Абмяркоўваем праект Канстытуцыі. Аляксандр Цярэшчанка: падтрымаць матэрыяльна вёску і пенсіянераў

Важное Референдум-2022

Аляксандр Цярэшчанка, пенсіянер:

Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які жадае ёй толькі працвітання і дабра, хочу падзяліцца сваімі ўраджаннямі ад законатворчага працэсу па змяненні і дапаўненні Канстытуцыі РБ. Я не юрыст, не палітолаг, а звычайны вясковы пенсіянер, таму як разумею, так і буду выказваць свае меркаванні.

Для мяне Канстытуцыя – гэта своеасаблівая карта жыцця. Галоўная яе рыса – справядлівасць, яна абароніць, а калі патрэбна, і пакарае (артыкулы 58-62). Важнымі лічу артыкулы 32 і 32 прым, якія рэгулююць сямейныя адносіны і адказнасць дзяржавы і сям’і за выхаванне дзяцей і моладзі. У артыкуле 32 гаворыцца аб грубых адносінах і знявазе бацькоў да дзяцей. Недапушчальныя такія адносіны дзяцей да бацькоў. Прапаную канстытуцыйна замацаваць і крымінальную адказнасць за такія супрацьпраўныя дзеянні. Цесна звязаны з гэтымі артыкуламі і перспектывы вёскі будучыні. Мне здаецца, мы не на належным узроўні рыхтуем дзяцей да грамадска-карыснай працы, прывіваем любоў да зямлі, не вучым працаваць на ёй. Я разумею, што ўсё звязана з заробкамі і цяжкасцю сельска-гаспадарчай працы. Вось і хочам, каб нашы дзеці сталі медыкамі, праграмістамі,  а не ветурачамі,  інжынерамі ў калгасах. Бацькі не хочуць, каб іх дзеці працавалі даяркамі і механізатарамі, гэта значыць засталіся жыць і працаваць у вёсцы. Дадайце сюды і сацкультбыт. А ў маленькіх школах на Брагіншчыне таленавітыя дзеткі, якія і спяваюць, і танцуюць, і малююць, і пішуць вершы. Вось поле дзеяння сям’і, школы і грамадства. Дзяржава павінна гарантаваць дастойныя заробкі, добрыя ўмовы для жыцця, працы і адпачынку на вёсцы, тады, я ўпэўнены, будуць працаваць школы праз 20-30 гадоў у Бурках, Хракавічах, Вуглах і іншых вёсках раёна. Вёска будзе і павінна жыць, а інакш хто будзе араць, сеяць, жаць, даіць кароў: – Можа, робаты?

Не магу не ўпамянуць артыкул 47 Праекта Канстытуцыі, які гарантуе права грамадзяніну на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце. Прапаную замацаваць — Канстытуцыйна мінімальную пенсію па ўзросце, а таксама сацыяльную не ніжэй, чым мінімальная зарплата. Напрыклад, у студзені яна будзе 457 руб. Не зможа ўжо наймальнік заплаціць менш за 457 руб., а чым горш за працуючага пастух, які ў дождж з навальніцай, спякоту ў гумавых ботах пасвіў кароў за 400 руб. А даярка, якая ў 4 гадзіны ўжо на працы, а ў 23 гадзіны яшчэ на працы і без выхадных. На розных фермах розныя заробкі, якія залежаць ад колькасці і якасці кармоў, ад прадуктыўнасці статка, ад зладжанай працы спецыялістаў гаспадаркі. А пенсія цесна звязана з зарплатай, вось чаму яна не павінна быць ніжэй за мінімальны месячны заробак.

Важным і актуальным на даны момант лічу артыкул 54. З пачуццём гонару за Беларусь, за нашы гімн і сцяг, за гераічнае мінулае народа, за яго памяркоўнасць і працавітасць прымаю да сэрца гэты артыкул, а таксама Указ №1 Прэзідэнта аб абвяшчэнні 2022 года Годам гістарычнай памяці. Памяць павінна жыць вечна, тады будуць вечна жыць нашы продкі, спадчына, мова, традыцыі, культура, самабытнасць нашага народа. Зараз галоўная задача захінуць моладзь ад бруду інтэрнэта, зацікавіць вучобай, грамадска-карыснай працай, вырасціць адукаванага патрыёта, выхаванага на ідэях міру і згоды, гуманізму і міласэрнасці, любові да роднага краю, мовы, спадчыны. Гэта ўсё магчыма пры зладжанай сумеснай рабоце сям’і, школы і грамадства.

У раёне праходзіць акцыя “Дарогамі спаленых вёсак”. Гэта практычнае адлюстраванне Артыкула 54 Праекта Канстытуцыі, праграмы Урада па патрыятычным выхаванні насельніцтва, Указа №1 Прэзідэнта.

Землякі, зробім усё, каб гераічная брагінская зямля квітнела пад мірным небам у стагоддзях. Падтрымаем маральна і матэрыяльна акцыю.

Рэквізіты для пералічэння: Брагінская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, р/р BY92 ВАРВ 3015 4309 8001 3000 0000, ААТ «Белаграпрамбанк», код банка ВАРВВY2Х, УНП 400423610, назначэнне плацяжу: збор сродкаў на мадэрнізацыю воінскага пахавання.

Даўно была вайна,

А мне здаецца, учора.

Шмат прынесла яна

Здзекаў, пакутаў, гора.

Вайна…Гінулі салдаты,

Мірныя жыхары таксама.

Спаленыя вясковыя хаты

На сэрцы незагоеная рана.

Памяць у агне не гарыць,

Памяць не можа загінуць,

Сэрца трывожна баліць,

Смутку ніколі не згінуць.

Аляксандр Цярэшчанка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *