Дарогамі спаленых вёсак. Гарэлі хаты з крыжыкамі. Гарэлі людзі…

80 гадоў вызвалення Беларусі Грамадства

Як сведчыць кніга “Памяць: Брагінскі раён”, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Вельямоў (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС) пражывала 180 чалавек і налічвалася 46 гаспадарак. Са жніўня 1941-га да 22 лістапада 1943-га яна знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх фашыстаў, якія і тут устанавілі крывавы “новы парадак”, рэалізоўвалі свае злачынныя планы.

Былы жыхар гэтай вёскі А.М. Старахатні, які зведаў ліхалецце падлеткам, узгадваў час, калі гітлераўцы і іх памагатыя асабліва лютавалі. Яны зрывалі злосць на мірным насельніцтве за паражэнні на франтах, за партызанскія налёты на паліцэйскія ўправы і гарнізоны. Было гэта летам 1943-га.

– …Бяжым з Апанасам і бачым, што з парога нашай хаты махае рукой мая маці і гукае:

– Апанас! Хадзі сюды, не бяжы ў свой двор!

Маці расказала, што ў нашу адсутнасць немцы выгналі вяскоўцаў з хат і паставілі каля Калузькавых бярозаў, пад прыцэлам кулямётаў. Стаялі так, пакуль не з’явіўся нейкі нямецкі чын і не пачаў штосьці чытаць з паперкі. Перакладчык загадаў усім ісці на свае селішчы. А немцы і паліцэйскія пайшлі па вуліцы, робячы меткі крыжыкамі на некаторых варотах. Потым з тых двароў забралі ўсіх жыхароў і сагналі ў двор Грыцка. Апанас выскачыў з нашага двара і забег у сваю хату. Дарэчы, ён тады ацалеў.

Немцы пасадзілі вяскоўцаў з Грыцковага двара ў крыты грузавік і некуды павезлі. Мы думалі, што ў Піркі.

Запаліўшы хаты з крыжыкамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі тушыць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўбачылі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках вяскоўцы пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.
Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі. Пазней запрасілі папа, паставілі пры дарозе на ўскраіне вёскі крыж. Каля яго разаслалі палатно і справілі памінкі…

З акта аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх саўдзельнікаў у в. Вельямоў:
17 снежня 1944 г.

15-га жніўня 1943 года гітлераўцы сагналі ў адзін дом в. Вельямоў, што знаходзіўся на ўсходняй ускраіне, ні ў чым не павінных грамадзян – 22 чалавекі, з іх мужчын – 3, жанчын – 16, малалетніх дзяцей: хлопчыкаў – 2, дзяўчынак – 1. Падпалілі гэты дом і спалілі ў ім жывых людзей, якія там знаходзіліся.

Напрыканцы 60-х гадоў каля месца пахавання спаленых вельямоўцаў быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, на якой пералічаны прозвішчы ахвяраў фашысцкага тэрору.

 

Рэквізіты для пералічэння сродкаў на мадэрнізацыю пахавання ахвяр вайны ў Брагіне па вул. Пясочнай: Брагінская раённая арга-нізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, р/р BY92 ВАРВ 3015 4309 8001 3000 0000, ААТ «Белаграпрамбанк», код банка ВАРВВY2Х, УНП 400423610, назначэнне плацяжу: збор сродкаў на мадэрнізацыю воінскага пахавання.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *