Мінпрыроды заклікае адмовіцца ад збору і куплі першацветаў

Грамадства

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае адмовіцца ад збору і куплі першацветаў. Аб гэтым заявілі  ў прэс-службе міністэрства.

«Адной з важнейшых экалагічных праблем з’яўляецца захаванне відавой разнастайнасці раслін. Першацветы цвітуць усяго некалькі тыдняў. Асноўныя працэсы, якія забяспечваюць іх выжыванне, праходзяць пад зямлёй: у карэнні, клубнях і цыбулінах. За невялікі час раслінам патрэбна назапасіць пажыўныя рэчывы, неабходныя для наступнага года, выспяваючы і рассейваючы насенне. Зрываючы кветкі, мы не даём расліне сфарміраваць насенне для новых пакаленняў. Акрамя таго, расліна слабее і можа загінуць. У выніку непрадуманай дзейнасці чалавека могуць знікнуць многія раслінныя віды, кожны з якіх унікальны і страта яго незваротная», — расказалі ў Мінпрыроды.

У адпаведнасці з арт.24 закона «Аб раслінным свеце» забараняюцца самавольнае ўзяцце і перасадка дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, з асяроддзя, дзе яны растуць, іх незаконны абарот, а таксама іх выдаленне і ажыццяўленне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя, дзе яны растуць. За парушэнне гэтай нормы вінаватыя асобы прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з арт.16.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Першацветы — гэта невялікія расліны, якія выдзяляюцца ў групу эфемероідаў, самыя раннія кветкі, што займаюць пэўную экалагічную нішу ў прыродзе і з’яўляюцца неад’емным кампанентам прыродных біяцэнозаў (першыя меданосы, крыніцы лекавых сродкаў, захаванне цэласнасці глебавага покрыва асабліва ў перыяд пераўвільгатнення глебы).

Усе эфемероіды — шматгадовыя расліны. Пасля таго як у пачатку лета іх надземная частка засыхае, яны не гінуць — у глебе захоўваюцца жывыя падземныя органы.

БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *