Год гістарычнай памяці. Беларусь ва ўсе часы была мужнай і няскоранай

Важное Год гістарычнай памяці Грамадства

Вельмі добра і пачэсна, што сёлетні год аб’яўлены ў нашай краіне Годам гістарычнай памяці. Той, хто не памятае мінулага, ужо не свядомы чалавек, з ім, як казалі раней на вайне, у разведку не пойдзеш…

Мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь балюча і горка ад таго, што ворагі нашай Айчыны, ворагі мірнага жыцця наогул імкнуцца перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай, аплявузгаць ролю савецкага народа ў перамозе над фашызмам. Мінулая вайна для нас заўсёды была святым паняццем. У многіх беларускіх сем’ях як самыя дарагія рэліквіі захоўваюцца фотаздымкі, лісты, успаміны, узнагароды франтавікоў. А некаторыя аддалі гэтыя дарагія “сляды памяці” ў музеі, каб і  іншыя ўбачылі, адчулі, перажылі… Успомнілі, што Беларусь ва ўсе часы была мужнай і няскоранай.

На жаль, ёсць сярод нас людзі, для якіх мінуўшчына, спадчына, гісторыя нацыі – пустыя гукі. Галоўнае – долары і еўра ў кішэні.  А заходнія дзядзькі і цёткі з вучонымі ступенямі імкнуцца перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны на свой лад. Забываючы самае “нязначнае”: Беларусь першай прыняла на сябе ўдары фашыскай навалы. Усім скептыкам раю наведаць музей Брэсцкай крэпасці-героя – тады адразу адпадуць сумненні. Больш таго, наконт мінулай вайны ў ХХІ стагоддзі развернуты татальны інфармацыйны тэрор. І гэта пры тым, што ветэранаў застаецца менш і менш. З якімі думкамі ім дажываць свой век, калі перамогу абліваюць брудам і памыямі, руйнуюць помнікі іх таварышам па зброі?

Проста дзікунства: краіны, якія прайгралі ў вайне, сёння імкнуцца выдаваць сябе пераможцамі. Агідна, што на выпушчаным  у ЗША юбілейным медалі, прысвечаным чарговай гадавіне завяршэння Другой сусветнай вайны, месца для сцяга СССР наогул не знайшлося.  А менавіта ён і перамог фашызм. І адбылося гэта ў многім дзякуючы савецкаму інтэрнацыяналізму, савецкаму патрыятызму. Скептыкі могуць наведаць Хатынь, іншыя мемарыяльныя месцы нашай Бацькаўшчыны, музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Больш таго, Беларусь заўсёды праяўляла клопат пра месцы захавання салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. А вось у “цывілізаванай” Еўропе помнікі руйнуюцца, руйнуецца чалавечая памяць і свядомасць. Дзеці выхоўваюцца на абыякавасці і нянавісці да іншых нацый…

Чамусьці забываецца, што Вялікая Айчынная насіла справядлівы, вызваленчы характар. Яна і атрымала такую назву, бо на барацьбу з карычневай чумой узнялася ўся Айчына. І наш святы абавязак – абараніць гістарычную памяць, абараніць праўду пра вайну для нашых нашчадкаў. Мы павінны цаніць мір, за які вельмі дорага заплацілі нашы продкі-героі.

На жаль, хлусня пра вайну вельмі хутка распаўсюджваецца дзякуючы ўсемагутнаму інтэрнэту. Я лічу, што сама фальсіфікацыя гісторыі XX стагоддзя і падтасоўка фактаў пра падзеі суровых саракавых выхоўваюць маладыя пакаленні з дэфармаванай свядомасцю. Мы ўсе разам павінны захоўваць памяць аб Вялікай Айчыннай у дзяржавах Садружнасці і супрацьдзейнічаць спробам фальсіфікацыі гісторыі. Новыя пакаленні   нярэдка не ведаюць рэальных падзей, а гэта прыводзіць да іх паўтарэння, калі  адна дзяржава аб’яўляе сябе вяршыцелем лёсаў усяго свету. І, выкарыстоўваючы фэйкавыя навіны, “дабрадзеі” пачынаюць вучыць Беларусь, як нам жыць сёння і заўтра.

Няхай лепш  сур’ёзна і скрупулёзна паглядзяць заморскія паны і паненкі, якім быў сапраўдны твар Другой сусветнай: не толькі мужчынскі, але і жаночы, дзіцячы – тады, можа, і менш захочацца фальсіфікаваць падзеі вайны, руйнаваць свядомасць сучаснікаў і нашчадкаў.

Заўважу, што  беларуская  і руская літаратура пра вайну – адна з самых багатых у свеце. Сярод нашых ваенных аўтараў ніколі не было абыякавых, бо многія зведалі лёс франтавікоў.  Можа, хоць пасля знаёмства з такой саліднай мастацкай і дакументальнай літаратурай заморскім псеўдагероям не захочацца параўноўваць  Савецкі Саюз з гітлераўскім  рэжымам. Дзікунства: нашы продкі  перамаглі фашыстаў у вайне, а сёння нашы ворагі, няхай сабе і ў інфармацыйным ключы, пачынаюць нам даказваць, якія  добрыя  нацызм, фашызм!..

Нельга ні ў якім разе забываць, што вайна стала паваротным пунктам у сусветнай гісторыі. Мы ўсе павінны захоўваць, вывучаць,  прапагандаваць матэрыяльныя і духоўныя сведчанні пра подзвіг і ахвяры беларускага народа. У імя захвання міру на планеце Зямля. “Порахам чалавека не выхаваеш”, – сцвярджаў Васіль Быкаў, аўтар многіх твораў пра Вялікую Айчынную. Перачытаем іх! І будзем памятаць!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

г. Віцебск



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *