Аператыўная зводка па Брагінскім раёне з 7 па 13 лютага

Грамадства Территория закона

Як расказалі ў штабе раённага аддзела ўнутраных спраў, на мінулым тыдні па лініі 102 у РАУС паступіла 29 паведамленняў.

Раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаны дзве крымінальныя справы. 7 лютага – у дачыненні да жыхара Камарына, які яшчэ 26 лістапада скраў мабільны тэлефон “Nokia 3”. Пацярпеламу прычынена шкода ў памеры 100 рублёў. 10 лютага ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 212 КК у дачыненні да невядомага, які падчас тэлефоннай размовы з жыхаркай Брагіна прадставіўся супрацоўнікам ААТ “Белаграпрамбанк”, атрымаў доступ да персанальных даных яе плацёжнай карткі і скраў 770 рублёў.

8 лютага супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС сумесна з калегамі з абласнога ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС выявілі факт незаконнага захоўвання непрацуючым грамадзянінам М. 2660 кілаграмаў лому і адыходаў чорнага металу і 111 кілаграмаў каляровага металу. Пачаты адміністрацыйны працэс па ч. 2 арт. 13.3 КаАП.

11 лютага ўчастковым інспектарам міліцыі выяўлены 70 літраў мутнай вадкасці з пахам самагоннай брагі ў жыхара Камарына. Вадкасць канфіскавана і накіравана на экспертызу. Пачаты адміністрацыйны працэс.

Усяго супрацоўнікамі міліцыі складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў. У тым ліку два – за распіццё спіртнога або знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы (арт. 19.3).

За парушэнне правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнуты 60 чалавек, 16 з якіх – веласіпедысты і пешаходы.

8 лютага каля Краснага быў спынены “Mercedes”. За рулём знаходзіўся грамадзянін І. з прыкметамі алкагольнага ап’янення. З мэтай выяўлення ступені ап’янення мужчыну накіравалі ў Брагінскую ЦРБ для медыцынскага агляду. Аўтамабіль дастаўлены на ахоўную стаянку. 11 лютага ў Камарыне затрыманы непрацуючы грамадзянін П., які ў нецвярозым стане сеў за руль мапеда. Канцэнтрацыя этылавага спірту ў выдыханым паветры склала 1,5 % праміле.

Праведзены два абследаванні вулічна-дарожнай сеткі. КЖУП “Брагінскае” вынесена прадпісанне.

Падрыхтавала Вольга ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *