Рамонт дарогі, вываз смецця і адсутнасць дзіцячай пляцоўкі – жыхары Хракавіч сустрэліся з прадстаўнікамі мясцовай улады, каб абмеркаваць набалелыя пытанні

Грамадства Официально

Данііл Аляксандравіч і Ніна Канстанцінаўна запэўнілі, што асфальтавае пакрыццё будзе адрамантавана згодна з планам.

Месцам выязнога прыёму грамадзян стала амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Тут начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Данііл Сіманенка, загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ніна Кавалёк і старшыня Чамярыскага сельскага Савета Матвей Гладкі планавалі наперш выслухаць людзей, якія накіравалі скаргу ў вышэйстаячую арганізацыю.

Пад тэкстам, у якім сцвярджаецца, што асфальтавае пакрыццё па вуліцы Механізатараў у ямах і выбоінах, а падчас дажджу дарога пераўтвараецца ў адну вялізную лужыну, падпісаліся больш за 30 чалавек. І вяскоўцаў можна зразумець: праехаць па такой вуліцы і не нанесці шкоду аўтамабілю проста немагчыма. Вядома, непрыемна рухацца па гразі і пешшу, асабліва, калі ідзеш на працу ці ў школу. Толькі справа ў тым, што ліст са скаргай быў накіраваны ў Адміністрацыю Прэзідэнта ўжо ПАСЛЯ ТАГО, як Гомельаблдарбуд прыняў рашэнне ўключыць рамонт асфальтавага пакрыцця па вуліцы Механізатараў у праграму дарожных работ на 2022 год. І яшчэ ў снежні ўсё было ўзгоднена з Брагінскім райвыканкамам. Жыхары Хракавіч гэтага не ведалі, бо не звярнуліся са сваёй праблемай да мясцовай улады. Палічылі, што ў сталіцы іх лепш пачуюць. Між тым усе звароты ў высокія інстанцыі вырашаюцца на малой радзіме. Так атрымалася і на гэты раз.

– У лісце сказана, што вяскоўцы неаднаразова звярталіся да мясцовай улады, але іх просьбы не дасягнулі станоўчага выніку. Гэта сцвярджэнне не адпавядае рэчаіснасці, паколькі я як загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян фіксую ўсе звароты, як пісьмовыя, так і вусныя, – адзначыла Ніна Кавалёк. – Сваё пытанне жыхары Хракавіч маглі агучыць як на выязных прыёмах, якія прадстаўнікі райвыканкама праводзяць рэгулярна, так і падчас прамых ліній. Намеснікі старшыні, напрыклад, на сувязі з грамадзянамі кожную суботу з 9.00 да 12.00. На тое, каб вырашыць праблему і адказаць на зварот, даецца 15 дзён. Калі чалавек не згодны з вынікам, ён, вядома, мае права абскардзіць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Ніна Канстанцінаўна падрабязна растлумачыла вяскоўцам парадак разгляду зваротаў. І, каб у далейшым пазбегнуць няёмкіх сітуацый, параіла аб надзённых праблемах паведамляць найперш старшыні сельвыканкама ці ў райвыканкам. Улады гатовыя да размовы і заўсёды дадуць абгрунтаваны адказ на любое пытанне. Вырашыць праблему аператыўна і на месцы – у іх інтарэсах.

Данііл Сіманенка запэўніў прысутных, што вуліца Механізатараў будзе адрамантавана вясной, грашовыя сродкі на гэта ўжо выдзелены. А Матвей Гладкі адзначыў: у планах – паставіць тут новую агароджу.

Старшыня Чамярыскага сельсавета Матвей Гладкі настроены на канструктыўны дыялог з вяскоўцамі.

Узнялі жыхары Хракавіч і пытанне наконт вывазу смецця. Кантэйнеры усталяваны, але праблема заключаецца ў тым, што іх апустошваюць раз у два тыдні. За гэты час ёмістасць запаўняецца да краёў, і мяшкі з адыходамі расцягваюць сабакі. Як выйсце з сітуацыі, вяскоўцам прапанавалі выносіць смецце да кантэйнера непасрэдна ў дзень, калі па яго прыязджае аўтамабіль камунальнай службы.

Не хапае на вуліцы Механізатараў і гульнявой пляцоўкі для дзяцей. Для вырашэння гэтага пытання бацькам патрэбна звярнуцца ў мясцовы сельсавет. А, магчыма, і самім прыкласці некаторыя намаганні: аб’яднацца ў пошуках спонсара ці самастойна змайстраваць для сваіх сыночкаў і дачушак горкі і арэлі.

Адна з ініцыятараў звароту Вольга Ефрасініна задаволена вынікам сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады.

Належная ўвага падчас сустрэчы была ўдзелена і рэспубліканскаму рэферэндуму, які пройдзе 27 лютага. Абмеркаванне праекта новай Канстытуцыі працягваецца, і ў прызначаны дзень вяскоўцы таксама зробяць свой выбар.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *