Яшчэ адна трагічная, вогненная старонка Вялікай Айчыннай, жудасны лёс нашых землякоў… Ахвярамі фашысцкага тэрору сталі жыхары вёскі Чыкалавічы, якая ў 1943-м, як і многія іншыя населеныя пункты раёна, была ахоплена агнём. Нямецкія карнікі, паводле існуючых звестак, знішчылі 190 двароў з 215-ці – менавіта столькі налічвалася напярэдадні вайны. А яшчэ тут дзейнічаў калгас “Ленінскі шлях”, працавалі два ветраныя млыны і кузня.
З акта аб злачынствах нямецка-фашысцкіх акупантаў у в. Чыкалавічы (адселена ў 1986 г. у сувязі з аварыяй на ЧАЭС)
19 снежня 1944 г.
22 верасня 1943 года раптоўна ў вёску Чыкалавічы ўварваліся 50 грузавых аўтамашын з нямецкімі салдатамі і афіцэрамі – каля 500 чалавек. Было абстраляна з розных відаў баявой зброі мірнае насельніцтва, якое ў час абстрэлу спрабавала схавацца ў ямах і ўцячы, але вёску акружылі нямецкія жандармы, у выніку чаго было захоплена 35 дзяцей, састарэлых жыхароў і жанчын. Іх здзекліва на вуліцах і ў ямах расстралялі з кулямётаў, а пасля аблілі бензінам. Вёску спалілі з усіх канцоў.
З успамінаў В.В. Асадчага, былога жыхара в. Чыкалавічы:
– Гэта было 22 верасня 1943 года, калі пасля фарсіравання Дняпра ў раёне Ёлча – Камарын Чырвоная Армія вяла баі за расшырэнне плацдармаў у напрамку Чарнобыля. У той дзень перадавыя групы чырвонаармейцаў увайшлі ў в. Чыкалавічы, дзе сутыкнуліся з гітлераўцамі, якія спяшаліся ад Прыпяці ў в. Калыбань на дапамогу сваім часцям. Бой быў кароткі, і немцы адступілі.
Жыхары нашай вёскі выйшлі на вуліцы, з радасцю сталі вітаць сваіх вызваліцеляў. Але ў гэты час з боку Калыбані з’явілася вялікая група немцаў на машынах. І зноў пачаўся бой. Чыкалавічане кінуліся шукаць паратунку ў паграбах, ямах, хлявах. На жаль, не ўсім удалося выратавацца.
Я, тады яшчэ падлетак, і дзесяць аднавяскоўцаў забеглі за хлеў і схаваліся ў яме, у якой зімой захоўвалі насенную бульбу. Двое немцаў заўважылі нас. Адзін фрыц выхапіў з-за пояса гранату і шпурнуў у наш бок. Я інстынктыўна перахапіў яе і кінуў назад. Грымнуў выбух. На яго падбеглі яшчэ два немцы і пачалі страляць з аўтаматаў у тых, хто знаходзіўся ў яме. Потым ворагі накідалі саломы, аблілі хату і паркан бензінам і падпалілі. Па вёсцы ўжо гарэлі некалькі будынкаў.
Нямецкія кулі не закранулі мяне. Як толькі гітлераўцы выйшлі з двара, я выбраўся з-пад забітых, вылез з ямы і дабраўся да лесу, дзе знайшоў сваіх аднавяскоўцаў…
Рэквізіты для пералічэння сродкаў на мадэрнізацыю пахавання ахвяр вайны ў Брагіне па вул. Пясочнай: Брагінская раённая арга-нізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, р/р BY92 ВАРВ 3015 4309 8001 3000 0000, ААТ «Белаграпрамбанк», код банка ВАРВВY2Х, УНП 400423610, назначэнне плацяжу: збор сродкаў на мадэрнізацыю воінскага пахавання.
Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА