Васіль Ігнаценка: аддаў жыццё за тое, каб жылі мы

Грамадства

Многія з нас, брагінчан, амаль штодня праходзяць паўз знакавае месца, дзе нават у яснае сонечнае надвор’е вее сумам і горыччу страт, смуткам чарнобыльскай трагедыі. У акружэнні алеі памяці пахаваных вёсак стаіць помнік у гонар нашага мужнага земляка, вядомага ўсяму свету ліквідатара паследкаў аварыі на ЧАЭС Васіля Ігнаценкі.

З вышыні гранітнага трох’яруснага пастамента ён, нібы праз гады, глядзіць удалечыню. І ў гэтым выразным поглядзе адчуваюцца рашучасць, смеласць, непахіснасць, разуменне значнасці выкананага абавязку. Як і ў дзень подзвігу, герой – у пажарным абмундзіраванні. Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, ён, старшы сяржант унутранай службы, камандзір аддзялення пажарнай часці №6 горада Прыпяці, у ліку першых кінуўся ў эпіцэнтр агню. Без гэтага маштаб катастрофы быў бы куды большы. Але самога ліквідатара Чарнобыль пазбавіў магчымасці стаць шчаслівым бацькам, падтрымкай і апорай самым родным людзям на схіле гадоў. Яго жыццё абарвалася ў зусім маладым узросце. Шлях быў кароткі… А колькі напісана артыкулаў, старонак кніг, знята фільмаў, у аснове якіх – лёс рэальнага чалавека. Праз полымя ён зрабіў крок у вечнасць.

Універсальны баец

Малая радзіма Васіля Ігнаценкі – вёска Спярыжжа, якой ужо няма на карце. Да трагічнага 1986-га тут бурліла жыццё. І ніхто не думаў, вядома, што некалі ў яго ўварвецца смяротная пагроза. Людзі спакойна працавалі, стваралі сем’і, выхоўвалі дзяцей, будавалі жыллё, займаліся прывычнымі гаспадарчымі справамі.

Нарадзіўся тут Васіль у сакавіку 1961 года. Пасля заканчэння Ільічскай сярэдняй школы вывучыўся на электраманцёра ў Гомелі і быў накіраваны на работу ў Бабруйск. Потым – прызыў у армію.

Служыў у Маскве, у гарнізоне пажарнай аховы. Гэта і вызначыла яго будучую прафесію. Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся на работу ў бліжэйшым горадзе – Прыпяці: ад роднай вёскі да яго – нейкіх сорак кіламетраў. Там, дарэчы, сустрэў і сваё каханне. З жонкай Людмілай жылі прама ў часці: на першым паверсе стаялі пажарныя машыны, а над ім – інтэрнат, у якім выдзялялі пакоі маладым сем’ям. Будавалі планы, марылі аб дзецях.

У калектыве Васіля Ігнаценку паважалі ўсе. На пажарах і тактычных вучэннях – смелы, рашучы, хуткі. У спорце – лідар, першаразраднік па лёгкай атлетыцы і лыжах, выдатны футбаліст і валейбаліст. Каманда яго часці, дзе быў капітанам, стала чэмпіёнам Кіеўскай вобласці па пажарна-прыкладным спорце, а сам Васіль уваходзіў у зборную каманду Украіны. Любую справу, за якую браўся, стараўся зрабіць як мага лепш.

У ліку першых

Вясной восемдзесят шостага маладыя муж і жонка ўжо ведалі: у іх сям’і хутка будзе папаўненне. Пасля чарговага дзяжурства Васіля яны планавалі паехаць у Спярыжжа – дапамагчы родным садзіць бульбу. Якраз быў атрыманы дазвол на два выхадныя. Але лёс распарадзіўся інакш: уначы 26 красавіка раздаўся пранізлівы сігнал трывогі, і ў адно імгненне асабовы састаў СВПЧ-6 заняў штатныя месцы на пажарных машынах.

Слуп агню на чацвёртым энергаблоку асвятляў усю станцыю і недалёкую паўнаводную раку Прыпяць. Баявы разлік – іх спачатку было 28 чалавек – кінуўся ў самае пекла. І першым на 70-метровую вышыню са ствалом пажарнага рукава ўзняўся камандзір аддзялення Ігнаценка, за ім – яго падначаленыя і таварышы па службе. З радыеактыўным полымем змагаліся на даху, не дазваляючы яму распаўсюдзіцца на іншыя аб’екты. Ніякіх спецыяльных сродкаў абароны. Але дарогі назад не было.

Інакш не перамаглі б

Гэта потым, пасля жорсткай сутычкі з агнём, байцы раскажуць, як Васіль Ігнаценка прабіваў шлях сяржанту Уладзіміру Цішуры, які задыхаўся ад едкага дыму. Як вынес да лесвіцы непрытомнага старшага сяржанта Мікалая Ціцянка і сяржанта Мікалая Вашчука. Сам атрымаў сур’ёзныя апёкі і моцнае апраменьванне, але дапамог таварышам па службе спусціцца з даху.

Далей – шпіталізацыя. І ўжо ў маскоўскай бальніцы бацька, Іван Тарасавіч, спытае ў сына: “Ну хіба нельга было ўберагчыся?” Васіль адкажа: “Нельга. Інакш не перамаглі б”.

Унутраны стан, пачуцці і перажыванні самых родных людзей, якія разумелі безнадзейнасць сітуацыі, але верылі і спадзяваліся да апошняга, наўрад ці атрымаецца перадаць словамі. Людміла была ўпэўнена: у такую цяжкую хвіліну яна павінна быць побач з мужам. Вырашыла ехаць за ім – насуперак усім папярэджанням і перасцярогам. Накіравалася ў Маскву разам са свёкрам. І да апошняга дня Васіля, які атрымаў 1600 рэнтген (смяротная доза – 400) знаходзілася каля яго ложка. Урачы рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць. Не змаглі… Не стала Васіля 13 мая 1986-га. А потым Людміла пахавае і сваю нованароджаную дачку. Тлумачэнне ўрача – зразумелае: дзяўчынка ўзяла на сябе высокую дозу радыяцыі, калі цяжарная жанчына, будучы на шостым месяцы, знаходзілася каля мужа. Ён выпраменьваў як рэактар.

З таго часу мінула 36 гадоў, але мы памятаем… І пра мужны паядынак з полымем, і пра тых, каго забраў ад нас Чарнобыль, хто коштам уласнага жыцця абараніў цяперашняе і будучыя пакаленні ад нябачнай стыхіі.

Памяць

Васіль Ігнаценка пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, адзнакай прэзідэнта Украіны “За мужнасць” (1996 г.), удастоены звання Героя Украіны (2006 г.). Яго імем названы вуліцы ў Брагіне, Беразіно, Мінску.

У пачатку 90-х, з камсамольскага пасылу, стартаваў праект па стварэнні помніка ў гонар нашага земляка ў райцэнтры. За выраб скульптуры ўзяўся гомельскі майстар Вячаслаў Далгоў. Аднак з-за недахопу сродкаў першапачаткова бюст Васіля Ігнаценкі быў выкананы толькі ў гіпсе. Работа на некаторы час прыпынілася. Яе аднавілі, калі да працэсу далучыўся Валерый Самцоў, прадстаўнік пажарнай службы Гомеля. Менавіта ён заняўся арганізацыйнымі пытаннямі, і з яго дапамогай быў аб’яўлены збор грашовых сродкаў.

У выніку з’явіліся тры бюсты. Адзін з іх у 1993-м, напярэдадні чарговай гадавіны чарнобыльскай трагедыі, устанавілі на плошчы Брагіна. На адкрыцці прысутнічала маці Васіля – Таццяна Пятроўна. Другі знаходзіцца ў сталіцы. А гіпсавы застаўся ў Брагінскім гістарычным музеі з карціннай галерэяй. Менавіта тут, дарэчы, Васілю Ігнаценку прысвечана частка экспазіцыі, дзякуючы якой можна прасачыць за яго жыццём, вучобай, службай у арміі, прафесійнай дзейнасцю па здымках, дакументах, асабістых рэчах, паглыбіцца ў хроніку трагічных падзей.

 

Як і ў папярэднія гады, у дзень, што нагадвае нам аб катастрофе і гераізме людзей, якія засланілі чалавецтва ад бяды, брагінчане зноў збяруцца на мітынг-рэквіем. Ушануюць памяць тых, каго забраў ад нас Чарнобыль і хто ўжо ніколі не пабачыць, як ажывае пасля трагедыі родная зямля, як прыгажэюць навакольныя гарады і вёскі.

Да помніка Васілю Ігнаценку лягуць кветкі і вянкі. І, магчыма, у кагосьці ў думках прамільгне: відаць, менавіта чалавек такой волі, стойкі, рашучы, мужны, моцны духам, мог утаймаваць чарнобыльскае полымя і тым самым выратаваць мільёны жыццяў. Час выбраў яго.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *