Інтэрв’ю ў нумар. Паступова змяняем мінус на плюс

Общество Сельское хозяйство

Закончыліся два месяцы зімоўкі. Як праходзіць яна ў гаспадарках раёна, мы папрасілі расказаць галоўнага заатэхніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Пятра Пінчука.

– Пётр Валер’евіч, мінулы раз, калі мы з Вамі сустракаліся, каб падвесці рысу пад паказчыкамі работы галіны за дзевяць месяцаў, станоўчага было мала. У цэлым па раёне малюнак складваўся непрыглядны. Ці ўдалося зменьшыць мінус у вытворчасці малака, вырошчванні буйной рагатай жывёлы?

– Вытворчасць малака за адзінаццаць месяцаў склала 93%. З усіх сельгаспрадпрыемстваў толькі ААТ “Пераможнік” плюсуе: з пачатку года атрымана 3482, 2 тоны (106%). У лістападзе пачала выпраўляцца сітуацыя ў “Брагінцы”, дзе валавы надой за месяц – 277 тон (107%), а таксама ў “Брагінскім” (101%).
Прадукцыі рэалізавалі таксама менш. На перапрацоўку з ферм і комплексаў раёна адпраўлена 19 883,6 тоны малака (94%). Гэта не датычыцца “Пераможніка” і “Брагінкі”, дзе продаж, наадварот, павялічылі.
Зніжана прадуктыўнасць дойнага статка. У разліку на карову атрымана па 3455 кг малака, што на 187 менш чым у мінулым годзе. Выключэнне – “Пераможнік” (+247 кг) і “Малажынскі” (+6). Па такой пазіцыі як таварнасць малака становішча ў цэлым нядрэннае. Яна складае 86,4% супраць мінулагодняй 85,8%.
Адмоўны паказчык па вырошчванні буйной рагатай жывёлы: усяго 87% да ўзроўню мінулага года. У лідарах – “Брагінка” (107%) і “Пераможнік” (104%). Паколькі сярэднясутачныя прывагі невысокія, то і валавая вытворчасць мяса ў мінусе.

– Колькі атрымана прыплоду?

– За адзінаццаць месяцаў – 6754 галавы, што на 595 меншчым за адпаведны перыяду 2021-га. Мінус, які склаўся з пачатку года, паступова ліквідоўваем. За апошнія чатыры месяцы адзначаецца станоўчая тэндэнцыя як у цэлым па раёне, так і ў разрэзе гаспадарак. У лістападзе, напрыклад, нарадзілася на 116 цялят больш чым летась. Не змаглі ліквідаць адставанне толькі ў “Малажынскім” (мінус 64 галавы).
Удалося на 72 галавы знізіць паморак буйной рагатай жывёлы. У аўтсайдэрах “Брагінскі”, дзе падзеж павялічыўся. У грамадскіх статках налічваецца 25 836 галоў буйной рагатай жывёлы (101%). Па гэтай пазіцыі мы плюсуем.

– З таго, што вы расказалі, напрошваецца вывад: да ідэальнага парадку далёка. Ёсць станоўчыя моманты ў рабоце, але ёсць і негатыў. У чым прычыны адставання?

– Іх некалькі. Гэта не толькі парушэнне тэхналогіі кармлення і даення, адсутнасць парадку ў некаторых ААТ, незбалансаванасць рацыёну, але і недахоп кваліфікаваных кадраў. У першую чаргу – тэхнікаў па асемяненні жывёлы. Асабліва востра стаіць праблема ў “Малажынскім”, “Брагінскім”. Некаторы час не было спецыяліста ў “Імя Жукава”, але зараз там працуе чалавек, які прайшоў навучанне на курсах у сельгасакадэміі ў Горках.
Кармамі на зімова-стойлавы перыяд пагалоўе буйной рагатай жывёлы забяспечана, хапае камбікармоў, гэта галоўнае. Астатнія пытанні вырашаюцца ў працэсе работы. Хацеў бы звярнуць увагу на вываз арганікі з кашар і ферм, забяспечанасць сухім подсцілам. Будзе парадак – будзе і прадукцыя.

Гутарыла Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *