Сёння з віншаваннямі і падарункамі да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Нікалаенкі завіталі намеснік старшыні Брагінскага райвыканкама Іна Міхаленка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач і намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху Вольга Кісялёва.
Яны перадалі Васілю Аляксандравічу віншавальныя паштоўкі і падарункі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана.
“Паважаны Васіль Аляксандравіч! Сардэчна віншую Вас з 77-й гадавінай Вялікай Перамогі!
Дзень Перамогі – святое і дарагое свята, якое аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Сёння, як ніколі, важная праўда памяці аб незлічоных ахвярах вайны, аб вялікім подзвігу мільёнаў салдат, партызан і падпольшчыкаў, мірных грамадзян – усіх, хто змагаўся з ворагам і абараніў сваю зямлю, незалежнасць. Менавіта ў агні народнага супраціву ярка выявілася накіраванасць нашага міралюбівага народу да свабоды і незалежнасці, умацавалася пачуццё адзінства і згуртаванасці, што дапамагло выстаяць у ваеннае ліхалецце.
Нізкі паклон Вам і шчыры дзякуй за подзвіг у імя мірнай будучыні нашай Радзімы. Мы заўсёды будзем паважаць памяць пераможцаў, імкнуцца быць дастойнымі іх прадаўжальнікамі, захоўваючы мір і бяспеку на беларускай зямлі”, – гаворыцца ў віншавальным лісце, які адрасаваны Васілю Нікалаенку ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
“Ваша мужнасць і стойкасць, вернасць абавязку і высокім ідэалам заўсёды будуць для нас прыкладам сапраўднай любові да Радзімы, адказнасці за будучыя пакаленні.
Жадаю Вам здароўя, душэўнай цеплыні, увагі і клопату блізкіх! Няхай неба заўсёды будзе мірным!” – сказана ў паштоўцы ад старшыні Брагінскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Кохана.
Моцнага здароўя, дабрыні, поспехаў, счасця і міру таксама пажадалі ветэрану супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху і міратворцы Брагінскага раёна.
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК