У свае сто гадоў Ганна Ігнатаўна Герашчанка з Камарына з лёгкасцю ўзнаўляе ў памяці вершы Тараса Шаўчэнкі і спявае любімыя песні

Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Заўжды побач з Ганнай Ігнатаўнай сацыяльны работнік Святлана Казачэнка і дачка Валянціна.

Зараз яна пражывае з дачкой, якая два гады таму прыехала да матулі з Украіны, ды так і засталася ў роднай хаце. Вярнуцца да сваёй сям’і Валянціна не змагла: у сувязі з пандэміяй граніцы закрылі. А далей – болей. У лютым бягучага года на тэрыторыі суседняй рэспублікі разгарнуліся падзеі, якія прымусілі многіх пакінуць гарады і вёскі ў пошуках міру і спакою.

У такі неспакойны час добра быць побач з самым дарагім чалавекам пад дахам дома, які саграваў, даваў сілы, дзе прамаўлялася шчырая матчына малітва. Яна і сёння аберагае і захінае ад бяды. Сем гадоў Валянціна рэгулярна прыязджала ў Камарын з Чарнігава ў госці, а цяпер увесь час знаходзіцца з родным чалавекам побач.

– З усіх састарэлых, якіх даглядаю, толькі Ганна Ігнатаўна акружана такой любоўю і ўвагай, – расказвае сацыяльны работнік Святлана Казачэнка. – А я наведваюся да яе шэсць гадоў і магу зрабіць такі вывад.

Нарадзілася юбілярша ў вёсцы Кірава 5 красавіка 1922 года. У бацькоў, акрамя яе, былі два браты і малодшая на 14 гадоў сястра, якая жыве ў Чарнігаве. У апошнія дні сувязь з ёю абарвалася. Старэйшы брат памёр рана, а малодшы дажыў да 96 гадоў. Ганне Ігнатаўне наканавана сустрэць стогадовы юбілей.

З усіх выпрабаванняў, якія выпалі на яе долю, найбольш трывожныя і балючыя звязаны з Вялікай Айчыннай вайной і акупацыяй. Ноччу да іх у дом наведваліся партызаны, а днём – мадзьяры (так жанчына называе венграў). Ворагі маглі знішчыць сям’ю ў любы момант, але ж, дзякуй Богу, гэтага не здарылася. Муж Ганны Ігнатаўны загінуў на фронце, і калі да маладой і прыгожай удавы пасватаўся дэмабілізаваны салдат, не адмовіла. Вайна адняла ў яго здароўе і зрабіла інвалідам, таму працаваць фізічна ён не мог.

У мясцовым калгасе займаў пасаду бухгалтара, і ім давялося з Кірава пераехаць у 1958 годзе на цэнтральную сядзібу, у Камарын. Тут пабудавалі дом, выхавалі двух сыноў і дачку. На жаль, ні Анатоля, ні Мікалая ўжо няма сярод нас. Іх заўчасная смерць – несуцешны матулін боль…

Нягледзячы на перажытае, сэрца доўгажыркі адгукваецца на дабро, шчырасць, цеплыню. У юбілейную дату павіншаваць яе з днём нараджэння прыехалі старшыня Камарынскага сельскага Савета Валянціна Блудчая, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянціна Дзегцярэнка, мясцовы прадпрымальнік Дзмітрый Музыка. Валянціна Рыгораўна ўручыла Ганне Ігнатаўне падарунак, які для яе падрыхтавала Брагінская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.

Пасля шчырых і добрых слоў наша гераіня чытала вершы Тараса Шаўчэнкі, выконвала разам з намі любімыя песні “Пасею гурочкі”, “Пайшоў бы я да дзевачкі”, “В огороде верба рясна”, якія часта спявала з жанчынамі ў час кароткіх перапынкаў, калі працавалі на калгасных палях. Запявала Валянціна Дзегцярэнка, якая родам з гэтых месц і добра ведае традыцыі, культуру краю.

Сяргей Грахоўскі пісаў:

“Жыццё пражыць – не поле перайсці.
А трэба і жыццё прайсці, як поле,
І хоць адным зярняткам узысці,
А бур’яном не зарасці ніколі”.

Ганна Ігнатаўна Герашчанка годна прайшла свой векавы шлях. Жадаем ёй моцнага здароўя, бадзёрасці, міру і спакою.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *