22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа

Главное Общество

22 чэрвеня 1941 года. Світанак. Туман над ракой і трывожная цішыня. Менавіта такім нам уяўляецца гэты дзень на беларуска-польскай граніцы – ведаем з кінахронікі і мастацкіх фільмаў. Здаецца, што нават прырода замерла ў прадчуванні вялікай бяды. А потым – чорная хмара, гул варожых самалётаў і аглушальныя выбухі. Вайна!.. Знянацку. Вераломна. Як у такім пекле жыць? Ці ўдасца выратавацца, абараніць краіну? Што чакае заўтра і ці настане яно наогул? Такімі пытаннямі, відаць, задаваўся тады кожны. І ніхто не ведаў, што наперадзе – 1418 неймаверна цяжкіх, страшных дзён, напоўненых горыччу разлук і страт, гераічнай барацьбой з ворагам. Мальба была адна: выжыць, вытрымаць і перамагчы.

Людаедскі “Generalplan Ost”

Так, гэтая праўда жорсткая, бязлітасная. А памяць – балючая. У ёй – трагічны гістарычны вопыт, бо з самага пачатку Вялікая Айчынная была не проста вайной. Яна стала планамернай палітыкай вынішчэння славянскіх народаў. Упартага і сістэматычнага. Шляхам масавых забойстваў мірнага насельніцтва, карных аперацый, стварэння месцаў прымусовага ўтрымання людзей, лагераў смерці, насільнага вывазу на рабскую працу ў Германію… Усё гэта прадугледжваў генеральны план “Ост”.

Дакладнае і яснае ўяўленне аб тым, як патрэбна дзейнічаць, у нацысцскай вярхушкі склалася яшчэ падчас выступленняў Гітлера перад вышэйшым камандным саставам вермахта ў студзені і сакавіку 1941 года. Калі ён аб’явіў, што вайна супраць СССР будзе “барацьбой двух ідэалогій” з “прымяненнем самага бязлітаснага насілля”. І што ў гэтай вайне патрэбна будзе разграміць не толькі Чырвоную армію, але і “механізм кіравання СССР”, “знішчыць камісараў і камуністычную інтэлігенцыю”, функцыянераў і такім шляхам разбурыць “светапоглядныя сувязі” рускага народа.

“Расавая тэорыя” зарадзілася ў Германіі яшчэ задоўга да прыходу нацыстаў да ўлады, але толькі пры іх набыла статус дзяржаўнай ідэалогіі. Адпаведна, вайна супраць вялікай савецкай дзяржавы разглядвалася імі перш за ўсё як вайна супраць славянскіх народаў. Адна з асноўных задач нямецкага кіраўніцтва, паводле тлумачэння Гітлера, заключалася ў папярэджанні развіцця славянскіх рас. Усімі магчымымі сродкамі.

“Мы ў вышэйшай ступені зацікаўлены ў тым, каб ні ў якім разе не аб’ядноўваць народы ўсходніх абласцей, а наадварот, драбніць іх на больш мелкія групы”, – пісаў Генрых Гімлер, адзін з бліжэйшых саўдзельнікаў Гітлера.

Які, дарэчы, і ініцыіраваў сакрэтны дакумент пад назвай генеральны план “Ост”. Мэта – знішчэнне 5–6 млн яўрэяў і больш за 30 млн славян, “германізацыя” Усхода прынамсі да Урала і нават да Сібіры.
Так, у Беларусі прадугледжвалася знішчыць ці выселіць 75 працэнтаў насельніцтва, непрыдатнага, з пункту гледжання гітлераўцаў, па так званых расавых і палітычных ацэнках. А астатнія падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці сельскагаспадарчых рабоў.

Без суда і следства

Згодна са спецыяльным загадам, з салдат і афіцэраў вермахта здымалася адказнасць за будучыя злачынствы на акупіраванай тэрыторыі. Ім прадпісвалася быць бязлітаснымі, расстрэльваць на месцы без суда і следства ўсіх, хто акажа хоць самае малое супраціўленне ці праявіць спачуванне партызанам.

Галоўным сродкам насаджэння “новага парадку” на беларускай зямлі нацысты выбралі палітыку генацыду і масавага крывавага тэрору. Яны чынілі нечуваныя зверствы, не шкадуючы ні жанчын, ні старых, ні дзяцей. На тэрыторыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Толькі ў адным з іх, Трасцянецкім, загінула як мінімум 206 500 чалавек.
За 1941–1944 гг. акупанты правялі на тэрыторыі нашай краіны больш за 140 карных аперацый, падчас якіх спалілі каля 9200 сёл і вёсак. 5295 з іх раздзялілі лёс Хатыні: былі знішчаны разам з усім ці часткай насельніцтва. 186 вёсак так і не адрадзіліся.

Не стала кожнага трэцяга

Паводле вынікаў надзвычайнай дзяржаў-най камісіі па раскрыцці злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, БССР страціла за гады вайны больш за палову свайго нацыянальнага багацця. Прамыя страты, прычыненыя народнай гаспадарцы, склалі 75 млрд рублёў у цэнах 1941 года. Акупанты пераўтварылі ў руіны і разрабавалі 209 з 270 беларускіх гарадоў і раённых цэнтраў, знішчылі 10 338 прадпрыемстваў, што склала 85% ад іх даваеннай колькасці, спустошылі больш за 10 тысяч калгасаў, 92 саўгасы і 316 машынна-трактарных станцый. Вывезлі ў Германію 90 працэнтаў станочнага абсталявання. Амаль тры мільёны чалавек (34% даваеннага насельніцтва) засталіся без даху над галавой.

Усяго з нашай краіны гітлераўцы вывезлі ў Германію звыш 390 тысяч грамадзян, з якіх дзясяткі тысяч загінулі, не вытрымаўшы жудасных умоў эксплуатацыі. Не менш чым 1,4 мільёна чалавек былі знішчаны ў месцах прымусовага ўтрымання. За гады вайны рэспубліка страціла каля 3 мільёнаў жыхароў, ці кожнага трэцяга.

Што адбывалася на Брагіншчыне

Вестка аб тым, што фашысцкая Германія напала на Савецкі Саюз, была перададзена ў Брагін і Камарын па тэлефоне з абласнога камітэта партыі. У той жа дзень, 22 чэрвеня 1941 года, мясцовыя жыхары слухалі па радыё выступленне намесніка старшыні СНК, наркама замежных спраў краіны Вячаслава Молатава, які абвясціў аб пачатку Вялікай Айчыннай.

З першых гадзін вайны дзейнасць раённых партыйных і савецкіх органаў была падпарадкавана мабілізацыі ўсіх сіл і сродкаў на абарону краіны ад фашысцкага нашэсця. У Брагіне і Камарыне фарміраваліся маршавыя батальёны і каманды прызыўнікоў, якія адпраўляліся на зборныя пункты Курскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей. У сціслыя тэрміны ў дзеючую армію было накіравана больш за дзевяць тысяч грамадзян прызыўнога ўзросту.

У цяжкіх умовах прыфрантавой абстаноўкі вялася эвакуацыя ў глыбокі савецкі тыл матэрыяльных каштоўнасцей, спецыялістаў пэўных катэгорый. Для практычнага вырашэння гэтай задачы ў Брагінскім і Камарынскім раёнах былі створаны надзвычайныя камісіі. У выніку аператыўных мер удалося поўнасцю вывезці абсталяванне Малейкаўскага і Ялчанскага крухмальных заводаў, мясцовых прамарцеляў, сотні трактароў, шмат сыравіны, гатовай прамысловай і харчовай прадукцыі. Паспелі перагнаць на ўсход асноўную масу буйной рагатай жывёлы, коней, авечак і інш. А тым часам, 23 жніўня, артылерыйская кананада грымела ўжо дзесьці за Хойнікамі…

Каб вытруціць волю да барацьбы

Пад варожай акупацыяй, як сведчыць кніга “Памяць”, Брагін знаходзіўся з 28 жніўня 1941 года па 23 лістапада 1943-га. Фашысты адразу ж пазбавілі насельніцтва якіх бы там ні было правоў. І кожны дзень выдавалі загады пра “новы парадак”, якія заканчваліся адным: “Вінаватыя будуць пакараны смерцю”.

Так, людзям забаранялася мяняць месцажыхарства без спецыяльнага дазволу; выходзіць на вуліцу, калі сцямнее; прымаць на жыхарства асоб не з мясцовага насельніцтва; падыходзіць да чыгуначнага палатна на адлегласць бліжэй за 100 метраў. За захоўванне зброі, дапамогу партызанам і падпольшчыкам пагражала смяротная расправа. За ўхіленне ад прымусовых работ на абшчынных палетках і фермах вяскоўцаў збівалі палкамі або расстрэльвалі. Жорстка каралі таксама тых, хто не мог заплаціць падаткі, а іх устанавілі проста безліч – натуральных і грашовых. Шырока прымяняліся розныя штрафы.

Абсалютнае палітычнае бяспраўе павінна было, па задуме гітлераўцаў, ператварыць мясцовых жыхароў у бязмоўных, пакорлівых рабоў, вытруціць з іх волю да барацьбы за свабоду і незалежнасць. Каланіяльны рэжым падтрымліваўся густой сеткай усялякіх карных паліцэйскіх органаў. Фашысты шырока выкарыстоўвалі ў правядзенні сваёй палітыкі здраднікаў.

Крывавы след

Як сведчаць абагульненыя даныя, на тэрыторыі сучаснага Брагінскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны ад рук нацыстаў і іх саўдзельнікаў загінула больш за 10 тысяч мірных жыхароў. Поўнасцю або часткова быў спалены 71 населены пункт. Тры з іх – Байдакі, Уладзімірскі, Усохі – так і не адрадзіліся. Гітлераўцы прымусова вывезлі на катаржныя работы ў Германію больш за 2000 чалавек.

Бясспрэчны факт: на захопленай тэрыторыі акупанты грэбавалі ўсімі міжнароднымі прававымі нормамі. Іх злачынствы былі страшныя па сваёй масавасці і жорсткасці, уяўлялі жудасную сатанінскую з’яву. Пасля сябе нацысты пакінулі крывавы след – вынік загадзя распрацаванага, уве-дзенага ў дзеянне плана генацыду.

Адзін з самых доўгіх летніх дзён у каляндарным годзе. І адзін з самых горкіх у сусветнай гісторыі, які павярнуў увесь яе ход, змяніў жыццё вялікай дзяржавы, зламаў лёсы мільёнам людзей. Але выстаялі, вытрымалі, перамаглі. Цана таму – неймаверная. Таму дата пачатку трагедыі не згубілася ў яркім водбліску 9 Мая. Мы смуткуем па ўсіх, хто прыняў смяротны бой і загінуў ад варожых куль, стаў ахвярай генацыду і масавага крывавага тэрору, памёр ад голаду і пакут. Нізка схіляем галовы перад подзвігам герояў, якія здабылі Перамогу і выратавалі свет ад карычневай чумы.

Наш пачэсны абавязак — захаваць памяць і гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне. Не дапусціць, каб нацызм вярнуўся.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *