Кадры АПК: маладым – жыллё і льготныя крэдыты

Главное Сельское хозяйство

Станіслаў Філон заняты пастаноўкай тэхнікі на захоўванне.

Сёлета ў гаспадаркі нашага раёна прыехала 11 выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных  сельскагаспадарчых навучальных устаноў. Чатыры з іх папоўнілі армію спецыялістаў ААТ “Імя Жукава”, два  –  “Брагінка” і столькі ж – “Пераможнік”, “Камарынскі”. У “Чамярыскі” накіраваны інжынер па ахове працы (закончыў сельгасакадэмію) Павел Садоўнічы.

Што прыемна, сярод маладых спецыялістаў ёсць ураджэнцы нашага раёна. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Пераможнік” нас чакала сустрэча з тэхнікам-механікам Станіславам Філонам, які атрымаў веды па спецыяльнасці ў Палескім аграрна-тэхнічным каледжы. Пачуўшы знаёмае прозвішча, беспамылкова вызначылі: юнак з Малажына, прадстаўнік дынастыі Філонаў. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна   Дзегцярэнка ўзгадала  яго бабулю Тамару Тарасаўну, якая ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю “Малажынскага”, арганізоўвала для вяскоўцаў цікавыя мерапрыемствы, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Бацька і дзядзька Станіслава працуюць тут вадзіцелямі і зараз.

А ў “Пераможнік” наш зямляк прыйшоў у красавіку, так што за гэты час паспеў асвойтацца ў калектыве. Палявыя работы ў асноўным закончаны, і ў гэтыя дні малады спецыяліст разам са сваім памочнікам заняты пастаноўкай тэхнікі на зімовае захоўванне.

Карына Ермакова (родам з Холмеча) пасля Гомельскага каледжа атрымала ў “Пераможніку” пасаду бухгалтара. Можна сказаць, што ёй пашанцавала. Па-першае, тут вопытныя калегі, якія ахвотна дзеляцца з ёю ведамі і ўводзяць у курс спраў. Па-другое, галоўны бухгалтар Валерыя Салахава аказвае ўсялякую падтрымку і дапамогу ў вырашэнні бытавых праблем. Па-трэцяе, усведамленне таго, што ты запатрабаваны, усяляе веру ў свае сілы.

Валерыя Салахава і Карына Ермакова.

Валерыя Салахава ў гэтым сельгаспрадпрыемстве – з 10 лютага 2020 года. Сёлета ёй выдзелілі кватэру ў Брагіне. Карына таксама мае права на жыллё, пабудаванае за сродкі, якія выдзяляюцца на ліквідацыю паследкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, але ж ёй давядзецца крыху пачакаць.

А вось Сяргей Куцэнка – з жыллём. Аднапакаёўка ў райцэнтры дасталася яму ўтульная і светлая. У мінулым годзе ён з дыпломам выпускніка сельгасакадэміі вярнуўся ў наш раён і быў накіраваны ў “Пераможнік” інжынерам па ахове працы.

Сяргей Куцэнка.

Як і іншыя маладыя спецыялісты, на першым працоўным месцы атрымаў стыпендыю, даплату. Яна будзе налічвацца да асноўнага заробка штомесячна на працягу двух гадоў у суме 80 рублёў. Сяргей выкарыстаў магчымасць атрымаць льготны крэдыт на набыццё мэблі і бытавой тэхнікі. Кажа, што гэтых грошай яму хапіла, каб купіць усё неабходнае.

І ў гаспадарцы, і ў раёне ацанілі дзелавыя якасці інжынера. На думку Валянціны Рыгораўны, яго вызначаюць пачуццё адказнасці за даручаную справу, павагі да суразмоўцы, кампетэнтнасць. Ён занепакоены, каб жывёлаводы і механізатары “Пераможніка” былі забяспечаны спецвопраткай (за ёй ездзіў у сталіцу), абуткам, сродкамі аховы. Сяргей Куцэнка ў свой час атрымаў мэтавае накіраванне на вучобу, таму ў “Пераможніку” будзе працаваць як мінімум пяць гадоў. Добра, што ў нас ёсць такія кадры.

У сваю чаргу дзяржава робіць нямала, каб маладыя спецыялісты папаўнялі сельгаспрадпрыемствы АПК, рэалізоўвалі сябе ў прафесіі і прадаўжалі лепшыя традыцыі папярэднікаў. Яны сумленна працавалі, развівалі галіну і славіліся дынастыямі.

А мы заўсёды радуемся, калі ўраджэнцы Брагіншчыны пасля вучобы вяртаюцца на малую радзіму. Тут іх заўсёды чакаюць.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *