1 ліпеня 100-гадовы юбілей з дня нараджэння адзначыла працаўніца тылу Таццяна Маслоўская з Брагіна

Беларусь памятае Главное Год гістарычнай памяці Нашы праекты: імёны малой радзімы Общество

З гэтай значнай датай юбіляршу павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Іна Міхаленка, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач і прадстаўнікі ААТ «Пераможнік».


З пакалення працавітых

Невялікі дагледжаны домік з мноствам кветак на вокнах… Любоў Дзяркач, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, тут частая госця – ведае гаспадароў, а дакладней, гаспадынь, падтрымлівае, не забывае ні ў святы, ні ў будні.

Таццяна Афанасьеўна Маслоўская нарадзілася ў вёсцы Макрэц 1 ліпеня 1922 года. Усіх людзей гэтага пакалення аб’ядноўвае Вялікая Айчынная, якая абпаліла маладосць.

Дачка Марыя расказвае:

– Яны вельмі сціплыя былі, мае бацькі. Пра сябе асабліва не распавядалі, а мы, малыя, і не распытвалі. Казалі толькі: пазнаёміла вайна. Бацька, Сяргей Максімавіч, прайшоў франтавымі дарогамі, меў дзяржаўныя ўзнагароды. Светлая памяць, памёр у 1980 годзе. Маці – працаўніца тылу. У 1946-м у іх нарадзілася першая дачушка, а потым з’явілася яшчэ двое дзетак – брат і я.

Род працягваецца. Як, дарэчы, і працоўная дынастыя шчырых і добрых людзей. Пасля вайны сям’я Маслоўскіх вярнулася на малую радзіму Таццяны Афанасьеўны. У працоўнай кніжцы адзначана “Год уступлення ў члены калгаса – 1949”. Я разглядаю копію: 550, 615,724, 785… Гэта колькасць адпрацаваных так званых чалавекадзён за год пры норме ў гаспадарцы 120. Сапраўды залатыя рукі і адданасць працы. Сціплая даярка з калгаса “Пераможнік” і пасля выхаду на пенсію дапамагала гаспадарцы. Яе стаж – 39 гадоў. А ўжо зараз традыцыі працягвае ўнук Сяргей Сідарок, механізатар, неаднаразовы герой нашых публікацый.

Вядома, жыццё побач з чалавекам у такім узросце складанае. Ды заўсёды наведваюць унукі і праўнукі, не пакідаюць без увагі прадстаўнікі ўлады.

Таццяна Афанасьеўна адпачывала, і мы не сталі турбаваць яе здымкамі. На фота з сямейнага альбома – вясковая жанчына, якая так падобна на нашых бабуль і прабабуль. Людзі вялікага пакалення, якія будавалі новую краіну, цяжка і шчыра працавалі, перажылі вайну і аднавілі Беларусь пасля акупацыйнай разрухі… Дзякуй вам за дзень сённяшні.

Галіна ШАЎЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *