Брагіну – 875! Жыві і красуй, з гадамі толькі маладзей, любы горад

Важное Грамадства

Родная Брагіншчына, шматпакутны, гераічны, самабытны край. Упершыню ўзгадваецца ў летапісах у 1147 годзе. Колькі гора вынес, навалы, але не скарыўся ні ворагу, ні абставінам. Здаўна тут жылі адной сям’ёй беларусы, рускія і ўкраінцы, радніліся, пераймалі і ўзбагачалі нацыянальныя традыцыі і абрады. Стагоддзямі насельніцтва Брагіна выпрабоўвала на сабе жахі войнаў. Аднак, дзякуючы цудоўнаму месцазнаходжанню, гарадок развіваўся. Жыхары навакольных вёсак займаліся земляробствам, мястэчка – гандлем і рамёствамі.

Утвораны раён 1 верасня 1924 года. Спачатку ўваходзіў у склад Палескай, а з 8 верасня 1954 года – Гомельскай вобласці. У 1962-м да яго далучылі Камарынскі раён. На 1 сту-дзеня 1930 года было калектывізавана 80% асабістых гаспадарак вяскоўцаў. У канцы 1932-га ўсё сялянства Брагіншчыны ўступіла ў калгасы. Іх налічвалася 132. Пасля завяршэння калектывізацыі ў 1934 годзе былі пабудаваны розныя прамысловыя прадпрыемствы: маслазавод, цагляны завод, вінзавод, хлебазавод, крухмальны завод. Добраўпарадкоўваліся населеныя пункты.

Хуткімі тэмпамі ажыццяўлялася культурная рэвалюцыя. Ужо ў 1940–1941 навучальным годзе ў раёне дзейнічала 104 агульнаадукацыйныя школы, 33 клубныя ўстановы. Паляпшалася медыцынскае абслугоўванне насельніцтва. Колькасць бальніц з 1928-га года а 1940 год павялічылася ў 2,5 раза.

Вераломнае ўварванне фашысцкай Германіі на тэрыторыю краіны перакрэсліла мірнае жыццё брагінчан. Наш райцэнтр быў акупіраваны ў канцы жніўня 1941-га. Вайна прынесла шмат страт мясцоваму насельніцтву. Толькі ў Брагіне было расстраляна 285 сем’яў. З 27 жніўня 1941 года па 23 лістапада 1943-га ў раёне былі поўнасцю або часткова разбураны ўсе грамадскія і гаспадарчыя пабудовы.

…На ўскраіне Брагіна, патанаючы вясной і летам у кветках і зеляніне, стаіць помнік ахвярам вайны. На ім не напісаны імёны тых, хто пахаваны ў гэтай брацкай магіле – цяжка пералічыць усіх, каго расстралялі, закатавалі, спалілі фашысцкія нелюдзі ў 1941–1943 гг. Страшным месцам называлі жыхары пасёлка гэтыя пяскі. І раніцай, і познім вечарам адтуль даносіліся жахлівыя крыкі жанчын і дзяцей, чуліся аўтаматныя і вінтовачныя стрэлы. Тут знайшлі спакой восем тысяч мірных жыхароў. У Год гістарычнай памяці ў ходзе патрыятычнай акцыі “Дарогамі спаленых вёсак” (у нашым раёне нацысты знішчылі 71 населены пункт) вёўся збор сродкаў на мадэрнізацыю воінскага пахавання на вуліцы Пясочнай. Мітынг, прысвечаны адкрыццю пасля рэканструкцыі помніка “Памяці ахвяр фашызму”, адбудзецца 2 верасня.

23 лістапада 1943 года ўся тэрыторыя раёна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паступова самаадданай працай былі залечаны цяжкія раны вайны, адноўлены прадпрыемствы і арганізацыі, на месцах былых змаганняў з’явіліся помнікі і брацкія магілы, на якасна новую ступень узнялося і само жыццё. У 1947 годзе першым у рэспубліцы Брагінскі раён дасягнуў даваеннай ураджайнасці, перавысіў план асваення пасяўных плошчаў, за што быў унагароджаны пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, ЦК ЛКСМБ, а калгас «Чырвоная ніва» ўдостоены пераходнага Чырвонага сцяга ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК УЛКСМ як пераможца Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва за павышэнне эфектыўнасці вытворчасці і якасці работы. У гэтым жа годзе калгас «Чырвоная Ніва» быў названы ў ліку лепшых гаспадарак рэспублікі.

Праславіліся сваімі дасягненнямі такія гаспадаркі як калгас ордэна Леніна імя Тэльмана, «Шлях да камунізму», саўгас «Астрагляды» і іншыя.

Чорнай хмараю пранеслася над Брагінам чарнобыльскае воблака. Пад радёактыўнае забруджванне падпалі 118 з 138 населеных пунктаў. У іншыя рэгіёны былі адселены жыхары 52 вёсак, дзевяць з якіх пахаваны. З землекарыстання выведзена 92,5 тысячы гектараў зямлі. Ліквідавана пяць саўгасаў, пяць калгасаў, чатыры арганізацыі. Ужо з пачатку чэрвеня 1986 года ў раёне дыслацыраваліся некалькі воінскіх часцей.

Ваеннаслужачыя займаліся дэзактывацыяй і аховай адселеных тэрыторый. Практычна ва ўсіх населеных пунктах былі пракладзены водаправоды, прабіты новыя артэзіянскія свідравіны, заасфальтаваны вуліцы. Шашэйнымі дарогамі былі злучаны амаль усе вёскі, якія засталіся.

У 1988 годзе на землях 30-кіламетровай зоны адчуджэння і адсялення быў заснаваны Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Стойка перанеслі брагінчане найцяжэйшыя выпрабаванні: дзве хвалі перасялення, а потым і вяртанне ў родныя мясціны, адкуль іх вырвалі з сэрцам. Трэба было вучыцца жыць і працаваць на забруджанай зямлі, аднаўляць цудоўны куточак беларускага Палесся, вяртаць яму былую славу і дасягненні. Лёс раёна канчаткова вызначыўся пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі на Брагіншчыну. Я памятаю яго словы аб тым, каб людзям, якія хочуць тут жыць, не перашкаджалі ў гэтым. У 1996 годзе была прынята дзяржаўная праграма па ліквідацыі паследкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 1996–2000 гады, якая прадугледжвала рэалізацыю прыярытэтных мер па зніжэнні агульнай рызыкі страты здароўя насельніцтва, эканамічных і сацыяльных паследкаў.

Плошча раёна складае 1962 кв. км, працягласць з поўначы на поўдзень – 93 км, з усходу на захад – 46. Ён клінам уразаецца паміж рэкамі Днепр і Прыпяць у месцах іх зліцця.

Для аграпрамысловага комплексу 2005 год стаў найбольш спрыяльным: пра-цаўнікі вёскі выйшлі на рубяжы, якія Брагіншчына мела да чарнобыльскага 1986 года. Пачалася пераспецыяліцыя забруджаных радыенуклідамі гаспадарак. Прэзідэнт не раз адзначаў, што ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, можна і патрэбна жыць, рэабілітаваць гэтыя тэрыторыі. Комплекс ахоўных мерапрыемстваў дазваляе атрымліваць прадукцыю, якая адпавядае ўстаноўленым рэспубліканскім дапушчальным узроўням утрымання радыенуклідаў.

У апошнія гады ў грамадскім сектары не было ніводнага выпадку перавышэння РДУ ў малацэ і мясе. Вялікія грошы ўкладваюцца ў вапнаванне глебы і ўнясенне павышаных доз мінеральных угнаенняў. Яны зніжаюць пераход шкодных рэчываў у прадукцыю.

На Брагіншчыне жывуць адкрытыя, гасцінныя людзі. Наша зямля вырасціла трох Герояў Савецкага Саюза, дзевяць Герояў Сацыялістычнай Працы, аднаго поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы. Несумненна, людзі – галоўная каштоўнасць нашага краю.

У 2020-м раён выходзіў пераможцам спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці з насельніцтвам да 30 тысяч жыхароў і занясеннем на абласную Дошку гонару. Сёлета ў чарговы раз (чацвёрты год запар) заняў першае месца сярод населеных пунктаў сваёй групы па добраўпарадкаванні. Гэта – калектыўны поспех, заслуга кожнага працаўніка. Самы паўднёвы палескі раён упэўнена рухаецца наперад. Нарошчвае аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі, праводзіць рэканструкцыю старых ферм і будуе новыя. Адна з іх – малочна-таварны комплекс “Касачоў” ААТ “Брагінка”на 720 кароў.

Выкананне сацыяльных праграм – пад пастаянным кантролем раённага выканаўчага камітэта. Маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць штогод на Брагіншчыну, забяспечваюць жыллём, ствараюць умовы для іх працы і адпачынку. А для мнагадзетных сямей будуюцца дамы і кватэры з дзяржаўнай падтрымкай.

Добраўпарадкаванне, стварэнне інфраструктуры для нармальнага жыцця людзей – абавязковыя пункты праграмы па развіцці тэрыторыі. Наш Брагін з гадамі толькі маладзее і прыгажэе, што не можа не радаваць жыхароў і гасцей старажытнага пасёлка.

Ніна СІНІЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *