Ура! Канікулы! Як школьнікі будуць праводзіць свой заслужаны летні адпачынак

Главное Общество

Падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі пачалася яшчэ задоўга да таго, як вучні вызначыліся з варыянтамі сваёй занятасці падчас канікул. Перад адпаведнымі службамі ставілася задача загадзя прадугледзець арга-нізацыйныя моманты, узгадніць паміж сабой планы, намеры і задумкі. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх зацверджаны планы мерапрыемстваў па рэалізацыі ў раёне міжведамаснай праграмы “Клопат” і па прафілактыцы траўматызму і гібелі дзяцей. Галоўная мэта – максімальна заняць юных асоб у вольныя ад урокаў месяцы, не дапусціць здзяйснення імі злачынстваў і правапарушэнняў, нацэліць на здаровы лад жыцця. У зоне асаблівай увагі, як заўсёды, застаюцца дзеці, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа і якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Плануецца, што за лета ў лагерах з дзённым рэжымам знаходжання, працы і адпачынку, ваенна- і грамадзянска-патрыятычнага профілю цікава і з карысцю для сябе правядуць вольны час 340 вучняў. Іх дзейнасць прадугледжана на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Многія, дарэчы, прымаюць хлопчыкаў і дзяўчынак ужо з чэрвеня.

– Перад пачаткам работы прышкольных лагераў абследаваны іх тэрыторыі на наяўнасць іксодавых кляшчоў. Звернута ўвага, якія ўмовы створаны для выканання дзецьмі правілаў асабістай гігіены, арганізацыі дзённага сну вучняў пачатковых класаў і з аслабленым здароўем, ці дастаткова сродкаў для мыцця і дэзынфекцыі, каб штодзённа праводзіць уборку памяшканняў. У лагерах прадугледжана трохразовае гарачае харчаванне з С-вітамінізацыяй рацыёну, уключэннем у яго свежай гародніны, садавіны і сокаў, – адзначыла памочнік урача-гігіеніста раённага ЦГЭ Аксана Данчанка.

Малюем лета: у профільным лагеры “Агеньчык”, што дзейнічае пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, дзяўчынкі адточваюць мастацкія навыкі.
Гімназісткі Таццяна Канцавая і Вераніка Даўжанок задзейнічаны ў добраўпарадкаванні вуліц Брагіна.

Змястоўнай і насычанай абяцае быць праграма ў палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем, які для сваіх выхаванцаў арганізуе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. У ім аздаравяцца 105 падлеткаў, а працягласць кожнай з трох змен складзе дзевяць дзён.

Некаторыя накіруюцца ў санаторыі і аздараўленчыя цэнтры Мінскай, Брэсцкай, Гро-дзенскай, Віцебскай і Гомельскай абласцей: “Налібокскую пушчу”, “Чабарок”, “Сярэбраныя ключы”, “Жамчужыну”, “Пралеску”, “Лясную паляну” – на лета выдзелена 259 пуцёвак, набытых за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Удзел у працоўных праектах пры садзейнічанні сектара занятасці прымуць 111 непаў-налетніх. З іх дапамогай будуць атрымліваць другое жыццё кнігі і добраўпарадкоўвацца тэры-торыі ўстаноў адукацыі. На гэтыя мэты з фонду сацыяльнай абароны выдзелена 16 тысяч рублёў.

Змогуць зарабіць на ўласныя патрэбы і тыя, хто вырашыў папрацаваць у складзе экалагічных і сельскагаспадарчых атрадаў. Месцы для 40 чалавек выдзелілі КЖУП “Брагінскае” і прадпрыемствы АПК пры садзейнічанні раённай арганізацыі “БРСМ”. Яна ж прапаноўвае падлеткам заняцца валанцёрскай дзейнасцю, далучыцца да добрых спраў у рамках акцый “Летні патруль”, “ЗаДело”, ”Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям” і інш. Сум і нуда будуць пад забаронай у спартыўна-патрыятычным лагеры “Курсант – ТЫ”.

Каб самы бесклапотны для дзяцей час прайшоў без бед і непрыемнасцей, да прафілактычнай работы, накіраванай на папярэджанне негатыўных з’яў, далучаны самыя розныя службы. У цесным узаемадзеянні працуюць прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх, праваахоўных органаў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі культуры, аховы здароўя, адукацыі і спорту, сацыяльнай абароны, іншых структур. У планы мерапрыемстваў уключаны сустрэчы вучняў са спецыялістамі, якія нагадаюць ім пра згубную сілу шкодных звычак і важнасць выканання правілаў бяспекі.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА
Фота Вольгі ПАЛЯШЧУК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *