Дарогамі спаленых вёсак. У маі 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі Вярховую Слабаду і загубілі 29 яе жыхароў

80 гадоў вызвалення Беларусі Год гістарычнай памяці Грамадства Наша гісторыя

Мы – з пакалення, якому выпала вялікае шчасце жыць у міры, не зведаць жахаў і пакут вайны. Але ад адной думкі, колькі яна абарвала жыццяў, паслала на смерць людзей, знішчыла мар і спадзяванняў, які крывавы след пакінула ў гісторыі народа, хала- дзее ўнутры. Як і ад таго, што адбывалася гэта не дзесьці там далёка, а на нашай беларускай, у тым ліку і брагінскай зямлі. Ведаць праўду пра вайну, захоўваць яе, перадаваць наступным пакаленням – наш святы абавязак. Праклён фашызму, любым злачынствам супраць чалавецтва – вечны.

Глыбока сімвалічна, што менавіта ў Год гістарычнай памяці на тэрыторыі раёна праводзіцца патрыятычная акцыя “Дарогамі спаленых вёсак”, якая ставіць на мэце сабраць сродкі на мадэрнізацыю воінскага пахавання ахвяр вайны, размешчанага ў Брагіне па вуліцы Пясочнай. Там знайшлі вечны спакой 8000 мірных жыхароў, якія былі закатаваны, расстраляны і спалены нацыстамі ў 1941–1943 гг. У нашым раёне, згодна з апошнімі ўдакладненымі данымі, фашысты знішчылі 71 населены пункт.

Как паказаць трагічныя лёсы гэтых вёсак і іх жыхароў, не паддаць забыццю сваё мінулае, мы пачынаем цыкл публікацый, у аснове якіх – гістарычныя факты, дакументальная хроніка і ўспаміны сведкаў тых жудасных падзей. Перагорнем разам старонкі выдання “Памяць: Брагінскі раён”.

Знішчалі разам з жыхарамі

У верасні 1941 года ў Брагіне пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва. Першы ўдар адчулі на сабе яўрэйскія сем’і і партыйна-савецкі актыў. У прыватнасці, па загаду шэфа жандармерыі Вільгельма Фрыдрыха 27 лістапада 1941-га было ліквідавана створанае ў двары тагачанскай беларускай школы яўрэйскае гета. Больш за 600 яго вязняў, у тым ліку дзяцей, расстралялі або закапалі жывымі ў дзвюх вялікіх ямах у раёне цяперашняй вуліцы Набярэжнай.

Не менш цяжкімі і страшнымі былі для мясцовых жыхароў восень – пачатак зімы 1942 года. Калі акупанты актывізавалі рэпрэсіўную дзейнасць пасля няўдалых карных акцый супраць партызанскіх атрадаў імя Катоўскага, імя Чапаева, іншых фарміраванняў з Чарнігаўскага злучэння, якія дзейнічалі ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці на тэрыторыі Камарыншчыны. Па даносах здраднікаў, а часта і пры іх непасрэдным удзеле гітлераўцамі праводзіліся крывавыя акцыі: расстрэлы, спаленні людзей жывымі, забойствы дзяцей, як гэта было ў вёсках Бярозкі, Вельямоў, Кірава, Лубенікі, Мікулічы, Савічы і інш.

Менавіта за смелыя пар-тызанскія дзеянні нямецка-фашысцкія акупанты зрывалі злосць на мірным насельніцтве. Мясцовасці, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны выпаленай зямлі. Праводзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызанскіх атрадаў, асабліва вясной, летам і восенню 1943 года, гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з іх жыхара- мі.

“Уцякайма, дзеці. Усіх не заб’юць!”

Паводле існуючых звестак, у вёсцы Вярховая Слабада напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны пражывала 265 чалавек і налічвалася 65 гаспадарак. У маі 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі яе і загубілі 29 жыхароў.

З успамінаў М.Ц. Назаравай, жыхаркі в. Вярховая Слабада (адселена ў сувязі з аварыяй на ЧАЭС):

– Дажджлівым лістападаўскім ранкам 1941 года гіт-лераўцы пад дуламі аўтаматаў вывелі з хат семярых камуністаў нашай вёскі Вярховая Слабада і павезлі ў Брагін. Сярод іх быў і мой дзядзька Рыгор Васільевіч Літаш. Але яму цудам удалося ўцячы па дарозе, уратавацца. З параненай нагой, ён на трэці дзень адшукаў у лесе партызан. Дзядзьку прызначылі памочнікам камандзіра гаспадарчага ўзвода.

Разам з дзядзькам у лесе была яго сям’я – жонка і шасцёра дзяцей. Старэйшыя дочкі – Ніна і Марыя – ноччу часта хадзілі па прадукты. Мая маці, Кацярына Савельеўна, пякла хлеб і праз надзейных людзей перадавала партызанам. Часта яны начавалі ў нашым доме, атрымлівалі звесткі пра ворага.

Другі мой дзядзька – Лаўрэнцій – працаваў па заданні партызан у нямецкім гарнізоне, які размяшчаўся ў райцэнтры. Правакатар выдаў яго. Жорстка пакаралі за гэта ўсю сям’ю – жонку Надзею і васьмімесячную дачку. Іх забілі ў Брагіне.

Неўзабаве карнікі даведаліся, што наша сям’я падтрымлівае сувязь з партызанамі. За домам устанавілі назіранне. Аднойчы да нас ішоў з лесу па прадукты дзядзька Рыгор. Але ён своечасова заўважыў варожую засаду і ўцёк. Тады ў хату ўварваліся немцы. Яны моцна збілі маці, выкінулі яе на снег. Доўга дапытвалі адзінаццацігадовага брата Грышу, але ён нічога не сказаў. Стаяў на сваім: “Не ведаю ніякіх партызан”.

Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты… Жыхароў зганялі ў хаты, хлявы і спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: “Уцякайма, дзеці. Усіх не заб’юць!” Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *