На абласных дажынках у Добрушы аграпрамысловы комплекс Брагіншчыны будзе прадстаўляць дэлегацыя з 15 чалавек

Главное Грамадства Сельское хозяйство

На абласных дажынках у суботу, 12 лістапада, аграпрамысловы комплекс Брагіншчыны будзе прадстаўляць дэлегацыя з 15 чалавек. Па колькасці ўдзельнікаў – адна са шматлікіх. Добрая навіна для ўсіх, каму неабыякавы лёс сельгаспрадпрыемстваў раёна, хто сочыць за іх развіццём і радуецца дасягненням.

У Добруш, дзе будзе праходзіць фестываль-кірмаш, акрамя старшыні райвыканкама Сяргея Карпенкі і яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Аляксандра Гарашчанкі, паедуць дастойныя прадстаўнікі працоўных калектываў. Гэта трактарысты-машыністы Андрэй Гуз і Сяргей Чыгарэўскі (ААТ “Малажынскі”), Мікалай Карсак і Дзмітрый Коваль (“Брагінка”), Сяргей Сідарок (“Пераможнік”), Аляксандр Заранік (“Брагінскі”), Міхаіл Салдаценка (“Чамярыскі”). Вадзіцелі-тысячнікі: Уладзімір Шахніцкі (“Імя Жукава”), Рыгор Малочка (“Чамярыскі”), Мікалай Нікалаеў (“Брагінка”).

Ёсць у нас і выдатныя аператары машыннага даення. Гонар прыняць удзел у галоўным свяце хлебаробаў (а віншаваць і адзначаць за працу на ім будуць не толькі камбайнераў і вадзіцеляў, але і жывёлаводаў) выпаў Сяргею Вераксу з “Чамярыскага” і Алене Шпандарук з “Пераможніка”.

Дырэктарскі корпус прадставіць выканаўчы дырэктар ААТ “Малажынскі” Цімафей Стасюлевіч.

У лік пераможцаў па ўборцы зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў у абласным спаборніцтве выйшлі хлебаробы нашага раёна. На свяце ўраджаю ў Добрушы на п’едэстале гонару мы ўбачым лепшых з лепшых камбайнераў і вадзіцеляў Брагіншчыны.

Лідар сярод хлебаў-борачных экіпажаў – наш! Старшы камбайнер Андрэй Гуз разам са сваім памочнікам Аляксандрам Новікам (“Малажынскі”) першымі ў вобласці намалацілі дзве тысячы тон збожжа.

На 12 жніўня на іх рахунку было 2020 тон, а ўсяго за сезон з бункера камбайна КЗС-1218 выдалі 2387 тон зерня, убраўшы 1010 гектараў. Перамога заслужаная і заканамерная.

У час сёлетняга жніва з высокімі паказчыкамі іх віншавалі старшыня райвыканкама Сяргей Карпенка, тагачасны старшыня Гомельскай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Наўныка, прафсаюзныя лідары раёна Раман Цеслянок і Валянціна Дзегцярэнка. Не ўпусцілі магчымасці сустрэцца з вопытнымі хлебаробамі і прадстаўнікі ААТ “Гомсельмаш”. Андрэю Пятровічу яны прывезлі сувенір: калекцыйную мадэль камбайна.

За гады работы ў “Малажынскім”, а прыйшоў ён у гаспадарку ў 2003-м, удзельнічаць у рэспубліканскіх святах “Дажынкі” нашаму земляку выпадаў гонар не раз. У 2012-м ён заняў другое месца сярод маладых камбайнераў і быў запрошаны ў Горкі, дзе яму падаравалі скутар.

У 2016-м Андрэй Гуз стаў лідарам абласнога спаборніцтва сярод мала-дзёжных зернеўборачных экіпажаў. На камбайне КЗС-1218 намалаціў 2032,6 тоны збожжа на ўмоўны камбайн.
Любоў да прафесіі ў яго ад бацькі, Пятра Маркавіча, калгаснага вадзіцеля. Дзякуючы яму сын стаў дбайным гаспадаром хлебнай нівы і прыкладвае нямала сіл і здароўя, каб малажынскія землі радзілі шчодра.

Абласны фестываль-кірмаш без Рыгора Малочкі я асабіста не ўяўляю, настолькі трывала замацаваўся ён на галоўным свяце працаўнікоў вёскі. Аб гэтым сведчаць шматлікія дыпломы і Ганаровыя граматы. У 2008-м у Оршы і ў 2009-м у Кобрыне наш праслаўлены зямляк уздымаўся на другую прыступку хлебаробскай славы, у 2010-м у Лідзе яго ўшаноўвалі як пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня ад камбайнаў. У Маладзечне ў 2011-м Рыгор Рыгоравіч прымаў віншаванні з ганаровым другім месцам. У 2012-м у Горках і 2013-м у Жлобіне – з першым месцам.

У 2020-м у Мазыры ён зноў лідзіраваў сярод вадзіцеляў на адвозцы збожжа ад камбайнаў, не ўступіў нікому першынства і ў 2021-м. І сёлета трапіў у тройку лепшых. Віншуем ад душы і жадаем новых працоўных перамог. Ужо сёння без перабольшвання можна сказаць, што свой радок у летапіс добрых спраў працаўнікоў АПК Брагіншчыны Рыгор Малочка ўпісаў. Яму ўласціва высокае пачуццё адказнасці.

На думку тых, хто ведае першакласнага вадзіцеля не адзін год, менавіта гэтая рыса характару дапамагае нашаму земляку заваёўваць прызавыя месцы і быць у ліку лепшых. Свой ГАЗ-53 эксплуатуе беражліва, сочыць за яго тэхнічным станам. Атрымаў яго ў 2012 годзе, калі ў гаспадарку прыйшоў новы аўтамабіль. Вопытных вадзіцеляў хапае, але ж тэхніку даверылі яму. Рыгор Рыгоравіч не адмаўляецца ні ад якой работы, з аднолькавым стараннем дастаўляе на зернеток намалочаную збажыну і развозіць па фермах муку, удзельнічае з вырашчанай на палях ААТ прадукцыяй у восеньскіх кірмашах, імчыць у далёкія рэйсы за патрэбнымі для гаспадаркі грузамі. І так на працягу года.

У ААТ “Чамярыскі” ён працуе з 2000-га, з дынастыі шафёраў. Прыкладам у рабоце стаў родны брат бацькі – Мікалай, якога паважалі. Усё лепшае Рыгор Рыгоравіч узяў ад блізкага чалавека.


На абласных дажынках у мінулым годзе віншаванні прымаў яшчэ адзін прадстаўнік Брагіншчыны – Мікалай Нікалаеў (ААТ “Брагінка”). Ён заняў трэцяе месца сярод маладых вадзіцеляў, а сёлета – другое. Пра яго я пачула шмат добрых слоў. “Працавіты, надзейны, добразычлівы, у асноўным ажыццяўляе далёкія рэйсы”, – ахарактарызавалі Мікалая ў гаспадарцы. Ад таго, хто накіроўваецца ў няблізкую дарогу, патрабуюцца дысцыплінаванасць і ўважлівасць. І гарантыя таго, што заданне будзе выканана ў тэрмін. З гэтым у Мікалая Валянцінавіча ўсё ў парадку.

Акрамя ўсяго, малады вадзіцель з’яўляецца бацькам трох дзетак, што не менш важна, чым яго вытворчыя паказчыкі.

Праславіў “Брагінку” і Мікалай Карсак. У 2021-м словы падзякі ў яго адрас гучалі на раённых дажынках, а ў бягучым годзе прозвішча Мікалая Пятровіча значыцца ў ліку пераможцаў спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў. Свой КВК уключыў у работу яшчэ ў красавіку, спачатку рыхтаваў зялёную масу для прыгатавання сенажу, а пасля пераключыўся на кукурузу. Убіраў каралеву палёў не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў суседнім раёне. У выніку на яго рахунку – 22 тысячы тон зялёнай масы на ўмоўны камбайн, што дазволіла заняць трэцяе месца сярод трактарыстаў-машыністаў вобласці.
Такія людзі – гонар і слава раёна. У брагінскіх хлебаробаў і почырк адметны. Іх можна пазнаць па высокіх паказчыках, мэтанакіраванасці і чалавечнасці.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *