На Брагіншчыне новыя  камбайны выйшлі ў  поле

Главное Сельское хозяйство

Адчувальную дапамогу з боку дзя-ржавы аграрыі раёна атрымліваюць на працягу года. Значныя сумы бюджэтных сродкаў выдзяляліся ім на падрыхтоўку да веснавой пасяўной кампаніі, а перад пачаткам жніва – і на закупку камбайнаў. Машынна-трактарныя паркі гаспадарак папоўніла высокапрадукцыйная тэхніка вытворчасці “Гомсельмаша”. Два стэпавыя караблі, якія толькі што сышлі з канвеера, выдзелілі ААТ “Брагінка”. Працаваць на іх будуць Сяргей Карсак і Дзмітрый Коваль. Пра кожнага хацелася б расказаць асобна.

Сяргей Пятровіч – прадстаўнік слаўнага роду Карсакоў, моцнага і працавітага. Пяць яго братоў і сястра выраслі годнымі людзьмі, знайшлі сваё месца ў жыцці і прадоўжылі сямейную традыцыю. Усё, за што браліся, выконвалі сумленна, з душой. Так вучылі бацькі. Іх  урокі  дзеці засвоілі. У 16-гадовым узросце Сяргей ужо працаваў механізатарам у калгасе (пасведчанне трактарыста атрымаў у вучэбным камбінаце), а праз два гады – і пасведчанне вадзіцеля. У армію ішоў падрыхтаваным і загартаваным, служба праходзіла за баранкай аўтамабіля.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на малую радзіму і на працягу  35 гадоў сумленна працуе ў “Брагінцы”. Сельгаспрадпрыемства некалькі гадоў таму вырошчвала цыбулю. Займаўся гэтай культурай у асноўным Сяргей Пятровіч, які набыў вопыт, спасціг сакрэты агратэхнікі. Звычайна новыя сельгасмашыны аддаюць у рукі не толькі першакласных, але і дбайных механізатараў і вадзіцеляў. Пагутарыўшы з Сяргеем Пятровічам,  зразумела, чаму менавіта яму даверылі сельгасмашыну з лагатыпам “Палессе”. Словы патомнага хлебароба: “Я люблю і  берагу тэхніку” характарызуюць яго як чалавека неабыякавага і ашчаднага, які  да агульнай маёмасці адносіцца як да ўласнай. На яго думку, камбайн будзе ў страі доўгі час, калі эксплуатаваць яго беражліва і ўмела.

Прозвішча Дзмітрыя Коваля на працягу многіх гадоў значыцца ў ліку камбайнераў-тысячнікаў. У мінулым годзе ён у складзе дэлегацыі ад нашага раёна прымаў удзел у абласных дажынках, дзе быў адзначаны граматай абласнога Савета дэпутатаў. Вартасці стэпавага карабля новай мадэлі, які атрымаў нядаўна, Дзмітрый Віктаравіч паспеў ацаніць на рапсавым полі. Сельгасмашына  значна адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў тэхнічнымі магчымасцямі, для выдзіцеля ў кабіне створаны камфортныя ўмовы. І ўвогуле, працаваць на ёй – прэстыжна.

А свой камбайн, на якім убіраў хлеб на працягу чатырох гадоў (гаспадарцы яго выдзелілі ў 2017-м) перадаў пляменнікам Сяргея Пятровіча: Юру і Мікалаю. Іх асноўнае месца работы – раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Каб дапамагчы вяскоўцам у час напружанай сельгаскампаніі, браты бяруць на гэты час водпуск.

 

Аб адным непакояцца хлебаробы: ніяк не ўсталюецца сонечнае надвор’е. Весці жніво перашкаджаюць дажджы. Калі б не яны, уборку алейнай культуры ўжо б завяршылі. Ёсць тэхніка, ёсць жаданне працаваць, але ж вымушаны пакуль прастойваць. А так хочацца на новых камбайнах хутчэй зжаць і абмалаціць тое, што вырасцілі на палях, і парадавацца важкаму караваю.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *