За супрацьпраўнымі ўчынкамі падлеткаў нярэдка стаяць бацькоўская безадказнасць і адсутнасць даверу ў сем’ях

Грамадства

Разважаць над тым, чаму людзі становяцца злачынцамі, можна доўга. Зразумела адно: такімі яны не нараджаюцца. Свой уплыў, хутчэй за ўсё, робяць умовы, у якіх чалавек выхоўваецца, сацыяльнае асяроддзе, пэўныя жыццёвыя абставіны. А пачынаецца ўсё з “нязначнага”: увядзе-нне ў падман, недавер, замкнёнасць, сумніўныя кампаніі, першая чарка спіртнога, агрэсія… Сігналы аб тым, што з падлеткам штосьці не так, могуць быць самыя розныя. Галоўнае – іх своечасова заўважыць і дапамагчы. Але далёка не ўсе бацькі гатовы прызнаць, што іх сістэма выхавання “дала збой”. Ёсць і такія, хто ўласныя абавязкі перакладвае на іншых, шукае вінаватых, знаходзіць апраўданні супрацьпраўнаму ўчынку дзіцяці, распісваецца ў сваім бяссіллі. А да чаго гэта прыводзіць, можна ўбачыць на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх, дзе разглядаюцца адміністрацыйныя пратаколы і матэрыялы ў дачыненні да юных парушальнікаў закону і іх бацькоў.

Трывогу, дарэчы, выклікае той факт, што ў раёне назіраецца рост крымінальна каральных дзеянняў, учыненых непаўналетнімі, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адказнасці. На гэта пайшлі вучні Брагінскай, Мікуліцкай і Камарынскай сярэдніх школ. Як вынік – з’явілася чорная пляма ў біяграфіі, падстава для пастаноўкі на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх, занясення інфармацыі ў агульнарэспубліканскую базу даных аб злачынствах і правапарушэннях. Усё гэта будзе карэкціраваць далейшыя жыццёвыя планы. Напрыклад, пры выбары прафесійнага шляху ці службе ў арміі. Кожны падлетак павінен разумець, што любое супрацьпраўнае дзеянне нясе за сабой толькі негатыўныя наступствы. Таму так важна яшчэ ў дзяцінстве сфарміраваць светапогляд, заснаваны на павазе да закону.

І вельмі хочацца верыць, што парады, наказы, тлумачэнні членаў камісіі, звернутыя да трох хлапчукоў і іх бацькоў, выкліканых на пасяджэнне, не застануцца проста словамі, пустым гукам. Цяпер за паводзінамі юных “герояў” наладжаны самы пільны кантроль, з імі будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Але ў першую чаргу зацікаўленасць у папярэджанні падобнага ў далейшым павінны праяўляць бацькі. Здзіўляе, што часам яны нават не ведаюць, дзе знаходзяцца і чым займаюцца іх дзеці, з кім праводзяць вольны час, адкуль у іх бяруцца грошы. У сем’ях няма атмасферы даверу і ўзаемаразумення. Вось і атрымліваецца: каб “натхніць”, падштурхнуць падлетка да супрацьпраўных учынкаў, дастаткова проста не цікавіцца яго справамі, паслабіць кантроль за паводзінамі, стварыць дэфіцыт звычайнай увагі, адкрытых размоў.

А часам, як паказвае практыка, бацькі ўскладваюць клопат пра сваіх дзяцей на бабуль і дзядуль, іншых сваякоў і на гэтым самазаспакойваюцца. Не заўсёды ў курсе, як там складваюцца справы і што ў планах. У адным з такіх выпадкаў 16-гадовы падлетак з дазволу родных, у якіх гасцяваў, накіраваўся ў абласны цэнтр, а маці пра гэта ніхто не паведаміў. Затое менавіта ёй давялося тлумачыць камісіі, чаму так атрымалася: сын у Гомелі здзейсніў дробнае хуліганства.

Аб недастатковым бацькоўскім кантролі за дзецьмі сведчаць і іншыя факты. Напрыклад, іх затрыманні за знаходжанне ў позні час на вуліцы без суправаджэння дарослых, ужыванне спіртных напояў ці з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. І калі вы лічыце, што “частуюцца” алкаголем выключна хлопчыкі, – гэта памылковая думка. Сёлета непрыемную афарбоўку сітуацыі надалі “заслугі” не адной дзяўчынкі. Павялічылася таксама колькасць правапарушэнняў па лініі ДАІ. Адна з прычын – жаданне падлеткаў пакатацца на скутарах ці іншых транспартных сродках без права на іх кіраванне.

Разам з тым нярэдка і самі дарослыя: уладальнікі аўтамабіляў, дарагіх мабільных тэлефонаў і іншай маёмасці, кіраўнікі арганізацый ствараюць умовы для здзяйснення злачынстваў, не клапоцяцца пра захаванасць сваіх матэрыяльных каштоўнасцей. Не замкнёныя ўваходныя дзверы, адсутнасць шкла ў акне, пакінуты без прыгляду і даступны для пранікнення транспартны сродак… Усё гэта правакуе зламысніка ці нявопытнага, бяздумнага хлапчука на крымінал.

Па якой дарозе ў будучым пойдзе сённяшні падлетак, ці не пакалечыць рызыкоўнымі ўчынкамі жыццё, у большай ступені залежыць ад людзей, якія яго выхоўваюць. А задача спецыялістаў – дапамагчы бацькам і дзецям убачыць праблему, аказаць падтрымку ў яе вырашэнні. Выйсце з любой сітуацыі, якая вядзе да бездані, адно: узяцца за розум і не паўтараць памылак.

Валентина БЕЛЬЧЕНКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *