23 сакавіка – Сусветны дзень метэаралогіі. Надвор’е нельга адмяніць, але яго патрэбна ўлічваць

Грамадства

Капрызнае і пераменлівае, няўстойлівае і непрадказальнае – з надвор’ем сапраўды не засумуеш. Яно то ў спакоі і непарушнасці, а то, наадварот, злуецца ды нервуе. Вось і атрымліваецца, што недзе замест класічных мінусаў зімой – настойлівыя плюсы, традыцыйнай цеплыні і сонечных дзён – снегапады ды маразы. Паспрабуй, разбярыся, што робіцца ў прыродзе. Змены ў ёй адбываюцца па сваіх, яшчэ да канца не зведаных людзьмі законах. Таму работа тых, хто з’яўляецца своеасаблівымі пасрэднікамі паміж небам і зямлёй, ніколі не бывае аднастайнай і манатоннай.

У нашым раёне назіранні за надвор’ем ажыццяўляе нешматлікі калектыў Брагінскай метэастанцыі на чале з Валянцінай Малочкай. Тэмпература і вільготнасць паветра, накірунак ветру, згушчэнне хмар, ападкі, туман – нішто не павінна прайсці міма ўвагі гэтых спецыялістаў. А штодзённыя зняцці паказчыкаў з прыбораў, розныя вымярэнні, разлікі, аналіз і апрацоўка інфармацыі патрабуюць не толькі адпаведных ведаў і вопыту, але і надзвычайнай уважлівасці, сабранасці і аналітычнага складу розуму. Дзякуючы гэтаму можна з дакладнасцю даведацца, наколькі супярэчлівым і капрызным быў у апошні час нораў прыроды. Прасочым.

Летні перыяд, як прыкмячае Валянціна Мікалаеўна, характарызаваўся розным надвор’ем: ад цёплага да вельмі цёплага ці гарачага. 23–25 чэрвеня і 15 ліпеня назіралася небяспечная гідраметэаралагічная з’ява – вельмі моцная спёка. Тэмпературны максімум у гэтыя дні дасягаў да 35,1–36,4 градуса. Самая вялікая колькасць ападкаў выпала ў трэцяй дэкадзе жніўня: 95,1 мм, ці 475,5% кліматычнай нормы.

Сярэдняя тэмпература восені склала плюс 7,2, што адпавядае належнай. Але ніжэй за норму (на 1,4 градуса) яна назіралася ў верасні, вышэй (на 2,5 градуса) – у лістападзе. Самым шчодрым на ападкі, якія на працягу сезона выпадалі нераўнамерна, быў верасень: 82 мм, ці 146,4% кліматычнай нормы. А вось у кастрычніку і лістападзе назіралася толькі 0,1 і 15,9 мм, ці 0,7 і 37,9% адпаведна.

У межах кліматычнай нормы была сярэдняя тэмпература паветра першага зімовага месяца: мінус 2,6. Хаця на працягу дэкад яна вар’іравалася: у першай – блізкая да нормы, у другой – на 5,1 градуса вышэй за яе, а ў трэцяй – на 3,6 градуса ніжэй. За месяц выпала 38,5 мм, ці 110% ападкаў – у выглядзе снегу, у тым ліку мокрага, і дажджу.

Устойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз нуль у бок паніжэння адбыўся чацвёртага снежня, што сведчыла: настала кліматычная зіма. Пазней, дарэчы, звычайных тэрмінаў на два тыдні. І менавіта ў гэты ж дзень надвор’е паспрыяла ўсталяванню снежнага покрыва. У далейшым на працягу зімы яно то часткова разбурвалася, то зноў ахінала зямлю. Максімальная вышыня яго за сезон дасягнула васьмі сантыметраў.

Ад вясны, вядома, усе мы з нецярплівасцю чакаем цяпла і хутчэйшага абуджэння прыроды. Калі?.. Пытанне не да метэаролагаў, а да сіноптыкаў. Задача першых – назіраць за з’явамі прыроды, вывучаць іх і аналізаваць, а другіх – складаць на аснове атрыманых даных прагнозы.

Разам з Валянцінай Мікалаеўнай на гэтай ніве працуюць яе падначаленыя: тэхнікі-метэаролагі Мікалай Малочка і Іна Сушчанка. Дзейнасць, здаецца, непрыкметная. Але яе вынікамі рэгулярна карыстаюцца не толькі радавыя грама-дзяне, але і органы ўлады, прадстаўнікі міліцыі, падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, камунальнай гаспадаркі і многіх іншых структур. Значнасць і важнасць такой работы відавочная. А дата 23 сакавіка, калі адзначаецца Сусветны дзень метэаралогіі, – добрая нагода адрасаваць прадстаўнікам такой рэдкай, але цікавай прафесіі шчырую падзяку за працу. Са святам вас, паважаныя! І няхай кожны новы дзень радуе прыемнымі падзеямі, выніковымі справамі, цеплынёй і ўвагай родных і блізкіх.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *