23 лістапада Брагіншчына будзе святкаваць чарговую гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства Наша гісторыя

Я не люблю ні кніг, ні фільмаў пра вайну. Чаму? Тэма балючая, цяжкая – кранае за жывое. Але ўсё роўна не маю права, не магу пакінуць яе па-за ўвагай: чытаю, слухаю, гляджу, пішу… Бо разумею: колькі б ні мінула часу, такога забываць нельга. Ні пра жудасныя, ні пра гераічныя падзеі, каб не затуманьвалася слава подзвігу нашага народа. Каб ведаць, якую цану за спакой на роднай зямлі заплаціла старэйшае пакаленне.

Так пачыналася…

Вестка аб тым, што фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, была перададзена ў Брагін і Камарын па тэлефоне з абласнога камітэта партыі. У той жа дзень, 22 чэрвеня 1941 года, мясцовыя жыхары слухалі па радыё выступленне намесніка старшыні СНК, наркама замежных спраў краіны Вячаслава Молатава, які абвясціў аб пачатку Вялікай Айчыннай.

З першых гадзін вайны дзейнасць раённых партыйных і савецкіх органаў была падпарадкавана мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў на абарону краіны ад фашысцкага нашэсця. У Брагіне і Камарыне фарміраваліся маршавыя батальёны і каманды прызыўнікоў, якія адпраўляліся на зборныя пункты Курскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей. У сціслыя тэрміны ў дзеючую армію было накіравана больш за дзевяць тысяч грамадзян прызыўнога ўзросту.

А мірнае насельніцтва тым часам выратоўвала народнае дабро, каб яно на дасталася акупантам. Перад створанымі ў Брагінскім і Камарынскім раёнах надзвычайнымі камісіямі стаяла задача арганізаваць эвакуацыю ў глыбокі савецкі тыл матэрыяльных каштоўнасцей. У выніку поўнасцю вывезлі абсталяванне Малейкаўскага і Іёлчанскага крухмальных заводаў, мясцовых прамарцеляў, сотні трактароў, шмат сыравіны, гатовай прамысловай і харчовай прадукцыі. З абодвух раёнаў паспелі перагнаць на ўсход асноўную масу буйной рагатай жывёлы, коней, авечак і інш. А артылерыйская кананада 23 жніўня ўжо грымела дзесьці за Хойнікамі…

Выцесніць і знішчыць

“Калі мы хочам стварыць нашу вялікую нямецкую імперыю, мы павінны перш за ўсё выцесніць і знішчыць славянскія народы – расіян, палякаў, чэхаў, славакаў, балгар, украінцаў, беларусаў. Няма ніякіх прычын не зрабіць гэтага”, – заяўляў ашалелы Гітлер. І яго маніякальная заява легла ў аснову палітыкі фашысцкага рэйха на акупіраваных тэрыторыях, у тым ліку Брагінскага і Камарынскага раёнаў, якія тады ўваходзілі ў генеральную акругу “Жытомір” рэйхскамісарыята “Украіна”.

Аб тым, якой бязмежнай была ўлада над жыхарамі, што панавала ў акупіраваных вёсках, сведчыць распараджэнне ярунскага гебітскамісара Жытомірскай генеральнай акругі ад 29 красавіка 1942 года: “За непаслушэнства старасту, галаве абшчыннай гаспадаркі і брыгадзірам, за нявыхад на работу і нядбайныя адносіны да работы кожны паліцай мае права на першы выпадак на месцы адсцябаць вінаватага бізуном. Калі ж хто-небудзь не падпарадкаваўся другі раз, то трэба паведаміць мне, і я дазволю павесіць вінаватага”.

Забойствы і расстрэлы непакорлівых, карныя аперацыі супраць партызан, знішчэнне мірнага насельніцтва ў ходзе дзікунскага эксперымента пад назвай “стварэнне арыйскай расы гаспадароў”… Не паддаецца разуменню жорсткасць, бязлітаснасць, варварства фанатычных вылюдкаў.

Аб тым, якім зверствам падвяргалі акупанты яўрэйскае насельніцтва, расказалі адразу пасля вызвалення раёна яго жыхары – у пісьме, што было змешчана ў франтавой газеце “За Родину”.

“…Когда к нам в местечко прибыл так называемый “чёрный отряд”, состоявший из эсэсовцев и финнов, в здание и во двор школы согнали 517 еврейских семей, оцепили школу пулемётами, а затем начали дикую, ни с чем не сравнимую расправу. Вначале расстреливали мужчин. Их выводили группами и по одному к речке и убивали выстрелами в затылок.

За мужчинами наступила очередь женщин и детей. Их расстреливали группами, в большую яму сталкивали одновременно десятки невинных жертв, а затем расстреливали из автоматов, забрасывали гранатами. Когда засыпали эти ямы, слышны были крики ещё живых людей. Грудных детей убивали на руках матерей, подбрасывали их вверх и расстреливали на лету, омертвляли головой о землю…

Товариш боец! Таких преступлений ещё не знал мир. Запомни их и отомсти за каждую каплю невинно пролитой крови”.

У сучасным свеце, калі ваенныя канфлікты ў розных месцах планеты працягваюцца, сведчанні аб злачынствах нацыстаў гучаць як перасцярога: няхай ніколі такія жахі не паўтараюцца.

Вогненны адбітак

За перыяд часовай акупацыі ў Брагінскім і Камарынскім раёнах гітлераўцы спалілі або разбурылі ўсе грамадскія сацыяльна-культурныя будынкі, гаспадарчыя пабудовы 132 калгасаў, 2 саўгасаў, дзясяткаў прадпрыемстваў і арганізацый, 98 клубаў, 4 бібліятэкі, 96 школ, дзясяткі магазінаў, 32 бальніцы, урачэбныя ўчасткі і фельчарска-акушэрскія пункты. Амаль поўнасцю былі спалены вёскі Малажынскага, Выграбнаслабадскога, Асарэвіцкага,

Крукаўскага, Новаіёлчанскага сельсаветаў. Усяго ў агні загінула 47 населеных пунктаў. З іх тры так і не адрадзіліся пасля вайны.

Адной з самых пацярпелых галін сельскагаспадарчай вытворчасці аказалася жывёлагадоўля. Усё пагалоўе ў грамадскіх гаспадарках было эвакуіравана або знішчана. Пазбавілася кароў большасць насельніцтва. На пачатак 1944 года калгасы і саўгасы мелі буйной рагатай жывёлы толькі адну трэць ад даваеннай яе колькасці, коней – 39, свіней – 11 працэнтаў.

Пасяўныя плошчы ў раёнах скараціліся на 36 працэнтаў.
Фашысцкія вылюдкі знішчылі ў абодвух тагачасных раёнах больш як 3,5 тыс. мірных грамадзян. Каля 3000 жыхароў у прымусовым парадку былі вывезены на катаржныя работы ў Германію ці ў акупіраваныя ёю краіны Еўропы.

Пакаленню вызваліцеляў – паклон

Нават самыя жорсткія рэпрэсіі і суровы акупацыйны рэжым не маглі зламаць волю савецкіх людзей, іх веру ў перамогу над фашызмам. Ужо з восені 1941-га ў Брагіне, Савічах, Нежыхаве, Асарэвічах і некаторых іншых населеных пунктах пачалі дзейнічаць падпольныя партыйна-камсамольскія, антыфашысцка-патрыятычныя арганізацыі і групы, іх сувязныя. Задачамі арганізаваных на Брагіншчыне партызанскіх атрадаў імя Катоўскага і імя Варашылава было не дапусціць стварэння немцамі ў вёсках паліцэйскіх груп ці знішчэнне ўжо існуючых, пашкоджанне ліній сувязі, падрыў мастоў, папярэджанне вывазу акупантамі нарабаванага ў мірнага насельніцтва, вядзенне палітычнай прапаганды і агітацыі сярод жыхароў і інш.

Восенню 1943-га, падчас баёў за Днепр, народныя мсціўцы ўсяляк дапамагалі наступленню Чырвонай Арміі. Менавіта тут, на нашай зямлі, быў зроблены першы крок на вялікім шляху да вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 23 верасня сорак трэцяга скінуў аковы акупацыі Камарын, тады яшчэ раённы цэнтр, а праз два месяцы, 23 лістапада, свабодна ўздыхнула ўся Брагіншчына.

За подзвігі, праяўленыя пры выгнанні з тэрыторыі роднага краю ворага, званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 396 салдатам, сяржантам і афіцэрам Чырвонай Арміі, тысячы воінаў адзначаны ордэнамі і медалямі. Больш за 3,5 тысячы доблесных сыноў Айчыны загінулі ў небывалай па сваім напружанні дняпроўскай бітве.

 

Пройдуць гады, дзесяці-годдзі, але нашчадкі будуць ведаць і памятаць кожнага, хто ўнёс важкі ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Хто аддаў дзеля міру і спакою на зямлі самае дарагое – сваё жыццё і хто вярнуўся дамоў пераможцам, залечваў свае франтавыя раны, аддаваў сілы і здольнасці аднаўленню народнай гаспадаркі, гадаваў дзяцей… Ад гэтых імёнаў многія будуць адлічваць сваю радаслоўную і павядуць яе далей, працягваючы добрыя традыцыі папярэднікаў і ўслаўляючы родны край новымі поспехамі, дасягненнямі, здабыткамі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *