Абітурыент-2022: жадаючым паступіць ва ўстановы адукацыі МУС неабходна да 15 красавіка звярнуцца ў Брагінскі РАУС з адпаведнай заявай

Грамадства Территория закона

У прафесію – па закліку сэрца

Пра Дзмітрыя Бальшакова мы ўжо пісалі на старонках нашай газеты. Юнак вучыцца на чацвёртым курсе Акадэміі МУС і сёлета пачне свой працоўны шлях у раённым аддзеле ўнутраных спраў. Мэтанакіраваны і адказны малады чалавек мае не толькі поспехі ў вучобе, але і лісты з падзякай ад кіраўніцтва навучальнай установы за праяўленую грамадзянскую адказнасць.

Тое, што Дзмітрый прыйшоў у прафесію па закліку сэрца, гавораць яго ўчынкі. Юнак ніколі не праходзіць міма чужой бяды, заўсёды імкнецца дапамагчы. Неабыякавасць – адна з рыс яго характрару, дзякуючы якой у жніўні мінулага года было прадухілена злачынства. Курсант, калі ішоў з акадэміі ў інтэрнат, заўважыў на паркоўцы двух мужчын, што гучна высвятлялі адносіны. Прычым адзін з дэбашыраў размахваў перад апанентам пісталетам, пагражаў выстраліць. Зброя – траўматычная, але ад гэтага сітуацыя не была менш небяспечнай. Можна толькі ўявіць, чым завяршылася б гэтая нецвярозая разборка, калі б Дзмітрый своечасова не патэлефанаваў на нумар 102.

Праз некалькі дзён начальнік Акадэміі МУС Аляксандр Васільеў уручыў курсанту ліст з падзякай. Дарэчы, кіраўнік навучальнай установы раней узначальваў упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама і з гонарам адзначыў, што адважны ўчынак здзейсніў ураджэнец Гомельшчыны.

Яшчэ адзін выпадак, калі юнаку спатрэбіліся навыкі, атрыманыя ў акадэміі, здарыўся на аўтобусным прыпынку. Літаральна на вачах адбылося ДТЗ: аўтамабіль збіў жанчыну, якая чакала транспарт. Дзмітрый разам з таварышам кінуліся да пацярпелай і да прыезду медыкаў аказалі ёй першую дапамогу.

– Вядома, прыемна было пачуць словы падзякі ў адрас будучага калегі, – гаворыць старшы інспектар групы кадраў РАУС Таццяна ЕФІМЕНКА. – Значыць, курсант Бальшакоў не памыліўся ў выбары прафесіі. А мы задаволены, што своечасова разгледзелі ў юнаку патэнцыял, дапамаглі вызначыцца з жыццёвым накірункам. Упэўнена, што ён не падвядзе і падчас сваёй службовай дзейнасці.

Атрымаць гэтую складаную, але вельмі патрэбную прафесію, якая надае людзям упэўненасці ў сваёй бяспецы, можна ў Акадэміі МУС і Магілёўскім інстытуце МУС. Дзмітрый паступаў у 2018 годзе. Паспяхова прайшоў медыцынскае абследаванне і псіхалагічнае тэсціраванне, здаў нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы (бег на 100 і 1000 метраў і падцягванне). ЦТ праходзіў па грамадазнаўстве, рускай і англійскай мовах.

Парадак прыёму абітурыентаў з таго часу не змяніўся. Таму, калі вы сёлета заканчваеце школу ці гімназію і жадаеце працягнуць вучобу ва ўстановах адукацыі МУС, неабходна звярнуцца ў раённы аддзел унутраных спраў да 15 красавіка і падаць адпаведную заяву на імя начальніка. У групе па кадрах вам не толькі раскажуць, якія неабходна падрыхтаваць дакументы, але і будуць дапамагаць падчас усяго перыяду паступлення.

Акадэмія МУС і Магілёўскі інстытут МУС – гэта якасная сучасная адукацыя, насычанае і цікавае курсанцкае жыццё, поўнае дзяржаўнае забеспячэнне і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Вольга ПАЛЯШЧУК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *