Калі краіна была вялікая: ідэі Вялікага Кастрычніка актуальны і сёння

Главное Грамадства

Мінула больш за сто гадоў, а 7 лістапада ў нашым календары па-ранейшаму застаецца чырвонай датай. І гэта адно з яскравых пацвярджэнняў: памяці ў чалавека адабраць нельга. Як і настальгіі па камсамольскім юнацтве, святочных калонах дэманстрантаў з пунсовымі сцягамі і транспарантамі, ушанаванні перадавікоў з трыбуны… Сёння, вядома, усё менш пафасна і больш сціпла. Час змяніў погляды на тыя падзеі, унёс супярэчнасці ў іх асэнсаванне. Але не варта забываць, што менавіта тады, на золку новага ладу, выхоўваліся мужныя, працалюбівыя, мудрыя і моцныя духам пакаленні. Гэта яны стварылі вялікую краіну пад назвай СССР, з вялікім энтузіязмам увасаблялі ў жыццё мару аб усеагульнай роўнасці, дабрабыце. А потым, у суровых саракавых, сталі ў такім жа адзіным парыве на абарону Радзімы. І перамаглі. Значыць, без Кастрычніка 1917-га не было б і Мая 1945-га.

Відаць, застаецца гэтая дата святочнай яшчэ і таму, што не губляюць сваёй значнасці зацверджаныя Кастрычнікам ідэалы міру, свабоды, справядлівасці, гуманізму. У імя іх людзі ішлі на подзвіг. Усведамленне сваёй прыналежнасці да лёсу краіны, магчымасць быць стваральнікам, гаспадаром – усё натхняла на самаадданую працу, выклікала энтузіязм і давала высокія вытворчыя вынікі. Менавіта з гэтым перыядам у гісторыі звязана фарміраванне такіх важнейшых рыс народа, як патрыятызм і любоў да Айчыны. Таму ёсць добрая нагода прасачыць, што адбывалася ў паслярэвалюцыйны перыяд у нас, на Брагіншчыне.

Далоў непісьменнасць!

Паводле перапісу 1922 года, 90 працэнтаў сялян Брагіншчыны не ўмелі ні чытаць, ні пісаць. Таму навучанне грамаце з першых крокаў савецкай улады стала яе ўдарным участкам работы. Перапіс 1926-га ўжо сведчыць: узровень пісьменнасці вясковага насельніцтва ў раёне дасягнуў 45,2 працэнта. З 1927-га па 1938 год агульная колькасць школ павялічылася з 63 да 98, вучняў – з 5200 да 13 700, настаўнікаў – з 330 да 786.

За поспехі ў павышэнні якасці ведаў навучэнцаў, паляпшэнні выхаваўчай работы Камарынскаму раёну ў 1940 годзе быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг Наркамата асветы БССР. Тады, дарэчы, на Брагіншчыне ў яе цяперашніх межах дзейнічалі 103 агульнаадукацыйныя школы (без уліку школ рабочай і сельскай моладзі), у тым ліку 8 сярэдніх, 33 сямігадовыя і 62 пачатковыя.

З маладым запалам

Галоўным асяродкам саюзнай і масава-палітычнай дзейнасці моладзі былі вясковыя хаты-чытальні і бібліятэкі, клубы пралетарскай культуры. На работу ў іх камсамольскія ячэйкі накіроўвалі найбольш пісьменных і ініцыятыўных. Такія ж нярэдка займалі пасады старшыняў і сакратароў сельскіх Саветаў, актыўна праяўляючы сябе ва ўмацаванні мясцовых органаў улады.

Калі калгасы і саўгасы пачалі атрымліваць на ўзбраенне трактары і іншыя складаныя сельгасмашыны, паўстала пытанне аб падрыхтоўцы меха-нізатарскіх атрадаў. У 1934-м і затым у 1936 гадах рашэннямі Брагінскага і Камарынскага райкамаў камсамола на курсы трактарыстаў была накіравана вялікая група моладзі, у тым ліку 30 дзяўчат. З часткі гэтай групы пазней сфарміравалі жаночую трактарную брыгаду.

Многія мясцовыя камсамольцы самааддана працавалі на ўзвядзенні Камсамольска-на-Амуры, Днепрагэса, Кузбаса, Магніткі, заводаў сельскагаспадарчых машын і г.д.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у 30-я гады з’яўлялася ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. Прычым асаблівая ўвага ўдзялялася яе дапрызыў-най падрыхтоўцы. Служба ў радах Чырвонай Арміі была самым ганаровым і пачэсным грамадзянскім абавязкам. У гэтым дапамагае пераканацца змешчаная ў Камарынскай раённай газеце “Калгасны сцяг” заметка, аўтарам якой з’яўляецца Кірыл Мазураў. На той момант – член пярвічнай камсамольскай арганізацыі Камарынскага райвыканкама, а ў далейшым – вядомы партыйны і дзяржаўны дзеяч.

“На мяне, прынятага сёлета ў Чырвоную Армію, лажыцца абавязак абараняць сваю радзіму, – пісаў Кірыл Трафімавіч. – Штодзённай сістэматычнай вучобай па аўладанню вайсковай тэхнікай, усебаковай фізічнай падрыхтоўкай я даб’юся таго, што буду лепшым байцом. І калі фашысцкія псы захочуць напасці на нашу вялікую радзіму, я выканаю свой ганаровы абавязак грамадзяніна СССР, са зброяй у руках стану ў першыя рады і, калі гэта спатрэбіцца, аддам сваё лепшае – жыццё ў імя вялікай радзімы…”

Далейшы лёс юнака пацвердзіў глыбокую вернасць дадзенай ім клятве камсамольца-чырвонаармейца.
У перадваенныя гады ажыццяўляўся адбор юнакоў у ваенныя лётныя вучылішчы. Праводзіліся спаборніцтвы па праграме Усесаюзных дзён савецкага стралка, па здачы норм на значкі “Варашылаўскі стралок”, “Гатоў да працы і санітарнай абароны”, ваенізаваныя паходы і гульні. Наладжвалася шэфства камсамольскіх арганізацый над воінскімі часцямі.

Медыцынская дапамога

На пачатку ХХ стагоддзя ў шасці валасцях Камарыншчыны і Брагіншчыны працавалі ўсяго шэсць медыцынскіх работнікаў. У Іёлчанскай, напрыклад, дапамогу хворым аказвалі адзін фельчар і акушэрка. Прычым на платнай аснове, таму далёка не ўсе, асабліва беднякі, маглі ёю карыстацца.

На нізкім узроўні вялася тады і прафілактычная работа. У прыватнасці, у 1910 годзе прышчэпкі супраць воспы былі зроблены не больш чым палове нованароджаных. Сяляне часта пакутавалі ад малярыі, тыфу, каросты, дыфтэрыі, воспы. Асноўная прычына інфекцыйных захворванняў – нізкая санітарна-бытавая культура.
Сітуацыя стала паляпшацца ў паслярэвалюцыйны час. Ужо ў 1918 годзе на Камарыншчыне адкрылі першую бальніцу на 16 ложкаў, а ў Брагіне – адрамантавалі, пашырыўшы месцы.

Машынізацыя

У 1927–1928 гадах на Брагіншчыне з’явіліся першыя трактары – у саўгасе “Астрагляды”, сельгасарцелях “Надзея”, “Новы свет” і інш. У 1930-м былі створаны Брагінская і Камарынская машынна-трактарныя станцыі. Праз тры гады першая абслугоўвала 92 калгасы, другая – сорак. За гэты час сумарная магутнасць трактарнага парка ў абодвух раёнах узрасла больш чым удвая.

 

Іншымі словамі, рэвалюцыя валодала вялікай стваральнай сілай. Дзякуючы ёй беларускі народ набыў сваю дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, захаваў і ўзбагаціў нацыянальную культуру. На новы ўзровень узняліся многія галіны народнай гаспадаркі. Энергія Кастрычніка натхняла і на перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, і на пакарэнне космасу, і на працоўныя здзяйсненні. Беларусь набыла больш за тысячу Герояў Савецкага Саюза і

Сацыялістычнай працы, якія маглі з’явіцца толькі пры савецкай уладзе. А колькі пісьменнікаў, вучоных і спартсменаў, артыстаў і мастакоў даў наш народ!..

Многія ідэі Вялікага Кастрычніка знайшлі сваё адлюстраванне і ў сучаснай Беларусі. Захаваны бясплатныя медыцына і адукацыя, вырашаюцца праблемы занятасці насельніцтва, вялікая ўвага ўдзяляецца сацыяльнай абароне ветэранаў, жанчын і дзяцей. Усе даброты ствараем сваімі рукамі, розумам і талентам, упэўнена рухаемся ўласным шляхам развіцця.

Няма высокамоўных лозунгаў, заклікаў партыі – мы проста адзначаем гэты дзень у гісторыі. Свята, безумоўна, не напоўнена тым ідэалагічным сэнсам, што раней. Але народ, які не шануе, не паважае, не беражэ гісторыю, не мае будучыні. У мінулага патрэбна вучыцца, і такі ўрок – бясконцы. Гэта наўрад ці хто будзе аспрэчваць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *