Вадзіцель ААТ “Чамярыскі” Рыгор Малочка – сярод лідараў жніва–2021. Яго будуць віншаваць на абласных дажынках

Важное Сельское хозяйство

Мабыць, ніхто з прадстаўнікоў нашага раёна не ўдзельнічаў у рэспубліканскіх фестывалях-кірмашах “Дажынкі” столькі разоў, колькі вадзіцель ААТ “Чамярыскі” Рыгор Малочка. Па яго дыпломах і Ганаровых граматах можна прасачыць геаграфію свята.

У 2008-м у Оршы і ў 2009-м у Кобрыне наш зямляк уздымаўся на другую прыступку хлебаробскай славы, у 2010-м у Лідзе яго ўшаноўвалі як пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад камбайнаў. На наступны год у Маладзечне Рыгор Рыгоравіч прымаў віншаванні за перавезеныя тоны і ганаровае другое месца, у 2012-м у Горках і 2013-м у Жлобіне – за першае месца. Як, дарэчы, і ў 2020-м у Мазыры.

І сёлета на абласных дажынках вадзіцель нашага раёна – сярод лідараў жніва–2021. Ён па праву заняў першае месца. Ад душы віншуем і ганарымся! На сваім “газоне” Рыгор Малочка спаборнічаў нараўне з тымі, хто працаваў на МАЗах. Шафёр 1-га класа, ён пастаянна пацвярджае сваё майстэрства, з аднолькавым стараннем выконвае любую работу. Яго ГАЗ-53 можна сустрэць на восеньскім кірмашы ў Брагіне, куды ён дастаўляе зерне, на вясковых дарогах, калі развозіць муку па фермах, імчыць у далёкія і блізкія рэйсы за неабходнымі таварамі.

Родам Рыгор Рыгоравіч з Просмыч, у ААТ “Чамярыскі” працуе з 2000-га. На выбар прафесіі ў нейкай ступені паўплываў родны брат бацькі – Мікалай Малочка. Ад яго пляменнік пераняў не толькі любоў да тэхнікі, але і навучыўся беражліва яе эксплуатаваць, адчуваць работу матора. Не адзін кіламетр праехаў у кабіне з дзядзькам, бачыў, як Мікалай Кірылавіч адносіцца да работы, як яго паважаюць людзі, якім аўтарытэтам карыстаецца сярод аднавяскоўцаў. Захацелася і самому стаць такім. У нечым ён ужо пераўзышоў блізкага чалавека.

Новы ГАЗ-53 Рыгор Малочка атрымаў у 2012 годзе. Ведаючы яго дзелавыя якасці свайго работніка, дырэктар гаспадаркі, калі пераязджаў у другую вобласць, прапаноўваў змяніць месца жыхарства і першакласнаму вадзіцелю. Той не згадзіўся і застаўся ў родных мясцінах. Што дапамагае яму столькі гадоў быць у ліку лепшых, займаць калі не першае, дык другое месца? Грунтоўны адказ на гэтае пытанне дала заслужаны работнік ААТ “Чамярыскі” Святлана ШАЎЧЭНКА:

– Рыгор Малочка любіць працаваць. Ён ніколі не адмаўляецца ад выканання задання, не шукае прычыну, каб не паехаць у рэйс. Інтарэсы калектыву, гаспадаркі ставіць вышэй асабістых. Дысцыплінаваны, мэтанакіраваны, не дзеліць работу на прэстыжную і непрэстыжную, не спасылаецца на занятасць і стан здароўя, калі неабходна даставіць грузы, запчасткі, паехаць за межы гаспадаркі. А што датычыць жніва, то роўных яму на хлебных палях мала. Ёсць выдатныя ва- дзіцелі, але ж у іх няма такога стаўлення да агульнага, грамадскага, як у Рыгора Малочкі. Дырэкцыя і спецыялісты гэта цэняць, і калі неабходна перавезці збожжа на зернеток адной-дзвюма машынамі (больш не патрабуецца), даручаюць гэтую справу вопытнаму вадзіцелю і каму-небудзь з яго калег. Зробяць хутка і якасна.

Хацелася б адзначыць і яго чалавечыя якасці: дабрыню, спагадлівасць, ветлівасць. У калектыве карыстаецца аўтарытэтам. Чамярысцы ведаюць, як Рыгор Малочка працуе і якой цаной дастаецца яму гэтае першынство.

Жадаем, каб так было і ў далейшым, каб і ў наступным годзе наш зямляк быў у ліку пераможцаў, праслаўляў родную гаспадарку і Брагіншчыну.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *