22 сакавіка спаўняецца 80 гадоў з дня трагедыі Хатыні

Главное Грамадства Позиция Валентины Бельченко

Сярод мемарыялаў, пабудаваных у нашай краіне як даніна памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай, “Хатынь” займае асаблівае месца. Гэта – помнік чалавечым пакутам, вечны напамін аб ваенных злачынствах нацызму і перасцярога ўсім мірным лю-дзям ад паўтарэння падобнага.

Невялікая беларуская вёска, якая стала сімвалам усіх спаленых населеных пунктаў Савецкага Саюза, была знішчана фашысцкімі карнікамі і іх памагатымі 22 сакавіка 1943 года. Той дзень стаў апошнім для 149 чалавек.

Усіх іх – старых і малых, хворых і знямоглых, жанчын і мужчын – сагналі ў хлеў. Зачынілі. А потым… Унутры стаялі лямант, крыкі, дзіцячы плач – вылюдкі абклалі сцены саломай, палілі бензінам і чыркнулі запалкамі. Драўляная пабудова загарэлася, не вытрымалі – паваліліся пад націскам дзясяткаў людзей дзверы. Але тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага палону, фашысты спакойна расстрэльвалі. Яны вынеслі ні ў чым не павінным жыхарам смяротны прыгавор. Самаму малодшаму з іх споўнілася ўсяго сем тыдняў…

Пачатак гэтай трагічнай гісторыі быў пакладзены ў некалькіх кіламетрах ад Хатыні. Партызаны перарэзалі правады сувязі праціўніка і стварылі засаду. На папраўку пашкоджання выехалі два ўзводы 118-га паліцэйскага батальёна. Камандзір першай роты Ханс Вёльке – алімпійскі чэмпіён і знаёмы фюрэра – забіты. Партызаны адыходзяць у Хатынь. Іх каля 150 чалавек. Немцы выклікаюць дапамогу: дадаецца батальён СС Дзірлевангера. І каля 15.00 яны з’яўляюцца на ўскраіне вёскі. Пасля невялікага бою партызаны адыходзяць. А карнікі ўчыняюць расправу над мірным насельніцтвам.

Толькі тром хатынцам было суджана выбрацца з ахопленага полымем хлява і выжыць. Віктару Жалабковічу, напрыклад, тады налічвалася толькі каля сямі. І калі чытаеш яго паказанні – цяжкія, неймаверна пякучыя – не паддаюцца разуменню жорсткасць, бязлітаснасць і варварства фанатычных вылюдкаў. Вось толькі частка з пратакола яго допыту як сведкі трагедыі:

– Знаходзячыся побач з маці каля ўваходу ў хлеў, я бачыў праз шчыліну, як карнікі пачалі падкідваць да сцен салому, а потым сталі падносіць каністры з бензінам і абліваць ім сцены, пасля чаго ўсё гэта падпалілі. Калі агонь ахапіў будынак, звар’яцелыя ад страху людзі, разумеючы, што ім суджана жывымі згарэць у агні, кінуліся натоўпам да дзвярэй хлява, які быў закрыты звонку драўлянай засаўкай, і сарвалі іх. Тыя, хто выбіраўся, траплялі пад кулі і падалі ў некалькіх метрах ад хлява.

Я разам з маці, знаходзячыся ў другіх радах людзей, якія выбраліся з хлява, нейкім цудам пераадолелі гэтыя некалькі метраў, што аддзялялі нас ад зваленых кулямі аднавяскоўцаў, жывымі. Накрыўшы мяне сабой, маці шапнула, каб я не рухаўся. У гэты час я адчуў, як куля апекла мне левае плячо. Я паведаміў аб гэтым маці і тут жа адчуў, як яна моцна ўздрыгнула, па ўсім яе целе прайшла сутарга, і яна заціхла, не адказваючы на мае пытанні. Я зразумеў, што яна мёртвая.

Ад пажарышча ў мяне пачало тлець адзенне. Каб неяк выратавацца ад агню, я адпоўз на некалькі метраў убок і працягваў нерухома ляжаць, пакуль не сціхла стральба і не пакінулі вёску карнікі. Калі падняўся – тое, што ўбачыў, узрушыла мой дзіцячы розум. Першае жаданне, якое ўзнікла, – гэта зазнаць тую ж долю, што і мае аднавяскоўцы, спаленыя ў агні і палеглыя ад куль карнікаў. Калі б была такая магчымасць, я, не раздумваючы, кінуўся б у агонь, у якім загінулі мой бацька, браты і сястра. Ад хлява тады засталіся толькі дагараючыя касцякі яго вуглоў. На папялішчы трыма групамі, на адлегласці некалькіх метраў адзін ад аднаго, у розных позах ляжалі абгарэлыя трупы мужчын, жанчын і дзяцей. Некаторыя з іх яшчэ падавалі прызнакі жыцця і прасілі мяне даць ім вады. Я набіраў з бліжэйшых лужын чырвоную ад крыві ваду і ў прыгаршчах падносіў ім. Нават сваім дзіцячым розумам я ўсведамляў, што гэтыя людзі асуджаны і іх чакае немінучая смерць.

…Хто і калі пахаваў трупы і астанкі жыхароў вёскі Хатынь, мне невядома, бо пасля ўсяго не мог бачыць месца знішчаных аднавяскоўцаў. Мяне прытулілі сваякі з вёскі Казінец.

У жывых пасля трагічных падзей 22 сакавіка застаўся і 12-гадовы Антон Бараноўскі, якога параніла ў нагу, і гітлераўцы прынялі яго за мёртвага, што і выратавала. Пазней ён жыў у Мінску, трагічна загінуў у 1969-м. А з дарослых выжыў толькі 56-гадовы Іосіф Камінскі. Абпалены і паранены, ён апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. І яго чакаў яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў землякоў знайшоў свайго сына, які быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Хлопчык памёр на руках у бацькі.

Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага і пакладзены, як вядома, у аснову скульптуры мемарыяльнага комплексу – “Няскораны чалавек”. Ён жыў пасля вайны ў вёсцы Козыры Лагойскага раёна Мінскай вобласці і да апошніх сваіх дзён прыходзіў у Хатынь.

Страшны лёс разам з Хатынню раздзялілі тысячы вёсак Беларусі. Такая яна, гітлераўская палітыка генацыду на акупіраваных тэрыторыях. Жахлівая, страшная рэальнасць мінулага. Расстрэлы, спаленні людзей, закопванне жывымі, забойствы дзяцей… Усё гэта было, у тым ліку і ў нашым раёне. Паводле апошніх удакладненых даных, на Брагіншчыне цалкам або часткова быў знішчаны 71 населены пункт. Тры з іх – Байдакі, Уладзімірскі, Усохі – так і не аднавіліся. Больш за 9000 мірных жыхароў загінулі ад рук нацыстаў.

Перагортваць у чарговы раз гэтыя трагічныя старонкі гісторыі цяжка. Складана ўявіць, што гэта ўвогуле калісьці адбывалася. Не патрэбна вайны! Як перасцярога – металічны плач званоў Хатыні.

Глыбока сімвалічна, што ў Год гістарычнай памяці мадэрнізавана воінскае пахаванне ахвяр вайны, размешчанае ў Брагіне па вуліцы Пясочнай. А сёлета, у Год міру і стварэння, прадоўжыцца работа па яго добраўпарадкаванні. Гэтым брагінчане пацвярджаюць сваю перакананасць: праўда вайны – вечная, а мір – самая вялікая каштоўнасць.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *