Працай адзіныя. Механізаванае звяно па вырошчванні прапашных культур на чале з Іванам Сіражам стала ўзорам самаадданай высокавытворчай працы

Главное Год народнага адзінства Грамадства

Аднаўленне знішчанай і разбуранай вайной народнай гаспадаркі пачалося на Брагіншчыне адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ды поўнасцю пераключыцца на мірнае будаўніцтва мясцовыя жыхары змаглі толькі тады, калі прыйшла доўгачаканая Перамога. А падымаць з руін і папялішчаў патрэбна было многае. Так, у заняпадзе заставалася сельская гаспадарка. Але людзі імкнуліся да свядомай, самаадданай працы, тым больш – з падтрымкай дзяржавы.

Хоць да 1950 года ў абодвух раёнах (тады існаваў і Камарынскі) удалося аднавіць пасяўныя плошчы ў даваенных памерах, ураджайнасць асноўных сельгаскультур заставалася нізкай. Не ўсе гаспадаркі спраўляліся з планамі збожжанарыхтовак. Больш таго, ім часам даводзілася браць у дзяржавы насенную пазыку. Незайздросным заставалася становішча ў жывёлагадоўлі. Таму пытанні стану і далейшага развіцця сельскай гаспадаркі цікавілі ўсіх. Іх, дарэчы, абмеркаваў вераснёўскі (1953) Пленум ЦК ВКП(б).

Важным аграрна-палітычным рашэннем з’явілася адмена падаткаў, спісанне даўгоў с калгасаў, накіраванне ў галіну вялікіх фінансавых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў. Другім важным фактарам стала тое, што сельскагаспадарчая галіна папоўнілася дыпламаванымі кадрамі. Якасныя змены адбыліся і ў складзе работнікаў сярэдняга звяна, масавых прафесій. Павысіўся ўзровень механізацыі сельскагаспадарчай працы.
Як вынік – на працягу 1954–1957 гг. у абодвух раёнах павялічыліся ўраджайнасць і валавыя зборы сельгаскультур. У ліку новых кармавых і, як аказалася, даволі перспектыўных напрыканцы 50-х з’явілася кукуруза. Хоць укаранення яе ішло і не без цяжкасцей. У гэтым пераканаўся ў свой час і Іван Сіраж, звеннявы саўгаса “Астрагляды”, а ў далейшым – Герой Сацыялістычнай Працы.

Курс – на механізацыю

Нарадзіўся Іван Дзмітрыевіч 5 ліпеня 1933 года ў вёсцы Астрагляды (у 1986-м выселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС) у сям’і калгаснікаў. Дзіцям перажыў акупацыю раёна са жніўня 1941-га па лістапад 1943-га. Пасля вайны атрымаў адукацыю ў Астраглядаўскай няпоўнай сярэдняй школе. Рана пачаў працоўную дзейнасць: з 1949 года – на паляводчых работах у мясцовым саўгасе.

Пасля службы ў арміі ўладкаваўся рознарабочым на Рэчыцкі мэблевы камбінат, але з цягам часу, у 1956-м, вярнуўся ў сельскую гаспадарку. Набыў прафесію трактарыста-машыніста і застаўся на малой радзіме. Менавіта тады, у канцы 50-х, у рэспубліцы пачала прымяняцца комплексная механізацыя пры вырошчванні бульбы, цукровых буракоў і іншых прапашных культур. У саўгасе “Астрагляды” вырашылі пайсці шляхам перадавых гаспадарак і стварыць механізаваныя звёны – такі метад быў новым накірункам у арганізацыі работы на палях, дазваляў істотна павысіць культуру земляробства і збіраць стабільна высокія ўраджаі штогод.

Звеннявы

Малады рабочы Сіраж у 1957 годзе ўзначаліў адно з такіх звёнаў у саўгасе. Сам падабраў у яго склад механізатараў: найбольш вопытных і старанных. Арганізаваў зладжаную работу падначаленых і дакладнае выкананне імі агратэхнічных мерапрыемстваў. З’яўляўся для кожнага прыкладам у працы. Не толькі на асноўным участку работы, але і на нарыхтоўцы кармоў, уборцы хлеба, падвозе ўгнаенняў. Імкнучыся як мага лепш асвоіць давераную тэхніку і тэхналогію апрацоўкі зямлі, ён хутка ўвайшоў у лік лепшых механізатаў гаспадаркі. Пры нязменна высокай якасці палявых работ паспяхова выконваў зменныя заданні. Быў першым па эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў і сродкаў, якія выдзяляліся на рамонт тэхнікі. Настойліва ўдасканальваў свае навыкі ў трактарнай справе, надаваў вялікае значэнне павышэнню кваліфікацыі і таго ж дабіваўся ад падначаленых. Без адрыву ад вытворчасці атрымаў сярэднюю адукацыю.

Кукурузная кампанія

З пачаткам так званай кукурузнай кампаніі ў канцы 1950-х гадоў у “Астраглядах” пачалі вырошчваць новую для гаспадаркі кармавую культуру – маіс (ці кукурузу цукровую). Гэта была невядомая – не толькі калгасным аграномам, але і большасці беларускіх вучоных у галіне земляробства – расліна. Асаблівасці яе вырошчвання, паходжанне і гатунковасць насення, яго якасць – многае выклікала пытанні. Больш таго, культура аказалася складанай па агратэхніцы. Яе ўраджайнасць залежала ад шматлікіх пагодна-кліматычных і іншых фактараў. Патрабаваліся высокаўрадлівая ўгноеная глеба, вялікая колькасць цяпла, своечасовая сяўба ў сціслыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, пастаянны догляд, рыхленне і падкормка ў час росту. Плюс збор ураджаю спецыяльным камбайнам. Толькі пры такіх умовах расліна давала высокі выхад зялёнай масы і тым самым забяспечвала жывёлу новым, багатым відам сакавітых кармоў. Як вынік – увядзенне ў рацыён кароў кукурузнага сіласу садзейнічала павышэнню іх удойнасці.

Важкі ўклад у кармавую базу

З пачаткам сёмай (пашыранай: 1959–1965) пяцігодкі на вырошчванне новай культуры было пераведзена звяно на чале з Іванам Сіражам. Механізатары актыўна заняліся самаадукацыяй: у вольны час чыталі спецыяльную літаратуру, цікавіліся перадавым вопытам вядомых кукурузаводаў краіны.

У 1964 годзе яны занялі кукурузай 302 гектары і атрымалі з кожнага па 500 цэнтнераў зялёнай масы. Добрае веданне агратэхнікі вырошчвання расліны, высокі ўзровень механізацыі вытворчых працэсаў і мэтанакіраванасць дазволілі звяну дасягнуць стабільна высокіх паказчыкаў. І тым самым унесці важкі ўклад у стварэнне надзейнай кармавой базы для грамадскага статка.
Высокі гонар

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 года за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, шэрсці і іншай прадукцыі Івану Сіражу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы.

У перыяд новых пяцігодак яго звяно працягвала паказваць узоры самаадданай высокавытворчай працы на вырошчванні такіх прапашных культур, як зерневыя, бульба, кармавыя буракі. Механізатараў вылучалі пастаянны пошук і паспяховае прымяненне новых метадаў і прыёмаў апрацоўкі зямлі, настойлівасць у дасягненні пастаўленай мэты, укараненне перадавой агратэхнікі. Беражліва, па-гаспадарску яны карысталіся сельгасмашынамі, добрасумленна іх рамантавалі і рыхтавалі да выхаду ў поле. Сістэматычна перавыконвалі норму выпрацоўкі на трактар, забяспечвалі скарочаныя тэрміны ўборачнай кампаніі пры выдатнай якасці работы.

У саўгасе “Астрагляды” Іван Дзмітрыевіч працаваў механізатарам да яго ліквідацыі ў 1986 годзе ў выніку чарнобыльскай катастрофы.

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР у 1970–1974 гг. Неаднаразова – дэпутатам раённага і сельскага Саветаў. Узнагароджаны ордэнам Леніна, медалямі. Заслужаны механізатар рэспублікі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *