3 снежня – Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Генеральная Асамблея ААН абвясціла Міжнародны дзень інвалідаў 3 снежня 1992 года. Указам Прэзідэнта Беларусі гэты дзень аб’яўлены ў нашай краіне Днём інвалідаў Рэспублікі Беларусь.

Сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі нямала мэта-накіраваных, творчых асоб, якія многага дасягнулі ў жыцці і разумеюць яго каштоўнасць. Звярнуць увагу чалавецтва на іх праблемы, аказаць падтрымку, зрабіць так, каб не адчувалі сябе адзінокімі, забытымі, ведалі, што пра іх памятаюць, і прызваны гэты дзень. Згодна з законам “Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь” яны валодаюць усімі палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і асабістымі правамі і свабодамі, замацаванымі ў Канстытуцыі краіны і іншых заканадаўчых актах.

І ўсё ж галоўнае – прадаставіць ім роўныя магчымасці для ўдзелу ў грамадскім жыцці, стварыць умовы для сацыялізацыі. На гэта і накіравана дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Унутры будынка, а таксама на прылягаючай тэрыторыі ёсць пандусы і поручні для бяспечнага руху. Наведваюць утульны і цёплы дом 22 чалавекі з абмежаванымі магчымасцямі. Для іх тут створаны розныя гурткі. Заняткі знаходзяць і тыя, хто любіць шыць, вышываць, вязаць, і тыя, хто аддае перавагу рабоце з прыроднымі матэрыяламі, бісерам. Не сумуюць аматары спорту, агароднікі, умельцы ствараць сувенірную прадукцыю. Навыкі, атрыманыя на занятках у гуртках і працоўных майстэрнях, прымяняюцца ў паўсядзённым жыцці.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічаюць у рэгіянальных фестывалях, спартыўных спаборніцтвах. Па выніках міжрэгіянальнага дыстанцыйнага творчага конкурсу “Мы выбираем ЗОЖ” каманда “Крепкие орешки” адзначана дыпломам 1-й ступені. А ўсяго ў капілцы ўзнагарод бягучага года – тры дыпломы, дзве граматы і два лісты з падзякай.

Два гады таму калектыў аддзялення ўзначаліла Вольга Мендзелева, якая імкнецца будаваць работу па-новаму, з улікам атрыманых ва ўніверсітэце ведаў. Цесныя сувязі ўстаноўлены з кіраўніком фонда “Эка-Інавацыя” Аленай Малочка.

Працоўная тэрапія праходзіла ў рамках праекта “Інклюзіўная зялёная эканоміка”. Наведвальнікі аддзялення збіралі ўраджай чорных парэчак, удзельнічалі ў трэнінгу “Навучанне фермерству”.

Працягваецца адукацыйная праграма ініцыятывы “ПрынтМайстар”. Слухачы курса “Паліграфія” пазнаёміліся з дзейнасцю інклюзіўнага прадпрыемства, якое ствараецца, новым абсталяваннем. Два дні трэнінгаў па курсе “Рамесныя тэхнікі» ў рамках ініцыятывы “Інклюзіўнае сацыяльнае прадпрыемства “ПрынтМайстар” дазволілі інвалідам, дзецям-сіротам засвоіць навыкі вырабу сувенірнай прадукцыі і эка-ўпакоўкі, паштовак у тэхніцы скрапбукінга. А перад гэтым трэнер Наталля Мендзелева навучыла іх шыць экасумкі-шоперы, людзі з абмежаванымі магчымасцямі даведаліся, як зрабіць першы крок да бізнесу і зарэгістраваць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Для наведвальнікаў аддзялення арганізоўваюцца цікавыя сустрэчы, праходзяць розныя мерапрыемствы, дабрачынныя акцыі. Дапамогу ў іх падрыхтоўцы аказваюць раённыя арганізацыі: рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, і Беларускага саюза жанчын, работнікі раённага дома культуры.

Сёння “асаблівыя” людзі маюць патрэбу не столькі ў кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, колькі ў сацыяльнай адаптацыі. Яны хочуць працаваць, быць актыўнымі, ствараць кап’ютарныя праграмы, удзельнічаць у фестывалях, конкурсах, прыносіць карысць грамадству, сваім сем’ям. Наша задача – ствараць для гэтага паўнацэнныя ўмовы.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *