Столін прымае гасцей і ўдзельнікаў фестывалю «Вытокі»

VITOKI Грамадства

У Століне сёння стартуе чарговы этап другога сезона спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу».

Эстафету Столін прыняў у Рэчыцы. Фестываль, накіраваны на папулярызацыю рэгіянальных і нацыянальных брэндаў, дасягненняў у спорце, навуцы і мастацтве, у гэтым райцэнтры Брэсцкай вобласці будзе праходзіць 3 і 4 чэрвеня. У праграме цэлы комплекс спартыўных, культурных, сямейных, мастацка-тэматычных мерапрыемстваў.

Свята пачнецца з прэс-туру для прадстаўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ па найбольш знакавых мясцінах Століншчыны. Першы дзень фестывалю прадоўжыцца семінарам «Актуальныя пытанні падрыхтоўкі спартсменаў і шляхі іх вырашэння» з удзелам спецыялістаў БДУФК і Вышэйшай школы трэнераў, спартыўных арганізацый Брэсцкай вобласці.

У другой палове дня ў СШ нумар 3 Століна пройдзе семінар-практыкум Беларускай алімпійскай акадэміі, прысвечаны алімпійскім каштоўнасцям і дасягненням беларускіх атлетаў на галоўных стартах чатырохгоддзя. У раённым Доме культуры адбудзецца майстар-клас па набіванцы на тэму «Маляванка. Вытокі самабытнага мастацтва». Наведвальнікі змогуць азнаёміцца з творчасцю самадзейных майстроў і сучасных аўтараў гэтага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стварыць сувенір сваімі рукамі.

На заканчэнне першага дня ў ДК з канцэртам арганнай музыкі выступіць вядомы беларускі музыкант, спявак і кампазітар Валерый Шмат.

У яго выкананні прагучаць класічныя і аўтарскія творы, напісаныя для аргана, хору і салістаў.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца 4 чэрвеня на плошчы Леніна. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва Брэсцкай вобласці і НАК Беларусі. Спартыўныя пляцоўкі будуць арганізаваны па 30 відах спорту. Дзеці і дарослыя змогуць прыняць удзел у алімпійскім квесце, паспрабаваць сябе ў спартыўных конкурсах, выканаць заданні і атрымаць каштоўныя прызы.

Свой стэнд плануе выставіць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У Столін прыедзе гоначны грузавік каманды «МАЗ-СПОРТаўта», будзе працаваць інтэрактыўная зона VOKA Games з развіваючымі камп’ютарнымі гульнямі. Дадаткова будзе арганізавана пляцоўка Беларускай алімпійскай акадэміі, РНПЦ спорту, Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва.

Адбудзецца прэзентацыя калекцый адзення праекта «Роднае моднае» ад беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы вызначаць лепшых маладых выканаўцаў у вакальным конкурсе. Лаўрэаты змогуць у далейшым прыняць удзел у майстар-класах вядучых настаўнікаў краіны. Фестывальная праграма завершыцца вячэрнім гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады.

Ужо 17-18 чэрвеня эстафету ў Століна прыме Навагрудак. Потым фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» пройдзе ў Горках (22-23 ліпеня), Полацку (12-13 жніўня) і Капылі (26-27 жніўня). Арганізатары фестывалю — Нацыянальны алімпійскі камітэт, Федэрацыя прафсаюзаў, ТАА «АртХаос» і ТАА «БелБрэндАўдыт».

БЕЛТА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *