19 мая піянерыі спаўняецца 100 гадоў

Важное Грамадства

Шчаслівае дзяцінства ў Савецкім Саюзе. Зразумелыя задачы і мэты. Спачатку – акцябронак, потым – піянер, у далейшым – камсамолец. Праз гэтыя неад’емныя фазы сталення праходзілі мільёны савецкіх дзяцей. І, магчыма, у многіх, як і ў мяне, засталіся аб тым часе толькі светлыя, добрыя пачуцці.

Помніцца, калі яшчэ насілі на грудзях значок у выглядзе пяціканцовай зорачкі, з зайздрасцю і захапленнем пазіралі на старэйшых сяброў з чырвонымі гальштукамі. Прыём у піянеры быў не проста ўрачыстасцю, а галоўнай падзеяй у жыцці школьнікаў. Цырымонія, як правіла, праходзіла 22 красавіка, у дзень нараджэння Леніна. З хваляваннем чакалі святочную лінейку, прысягання на вернасць піянерскай справе, завязвання пунсовага гальштука, з якім хацелася потым, пасля ўрокаў, пахадзіць як мага больш – наросхрыст. Каб усе ўбачылі, што цяпер ты піянер. І з гэтага дня, кожную раніцу, галоўны атрыбут масавай дзіцячай арганізацыі быў акуратна і старанна адпрасаваны, дапаўняў школьную форму. Яго з гордасцю і задавальненнем насілі, бераглі, баяліся згубіць. А піянерскае жыццё – гэта яшчэ і цімураўскі рух, шэфства над акцябратамі і дапамога старэйшым, гульня “Зарніца”, працоўныя дэсанты, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі, вахты памяці… Паспявалі і вучыцца, і зай-мацца грамадска-карыснымі справамі, і гуляць, і моцна сябраваць. Зрэшты, сёння многія традыцыі працягваюцца і развіваюцца. Але ці ведаюць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, адкуль бярэ пачатак іх арганізацыя? Звернемся да гісторыі.

Датай заснавання піянерыі лічыцца 19 мая 1922 года. Менавіта ў гэты дзень на II Усерасійскай канферэнцыі камсамола прынялі рашэнне аб стварэнні ў маладой краіне Саветаў піянерскіх атрадаў. У кастрычніку таго ж года ўсе яны былі аб’яднаны ў піянерскую арганізацыю, якая да 1924-га насіла імя Спартака, а пазней – Леніна (пасля яго смерці).

Першыя такія атрады, дарэчы, дзейнічалі пры камсамольскіх ячэйках заводаў, фабрык, устаноў. Піянеры прымалі ўдзел у суботніках, дапамагалі ў барацьбе з безнагляднасцю, у ліквідацыі непісьменнасці. А ў пачатку 1930-х аналагічныя аб’яднанні сталі стварацца ў навучальных установах. Усесаюзная піянерская арганізацыя будавалася па прынцыпе: клас – атрад, школа – дружына. У дзіцячых калектывах разгарнулася ваенна-абаронная работа, з’явіліся гурткі юных стралкоў, санітараў, сувязістаў, праводзіліся ваенна-спартыўныя гульні.

У гады Вялікай Айчыннай вайны масавасць набыў цімураўскі рух. Піянеры дапамагалі сем’ям франтавікоў, збіралі лекавыя расліны, металалом, сродкі на танкавыя калоны, дзяжурылі ў шпіталях, працавалі на ўборцы ўраджаю. Многія, дарэчы, змагаліся з фашыстамі ў партызанскіх атрадах, праводзілі падпольную дзейнасць. А былі і такія, хто праяўляў свае лепшыя якасці ў баях. Звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены Лёня Голікаў, Валя Коцік, Зіна Партнова, Марат Казей, Барыс Царыкаў. Два апошнія – ураджэнцы Беларусі. Дзясяткі тысяч юных байцоў узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

У пасляваенны перыяд патрэбна было аднаўляць разбуранае, і вялікае значэнне мела любая дапамога. Гарадскія дзеці збіралі металалом і макулатуру, займаліся азеляненнем. Сельскім піянерскім атрадам даручалі вырошчваць дробных хатніх жывёл, напрыклад, птушак і трусоў. Многія прымалі ўдзел у зборы ўраджаю, ішлі працаваць на заводы. Усведамляючы, колькі лю-дзей загінула на вайне і колькі засталося пакалечанымі, работу выконвалі на роўных з дарослымі.

З 1955 года імёны лепшых піянераў пачалі заносіць у спецыяльную кнігу гонару. А крыху пазней у дзіцячай арганізацыі ўвялі тры ступені росту, на кожнай з якіх юным асобам уручаўся адмысловы значок. Каб дасягнуць наступнага этапу, піянер павінен быў працаваць па загадзя складзеным індывідуальным плане. А ўся піянерская работа аб’ядноўвалася ў план, разлічаны на два гады і арыентаваны на канкрэтную дапамогу дарослым у выкананні іх сямігадовага плана.

У 1962-м за поспехі ў справе сацыялістычнага выхавання падлеткаў Усесаюзная піянерская арганізацыя ўзнагароджваецца ордэнам Леніна. А ў 1972-м удастойваецца яго паўторна. Да гэтага часу яна аб’ядноўвала ў сваіх радах больш за 20 мільёнаў дзяцей.

Калі СССР не стала, спыніла сваё існаванне і структура такога маштабу. Але ў нашай краіне з верасня 1990 года яе традыцыі працягвае грамадскае аб’яднанне “БРПА”. І хаця дзеці не кіруюцца сёння запаветамі Ільіча, многія правілы і прынцыпы засталіся ранейшымі: любіць Радзіму, старанна вучыцца, быць працалюбівымі, дапамагаць блізкім. Асноўнымі накірункамі работы арганізацыі з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне юных асоб, развіццё іх творчага патэнцыялу, прапаганда здаровага ладу жыцця.

Як паведаміла дырэктар Брагінскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Наталля Шарая, раённая арганізацыя БРПА сёння налічвае 11 піянерскіх дружын у складзе 992 чалавек, 484 з якіх – акцябраты і 508 – піянеры. У кожнага ёсць магчымасць развіваць і дэманстраваць свае здольнасці і таленты, лідарскія якасці, далучацца да добрых спраў. Найбольш актыўныя і мэтанакіраваныя заяўляюць аб сабе ў акцыях і праектах, творчых і інтэлектуальных спаборніцтвах. Ёсць, дарэчы, і поспехі. Напрыклад, у конкурсах “Агеньчык запрашае сяброў” і “Піянерская гульня”: трэція месцы на абласным этапе занялі піянерскія дружыны Мікуліцкай і Брагінскай сярэдніх школ.

Шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў будзе адрасавана падрастаючаму пакаленню на ўрачыстасцях, прысвечаных 100-годдзю піянерскага руху. Ва ўстановах адукацыі пройдуць тыдні добрых спраў, лінейкі, квэст-гульні, віктарыны, піянерскія зборы… Адбудзецца і раённае свята “Піянерскі салют”, на якім у рады БРПА плануецца прыняць 24 вучні.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *