Твае людзі, Брагіншчына. Пра настаўніцу Брагінскай школы Аляксандру Кірылаўну Кулініч былыя вучні ўзгадваюць з захапленнем

Год гістарычнай памяці Грамадства

На ўроку рускай мовы і літаратуры. Люты 1964 года.

Пра настаўніцу Брагінскай школы Аляксандру Кірылаўну Кулініч былыя вучні ўзгадваюць з захапленнем. Яна ведала шэсць замежных моў, свабодна размаўляла на кожнай, была асобай адоранай і таленавітай. Урокі гэтага выдатнага педагога праходзілі на адным дыханні. Калі старшакласнікі вывучалі творчасць Льва Талстога, “Вайну і мір”, мабыць, чыталі ўсе. Ды і як можна было не захапляцца творам класіка, калі Аляксандра Кірылаўна на працягу 45 хвілін знаёміла са зместам рамана-эпапеі і пры гэтым не перагортвала ніводнай старонкі кнігі, якая перад ёй ляжала. Памяць у яе была фенаменальная. А дзеці сядзелі як зачараваныя, у класе стаяла мёртвая цішыня.

Да рэвалюцыі Аляксандра Кірылаўна закончыла, па словах дарослых, “царскую” школу, як потым высветлілася, гімназію з залатым медалём, а яшчэ – духоўную семінарыю. Справа выхавання дзяцей стала сэнсам яе жыцця, рабоце аддавала ўсе сілы, таму ўпраўляцца дома па гаспадарцы настаўніцы дапамагала жанчына, якая стала ёй роднай і блізкай.

– Наш 10 “А” быў апошні, які Аляксандра Кірылаўна выпусціла ў 1968 годзе – перад выхадам на заслужаны адпачынак, – узгадвае Уладзімір ЛАЗАРАЎ. – Праўда, працавала яна ў школе, будучы на пенсіі, яшчэ доўгі час, бо такія педагогі сустракаюцца рэдка і развітвацца з імі кіраўніцтва не спяшаецца. Аляксандру Кірылаўну любілі і паважалі ўсе. На яе ўроках панавала атмасфера творчасці і натхнення, кожны з іх быў адметны і не падобны на папярэднія.

Пасля школы ў 16–17 гадзін мы спяшаліся на заняткі літаратурнага гуртка, каб зноў сустрэцца з нашай дарагой настаўніцай і прадоўжыць знаёмства з творамі, якія не значыліся ў школьнай праграме, але якія, на думку Аляксандры Кірылаўны, павінны былі ведаць. Яна імкнулася пашырыць наш кругагляд, даць трывалыя веды, прывіць пачуццё прыгожага. Кожнаму з наведвальнікаў аб’яднання падарыла кнігі. Мне асабіста – “Как заколялась сталь”, якую беражліва захоўваю як памяць пра тыя яркія і насычаныя школьныя гады.

У Аляксандры Кірылаўны была вялікая бібліятэка, яна збірала рэдкія экзэмпляры выданняў, якіх не сустрэнеш і ў раённай. Творы класікаў, энцыклапедыі, часопісы размяшчаліся на кніжных паліцах і займалі цэлы пакой. Жыла яна ва ўласным доме па вуліцы Махава, прыгожым і ўтульным. Бацька будучага педагога, па ўспамінах знаёмых, пабудаваў у Лоеве цагляны завод. Ён і паклапаціўся, каб будынак, у якім паселяцца родныя яму людзі, адпавядаў іх запытам, сучаснаму стылю. Брагінчанка Таццяна Прыходзька жыла насупраць, сябравала з настаўніцай, бывала ў яе ў гасцях. Яна праводзіла Аляксандру Кірылаўну ў апошні шлях, а зараз даглядае яе магілку. Па словах жанчыны, у доме былі высокая столь, прасторныя зала і кухня, разныя налічнікі.

Аляксандра Кірылаўна з калегамі (злева). Студзень 1952 года.

Таццяна Аляксееўна расказала пра гэтага цудоўнага чалавека шмат цікавага:

– Я прыехала ў Брагін, калі маці маёй суседкі ўжо не было ў жывых, але ж ад яе ведаю, што запрашэнне пераехаць у Маскву і працаваць там у інстытуце Аляксандра Кірылаўна адхіліла толькі па той прычыне, што хацела дагледзець самага дарагога ёй чалавека, выканаць свой дачэрні абавязак. Яна шмат чытала, выпісвала розныя часопісы, пастаянна працавала над сабой. У пенсійным узросце самастойна вывучыла англійскую мову, з гэтай мэтай набывала розныя дапаможнікі, слухала перадачы, купляла пласцінкі. Выдатна ведала лацінскую, французскую, нямецкую і іншыя мовы. Неяк прызналася, што ў паліклініцы Кіева, куды звярнулася, урачы паміж сабой раптам пачалі размаўляць па-лацінску. Яны і здагадацца не маглі, што гэтая сціплая і проста апранутая жанчына добра разумее іх…

Потым, калі я пачала працаваць у энергасістэме, пачула пра Аляксандру Кірылаўну толькі добрыя словы. Яе былая вучаніца не пераставала захапляцца начытанасцю і ведамі настаўніцы. Яна ніколі не глядзела ў падручнікі ці сшыткі, якія прыносіла з сабой. Усе творы цытавала па памяці, рабіла гэта вобразна і артыстычна, аж дух займала.

Мае сыны і дачка вельмі любілі суседку, з задавальненнем бегалі да яе. На іх дні нараджэння яна купляла падарункі і абавязкова дадавала да іх кніжкі, на якіх стаяў яе подпіс: А. Кулініч.

Мне яна часта гаварыла, што людзі павінны быць духоўна чыстымі, высакароднымі. «Запомні гэта, Таня», – паўтарала не раз. Сама была ўзорам прыстойнасці і мудрасці. Сям’ю не стварыла, бо не сустрэла таго адзінага, хто б спадабаўся і запаў у душу. Да ўсіх, хто да яе прыходзіў, звярталася на Вы, незалежна ад узросту. Многім дапамагала рабіць пераклады, курсавыя. А яшчэ любіла маляваць, у яе доме былі карціны, створаныя ўласнымі рукамі. Любіла ўсё прыгожае, разам са сваёй памочніцай Палінай Іванаўнай вырошчвала шмат кветак, не цуралася працы на агародзе. Была набажнай, у гады ганення на праваслаўную царкву на даху захоўвала іконы і Евангелле. Яно было перавыдадзена ў Ленінградзе ў 1913 годзе. Я прыняла яго з вялікай пашанай і зараз шчаслівая ад таго, што ўдастоілася такой увагі. Чытаць яго лёгка, бо побач з тэкстам на стараславянскай мове ідзе пераклад на рускай.

Кнігі са сваёй бібліятэкі настаўніца перадала ў брагінскія школы. Пасля яе смерці найбольш каштоўныя забраў пляменнік Леанід з Днепрапятроўска, дацэнт адной з ВНУ. Запомніліся ў яго руках тоўстыя тамы жоўтага колеру, мабыць, з пазалочаным пераплётам. Калі не памыляюся, гэта былі творы Пушкіна.
Шкада, што дом, у якім жыла настаўніца, не захаваўся, хаця ў ім можна было б зрабіць музей і пакінуць у ім тое кніжнае багацце, якому няма цаны. Яно, на мой погляд, стала б здабыткам усіх, хто любіць чытаць. Ад некалі квітнеючай сядзібы застаўся толькі пограб…

Настаўніцы Аляксандры Кірылаўне ад вучня яе Пятровіча Алега. 8 сакавіка 1927 года, Дзень жанчыны. Такі кранаючы подпіс зрабіў хлопчык на фотакартцы, якую падарыў любімаму педагогу.

Аляксандра Кірылаўна была ўзнагароджана ордэнам Леніна, ёй прысвоілі званне “Заслужаны настаўнік БССР”, як і яе сястры Ганне Кірылаўне (яна выкладала ў Астраглядах батаніку, заалогію). Сціплая і высакародная настаўніца пакінула на брагінскай зямлі добры след.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *