Не давалі ворагу спакою. Як мясцовыя народныя мсціўцы набліжалі вызваленне роднай Беларусі

Главное Год гістарычнай памяці Общество

Мірную працу і спакойнае жыццё беларусаў раптоўна разбурыла Вялікая Айчынная вайна. Тэрыторыя апынулася пад нямецкай акупацыяй. Але тысячы мясцовых жыхароў бралі ў рукі зброю, ішлі ў лясы, дзейнічалі ў падполлі, каб адпомсціць ворагу, не даць яму спакою, выгнаць з роднай зямлі. Супраціўленне насіла агульнанародны характар.

Супраць акупантаў

У нашым раёне, як паведамляюць архіўныя дакументы, яшчэ перад яго акупацыяй партыйна-савецкі актыў заклаў каля вёскі Лубенікі буйныя базы са зброяй і боепрыпасамі. Для наладжвання тут партызанскага руху былі пакінуты восем камуністаў, сярод якіх – старшыня арцелі “Чырвоны Кастрычнік” Пётр Зіновіч, кіраўнікі калгасаў і сельскіх Саветаў.

Сутыкнуўшыся восенню 1941 года з цяжкасцямі ў арганізацыі даручанай справы, некаторыя прынялі рашэнне накіравацца ў Брагін і чакаць вясны. Але тут іх чакала расправа: усіх арыштавалі і расстралялі. Толькі Зіновіч, старшыня Лубяніцкага сельсавета Васіль Лявоненка і старшыня калгаса Піліп Дзялец былі супраць з’яўлення ў райцэнтры – засталіся ў лесе. Яны пачалі праводзіць дыверсіі на шашы Хойнікі – Рэчыца.

Пасля разгрому партызанскіх баз (выдаў адзін са здраднікаў) Лявоненка і Дзялец сталі нелегальна пражываць у сваякоў у Вуглах. А Зіновіч, нягледзячы на тое, што за яго абяцалася вялікая прэмія, прабраўся ў Брагін і схаваўся ў хляве земляка, які пражываў побач з паліцыяй. За кароткі час ён аб’яднаў вакол сябе былых работнікаў арцелі ў падпольную антыфашысцкую групу, якая да вясны 1942-га праводзіла пад яго кіраўніцтвам патрыятычную работу. У прыватнасці, распаўсюджвала ў Брагіне і навакольных вёсках зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, заклікі.

З дапамогай падпольшчыкаў Зіновіч стварыў невялікую партызанскую групу, з якой у красавіку накіраваўся ў лубяніцкія лясы. І ў хуткім часе, у маі – чэрвені, адбылося яе аб’яднанне з групай, арганізаванай братамі Сцяпанам і Фёдарам Філіпенкамі на базе Савіцкага патрыятычнага падполля. Так быў пакладзены пачатак партызанскаму атраду, якому далі імя Рыгора Катоўскага, праслаўленага героя грамадзянскай вайны.

Пісьмо стала прыгаворам

Падпольшчыкі, якія засталіся ў Брагіне і Савічах, працягвалі сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам партызан. Групу ў райцэнтры пасля Зіновіча ўзначаліў былы бухгалтар арцелі Мікалай Дубіна, а ў Савічах пасля Філіпенкаў – Фёдар Загаранскі.

Патрыёты збіралі і перадавалі лясным салдатам важную інфармацыю, зброю і боепрыпасы, дапамагалі ім з медыкаментамі і адзеннем, прадуктамі харчавання, выратоўвалі моладзь і яўрэйскіх дзяцей ад выгнання ў Германію, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў баявых аперацыях, выконвалі іншыя даручэнні.

У жніўні 1942 года ў групу партызан братоў Філіпенкаў для ўстанаўлення з імі сувязі была накіравана Яўгенія Скараход. Ведаючы, што яна пасля пойдзе ў атрад Зіновіча, Дубіна падрыхтаваў для апошняга пісьмо, у якім указаў прозвішчы і імёны многіх падпольшчыкаў Брагіна. Яно было зашыта ў пінжак жанчыны. Але па дарозе яна наткнулася на паліцэйскі пост і не паспела знішчыць напісанае. Больш таго, у сувязной была яшчэ запіска, адрасаваная аднаму з савіцкіх падпольшчыкаў. Як вынік – арыштавалі каля 30 чалавек.

Усіх зверскі катавалі, але яны паводзілі сябе мужна і не прызналіся, што вялі барацьбу супраць немцаў.

Найбольш актыўных падпольшчыкаў – каля 20 чалавек – немцы і паліцаі расстралялі на ўскраіне Брагіна. Астатніх вывезлі на работы ў іншыя гарады, Германію, некаторых вызвалілі. Сярод расстраляных – Мікалай Дубіна, Яўгенія Скараход, Міхаіл Клішэвіч, Раман Беразняцкі, Клаўдзія Юдзянок, Таццяна Шчука і інш. Расправіліся потым і з сем’ямі гэтых падпольшчыкаў.

Пад нумарам і псеўданімам

Настаўнік адной з мінскіх школ Савелій Рэпчанка прыехаў у Брагін яшчэ напярэдадні вайны – за малалетнімі дзецьмі, якія знаходзіліся ў цешчы, і быў вымушаны тут застацца. Акупацыйныя ўлады вызначылі для яго месца работы – у мясцовай тыпаграфіі, дзе выпускаліся гаспадарчыя бланкі.

Па ўласнай ініцыятыве Рэпчанка наладзіў сувязь з партызанскім атрадам Зіновіча і выконваў розныя даручэнні. А пасля расстрэлу падпольшчыкаў, у кастрычніку 1942 года, перад ім паставілі задачу стварыць у Брагіне новую падпольную арганізацыю. І гэта ў хуткім часе ўдалося зрабіць.

Навучаныя горкім урокам патрыёты цяпер дзейнічалі больш канспіратыўна. Кожны ўдзельнік групы меў уласны нумар (010, 012 і г.д.), які і фігурыраваў у дакументах і данясеннях, а таксама псеўданім (Дурэцкі, Каспіровіч, Васільеў і г.д). З дапамогай мясцовых жыхароў яны ўстанавілі сувязь з партызанскім атрадам імя Катоўскага, якому перадавалі каштоўныя звесткі пра немцаў і паліцаяў, іх дзеяннях.

Калі акупанты летам 1943 года вырашылі выпусціць у Брагіне абласную газету, падпольшчыкі па заданні партызан спалілі тыпаграфію разам з абсталяваннем і назапашанымі матэрыяламі. Яны ж перадалі катоўцам вялікую колькасць зброі, боепрыпасаў, толу, якія даставалі ў чэхаславакаў і паліцыі. У Брагіне вывелі са строю 40 веласіпедаў адной з нямецкіх часцей, мясцовую электрастанцыю, спалілі дзве аўтамашыны ў двары райпрамкамбіната. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў разгроме паліцэйскага гарнізона, а пасля гэтага бою, у верасні 1943-га, пакінулі свае месцы і пайшлі ў партызанскі атрад, дзе змагаліся з ворагам да злучэння з часцямі Савецкай арміі.

“Сюрпрызы” катоўцаў

Як сведчыць гісторыка-дакументальная хроніка, летам 1942 года і ў далейшым катоўцы праводзілі баявыя аперацыі на тэрыторыі Брагінскага, Камарынскага і Хойніцкага раёнаў. Спачатку гэта было сістэматычнае разбурэнне варожых тылавых камунікацый – ліній тэлефоннай сувязі, мастоў, грунтавых дарог, а затым і знішчэнне нямецка-паліцэйскіх умацаваных участкаў і апорных пунктаў у Шкуратах і Хракавічах. Былі нанесены ўдары па варожых гарнізонах у Савічах, Круках, Пірках, Мікулічах, Баршчоўцы, Радзіне. 27 ліпеня 1943 года на дарозе Жэрднае – Выграбная Слабада партызаны разграмілі варожы транспарт, затым спалілі склады з ваенным рыштункам і боепрыпасамі ў Брагіне, Савічах, Астраглядах і Аравічах.

Па заданні Беларускага штаба партызанскага руху падрыўнікі атрада ўзарвалі чыгунку на ўчастку Чарнігаў – Оўруч. Пад адхон яны пусцілі паравоз і некалькі вагонаў са зброяй і жывой сілай ворага, на некалькі гадзін быў паралізаваны рух цягнікоў.

Пры актыўным удзеле катоўцаў праводзілася баявая аперацыя ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна, куды напярэдадні прыбылі на адпачынак 50 нямецкіх лётчыкаў. Нягледзячы на ўзмоцненую ахову, гітлераўцы былі перабіты, а разам з імі знайшлі свой бясслаўны канец і каля 30 паліцэйскіх.

З успамінаў Фёдара Загаранскага, былога камандзіра роты партызанскага атрада імя Катоўскага:

Успамінаю некалькі эпізодаў з баявога жыцця нашага атрада.

Камендантам паліцыі ў Брагіне быў нейкі Марчанка, вядомы сваімі здзекамі з мясцовага насельніцтва. Падчас разгрому нямецкага гарнізона ў Лоеве каўпакаўцы ашукалі брагінскую паліцыю. Выкарыстаўшы нямецкую лінію сувязі, яны паведамілі ў Брагін (ад імя лоеўскіх паліцаяў), што вядуць бой з партызанамі, дабіваюць іх, прапануюць выехаць на дапамогу. Партызаны загадзя замініравалі ўчастак дарогі, наладзіўшы каля гэтага месца засаду. Так машыны з брагінскімі паліцаямі былі ўзарваны. У гэтай акцыі разам са сваімі прыхваснямі-паліцаямі загінуў і камендант Марчанка.

Калі на гэтую пасаду заступіў другі Марчанка, у нашым атрадзе вырашылі расправіцца і з ім. Улічваючы, што новы фашысцкі паслугач быў вельмі асцярожны ў выездах за межы Брагіна, дамовіліся даканаць яго партызанскай хітрасцю. І даканалі, пераслаўшы яму, быццам у знак удзячнасці ад гітлераўцаў, пасылку з мінай нацяжнога дзеяння. Выбухам былі знішчаны Марчанка-другі і яшчэ некалькі ворагаў.

Наступную аперацыю назвалі “Партызанскі мядок”. Сутнасць яе таксама зводзілася да міны-сюрпрызу. У бідон з мёдам паклалі міну з гадзіннікавым механізмам, завёўшы яго на пэўны час. Гэта было зроблена ў вёсцы Савічы-Двор, непасрэдна на пасецы, якая ў той дзень не ахоўвалася паліцэйскімі. На гэты раз не адсылалі свой “падарунак”, а арганізавалі ўсё так, быццам партызаны ў паспешлівасці не змаглі захапіць бідон мёду з сабой.
Назаўтра немцы і паліцаі выявілі на пасецы “пакінутую пры адступленні” партызанскую падводу, на якой стаяў бідон. Баючыся атруты, яны спачатку далі пакаштаваць мёд мясцовым дзецям, а затым, супакоіўшыся, павезлі салодкі груз да будынка, дзе размяшчаўся савіцкі гарнізон. У вызначаны час магутны выбух страсянуў паветра над вёскай. Ад яго загінулі 15 фашыстаў і паліцаяў.

Узгоднена і вынікова

У жніўні – верасні 1943 года на Брагіншчыне дзейнічалі таксама партызанскія фарміраванні: лоеўскі “За Радзіму”, хойніцкія імя Чапаева і імя Суворава, а ў міжрэччы Дняпра і Прыпяці – створаны там атрад імя Чапаева і атрад імя Кацюбінскага з Чарнігаўскага злучэння.

Партызаны жлобінскага атрада “Смерць фашызму” ў канцы 1942 – пачатку 1943 гадоў разам з іншымі атрадамі ўдзельнічалі ў баях з ворагам у раёне населеных пунктаў Лубенікі, Майск, Петрыцкае.

Вясной 1943-га з партызанскага атрада імя Катоўскага была вылучана ініцыятыўная група на чале з яго камандзірам Сцяпанам Філіпенкам. Сумесна з групай прадстаўніка Палескага падпольнага абкама КП(б) Беларусі Івана Шэйна на Камарыншчыне быў створаны партызанскі атрад імя Варашылава.

Моцныя ўдары па акупантах на тэрыторыі сучаснага раёна ранняй вясной 1943 года і пазней наносілі партызанскія злучэнні на чале з С. Каўпаком, Я. Мельнікам, А. Фёдаравым, М. Навумавым і інш. Дзеянні такіх фарміраванняў станавіліся больш узгодненымі і выніковымі. Сілу партызан вымушаны былі прызнаць самі гітлераўцы.

З паведамлення генеральнага камі-сара Жытомірскай акругі ў Берлін (4 мая 1943 года):

“За справаздачны перыяд абстаноўка па-ранейшаму характарызуецца актыўнасцю партызан. Прыкладна 15 000 кв. км паўночнай часткі маёй генеральнай акругі, у прыватнасці, большая частка былых раёнаў баявых дзеянняў Лельчыц і Ельска, а таксама р-на Брагіна, большая частка Рэчыцкага, Петрыкаўскага, Алэўскага і Оўруцкага раёнаў практычна больш не знаходзяцца пад кіраўніцтвам немцаў. У іх пануюць партызаны, і яны поўнасцю падпарадкоўваюцца Саветам. Такія раённыя цэнтры, як Брагін, Рэчыца, Мазыр, Петрыкаў, з гэтага часу патрэбна разглядаць як апорныя пункты ці як пазіцыі кругавой абароны. Улада гебітскамісараў наўрад ці распаўсюджваецца на некалькі кіламетраў за межы раённага цэнтра, так што ў створанай абстаноўцы не можа быць і размовы аб нейкім упарадкаваным кіраўніцтве і эканамічным выкарыстанні гэтай тэрыторыі”.

Поспехі Чырвонай Арміі летам 1943 года ў ходзе Курскай бітвы і іншых наступальных аперацый, асабліва пасля ліквідацыі арлоўскага і белгарадска-харкаўскага плацдармаў гітлераўцаў, стварылі рэальныя ўмовы для вызвалення Левабярэжнай Украіны і паўднёва-ўсходняй часткі Беларусі. Гэты фактар, а таксама актывізацыя партызанскага руху ў ходзе рэйкавай вайны ў жніўні – верасні 1943 года і іншых баявых аперацый народных мсціўцаў наогул амаль поўнасцю паралізавалі дзейнасць акупацыйных улад у рэгіёнах партызанскіх зон.

У гонар вызваліцеляў

Вайна ў тыле ворага, як і на фронце, не абыходзілася без страт і ахвяр. У баях з гітлераўцамі, пры выкананні заданняў загінулі байцы і камандзіры падраздзяленняў атрада імя Катоўскага Б. Волкаў, І. Грышчанка, М. Падсасонны, Р. Сазонаў, М. Шрамянок, Ф. Філіпенка, атрада імя Суворава — І. Здаравец, 37 змагароў з Чарнігаўскага партызанскага злучэння і інш.

Удзячныя брагінчане шануюць памяць народных мсціўцаў, якія аддалі жыцці за мір і спакой на роднай зямлі. У гонар іх у Брагіне, Камарыне, Савічах, іншых населеных пунктах узведзены помнікі, устаноўлены мемарыяльныя знакі. Захоўваюцца матэрыялы аб партызанскім руху ў нашых мясцінах. Імя камісара партызанскага атрада імя Катоўскага Пятра Зіновіча носіць адна з вуліц Брагіна.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *