У Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з пісьменнікам Рыгорам Андрэяўцом

Важное Грамадства

Сустрэча з пісьменнікам, лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Баяна і прэміі “Лучшие перья России” Рыгорам Андрэяўцом адбылася ў Брагінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Яго творчасць добра знаёма жыхарам раёна. Па словах дырэктара ўстановы Галіны Карпенкі, асаблівым попытам карыстаецца аповесць “Капітан Франц”, заснаваная на рэальных фактах з жыцця галоўнага героя. Многія глядзелі фільм Фёдара Бандарчука “Дзявятая рота”, але не ўсе ведаюць, што прататыпам безыменнага капітана-разведчыка стаў капітан Франц Клінцэвіч, беларус, ураджэнец Ашмяншчыны.

У чытальнай зале бібліятэкі на кніжнай паліцы стаіць кніга Рыгора Андрэяўца “Код Скарыны”, а дакументальная аповесць “Идущий на грозу” зараз на руках. Яе чытаюць.

На гэты раз пісьменнік і публіцыст прэзентаваў апошні свой твор, гістарычнае эсэ “Конец атамана”. Яна нядаўна выйшла з друку. Часавая прастора, ахопленая аўтарам, шырокая. Пачынаючы з даўніх часоў, калі ахвотныя правіць на беларускіх землях не проста заваёўвалі іх, але і вучылі, як трэба жыць. Хоць зыходным момантам з’яўляюцца гады Грамадзянскай вайны. Апісваюцца тут і падзеі, якія адбываліся на Брагіншчыне. Таленавіты празаік адкрывае малавядомую старонку генацыду супраць беларускага народа, расказвае пра забойства віцебскіх дзяцей. З 22 тысяч у жывых засталося толькі 1920. Ён падараваў два экземпляры гэтай кнігі раённай бібліятэцы. Так што магчымасць пазнаёміцца з яго творам, над якім Рыгор Андрэявец працаваў доўгія гады, у брагінчан ёсць.

Пісьменнік наведаўся ў наш раён не адзін. Разам з ім быў ураджэнец Сабалёў, дырэктар РДУП “Праектны інстытут “Гомельгіпразем” Міхаіл Асіпенка і старшыня прафсаюзнага камітэта Таццяна Баброва. Яны пабывалі на месцы воінскага пахавання ахвяр вайны, якое знаходзіцца ў Брагіне па вуліцы Пясочнай, і ўсклалі кветкі да помніка.

 

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *