі Раманюк заўсёды насычаныя і павучальныя, нясуць у сабе пазітыўны зарад.

Яе вучні неаднаразова перамагалі ў абласных алімпіядах па замежных мовах. У гэтым навучальным годзе ветэран педагагічнай працы будзе выкладаць англійскую ў дзявятым класе, нямецкую – у трэцім і шостым. Дар’я Сырапарава, з якой Лідзія Міхайлаўна займаецца англійскай мовай, падае вялікія надзеі.

Каб выхаваць пераможцу алімпіяд розных узроўняў, з ім неабходна займацца з пачатковых класаў.

Кветкі – не адзінае хобі вясковага педагога. Яна захапляецца вязаннем, раней часта апранала касцюмы і сукенкі, зробленыя сваімі рукамі. Да ўсяго клапатлівая жонка і бабуля. Сыны Андрэй і Раман часта прыязджаюць да бацькоў, дзе іх заўсёды чакаюць.

У Лідзіі Міхайлаўны многа сяброў, у тым ліку і ў Германіі, куды яна ў якасці перакладчыцы выязджала не раз. Пабывала і на поўдні, і на поўначы гэтай краіны, што садзейнічала моўнай практыцы, глыбейшаму вывучэнню нямецкай.

Застаецца пажадаць нашай зямлячцы моцнага здароўя і доўгага веку, таленавітых вучняў, шчасця і радасці. Няхай працоўны стаж яе дасягне адметкі 50.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны Стычынскай



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *