Твае людзі, Брагіншчына. Новыя факты з жыцця таленавітай настаўніцы

Важное Грамадства Нашы праекты: імёны малой радзімы

Аляксандра Кулініч у гады вучобы ў Клінцаўскай гімназіі. 1914 год.

У Год гістарычнай памяці на старонках раённага выдання мы расказваем пра знакамітых людзей Брагіншчыны, падзеі, якія адбываліся на яе тэрыторыі, культуру і народныя традыцыі жыхароў самабытнага краю. Адна з публікацый (у №29 за 22 ліпеня) была прысвечана заслужанай настаўніцы БССР Аляксандры Кулініч і выклікала інтарэс у нашых чытачоў і карыстальнікаў сайта.
А іерэй Расціслаў Бандарэнка прыйшоў у рэдакцыю з фотаздымкамі са сваёй калекцыі, каб дапоўніць звесткі пра Аляксандру Кірылаўну цікавымі фактамі. Асаблівую значнасць уяўляе шлюбная ікона бацькоў настаўніцы. З цяжкасцю, але ж можна прачытаць на зваротным баку подпіс: 1896 год мая 3 дня бракосочетание Кирилл и Параскева Кулинич. Захавалася да нашага часу прымацаваная да іконы кветка, што ўпрыгожвала адзенне маладых.

У доме было некалькі ікон. Адну з іх – Божай Маці – паклалі ў дамавіну, калі адпявалі Параскеву і праводзілі яе ў апошні шлях. Другая (з выявай Ісуса Хрыста) трапіла ў рукі святара. Гэта – воля Паліны Іванаўны, якая была для Аляксандры Кірылаўны і надзейнай памочніцай, і блізкім па духу чалавекам. Старэйшыя жыхары Брагіна яе памятаюць як царкоўнага старасту.
На фотакартцы 1914 года будучая настаўніца – у гады вучобы ў Клінцаўскай гімназіі. Атрымаць залаты медаль нашай зямлячцы дапамаглі не толькі прага да ведаў і ўседлівасць, але і дадзеныя прыродай разумовыя здольнасці, аб якіх потым расказвалі вучні.

Пра абсталяванне дома Аляксандры Кірылаўны нагадаў і Расціслаў Бандарэнка: старынныя стол і абрус, камода, напольныя вазы, сталовыя прыборы – усё адпавядала густу гаспадыні і тагачаснаму стылю. Вельмі шкада, што не захавалася бібліятэка. Відаць, не знайшлося пасля смерці жанчыны чалавека, які б змог ацаніць каштоўнасць рэдкіх кніг, а яны збіраліся дзесяцігоддзямі. Па словах святара, яму, падлетку, запомніліся тоўстыя тамы грузінскай паэзіі з перакладзенымі тонкай паперай старонкамі. А яшчэ – падарунак з Любеча, датаваны 1954 годам. Гістарычная кніга была прымеркавана да 300-годдзя Пераяслаўскай Рады (уз’яднанню Украіны і Расіі). І на гэтай, і на іншай – Васіля Ключэўскага, прысвечанай гісторыі Расіі, – стаяў подпіс: А.Кулініч. Рэдкія выданні сябры знайшлі выпадкова, і не ў школьнай бібліятэцы, а ў суседнім двары.

Іерэй Расціслаў Бандарэнка з іконай Ісуса Хрыста.

Род Кулінічаў вядомы з 1795 года. Аляксандра Кірылаўна вяла перапіску з Афонскімі (пра іерэя Аляксандра Афонскага з Сяльца расказвалася ў №15 ад 15 красавіка), і ўвогуле была асобай адоранай і ўсебакова адукаванай, з шырокім кругаглядам і нястомнай прагай да ведаў.

Такой яе запомнілі вучні і калегі.

Ніна СІНІЛАВА

Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ
і з архіва Расціслава Бандарэнкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *