Нашы землякі. Таццяна Шэін вярталася заўсёды ў родныя мясціны

Важное Грамадства

Прысутныя ў зале ажывіліся, калі на сцэну дома культуры выйшла рухавая і зграбная жанчына з бубнам і звонкім голасам запела:

– Ах, весна, ах, весна,
Времечко прекрасное.
Коллектив наш
из Новой Иолчи,
Из совхоза “Красное”.

Было гэта некалькі гадоў таму. На раённым конкурсе калектываў мастацкай самадзейнасці “Брагінская музычная вясна” Таццяна Ціханаўна Шэін – а размова ідзе менавіта пра яе – выдзялялася не толькі сваім прыгожым убраннем, але і прыпеўкамі, якія складала сама, жартамі, дасціпным гумарам. Запомнілі і палюбілі яе не толькі брагінчане, але і жыхары іншых раённых цэнтраў, якія бачылі выступленне самабытнай таленавітай спявачкі. У складзе калектыву яна прымала ўдзел у абласных аглядах-конкурсах і перамагала. Нават журы не перапыняла, дазваляла пабыць на сцэне даўжэй, чым адводзілалася рэгламентам, каб атрымаць зарад пазітыву, асалоду. Наша зямлячка біла ў бубен, прытанцоўвала і спявала так, што аж дух захоплівала. Пры выкананні кожнага нумара была эмацыянальная і радасная, таленавітая і шчырая. Як і ў жыцці.

У свае 88 гадоў Таццяна Ціханаўна па-ранейшаму піша вершы, прысвячае іх родным і блізкім, сябрам, займаецца рукадзеллем, плануе кожны свой дзень. Сурвэткі з прыгожым арнаментам, дыванкі – з падручнага матэрыялу. Купляе сетку, што выкарыстоўваецца пры атынкоўцы сцен, прыдумвае ўзор і з дапамогай рознакаляровых нітак стварае цудоўныя рэчы. Такі сувенір у падарунак – знак асаблівай павагі да тых, каго паважае і шануе.

Пра касцюм, у якім выступае, хацелася б сказаць асобна. Пашыла яго Таццяна Ціханаўна сама. Дарэчы, не з матэрыі, а з маленькіх ручнічкоў. І галаўны ўбор падабрала, каб усё адпавядала яе густу, глядзелася прыгожа і стыльна. Ацанілі ўсе, нават немцы, якія прыязджалі ў Залессе да яе родных у госці. Убачыўшы арыгінальнае ўбранне, не маглі адвесці вачэй. Давялося падараваць. У свой час Таццяна Ціханаўна пашыла два такія касцюмы, нібы прадбачыла, што адзін паедзе за мяжу.

Шчодрасць душы маёй гераіні – асаблівасць характару. Шмат гора давялося перажыць дзяўчынцы, якая нарадзілася ў 1935 годзе, зведала голад і холад ваеннай пары, рана пайшла на свой хлеб. Вучылася завочна ў Гомельскім кааператыўным тэхнікуме, працавала ў сельпо касірам. І куды б ні выязджала з Новай Іёлчы, вярталася назад, у родныя мясціны, дзе цудоўная прырода і шырокія прасторы. Не маглі затрымаць яе ні перспектыўныя прапановы ўладкавацца на завод, атрымаць прафесію і месца ў інтэрнаце, ні спакусы гарадскога жыцця.

З мужам Міхаілам выхавалі сына і дачку. На жаль, яе любімая Наташа заўчасна пайшла з жыцця, пакінуўшы ў сэрцы матулі незагойную рану. Свой боль яна выказала ў вершах. Без слёз і хвалявання чытаць іх нельга. Шмат паэтычных радкоў адрасавана сыну Аляксандру, унукам, нявестцы. Ода Брагіну датавана 2003 годам. У невялічкім зборніку, які трымаю ў руках, споведзь душы, якую перапаўняюць пачуцці любові не толькі да родных, але і да малой радзімы. Некалькі вершаў прысвечаны ўрачам і медсёстрам, блізкім людзям.

Усе, хто ведае Таццяну Ціханаўну, здзіўляюцца яе таленту ствараць вакол сябе прыгажосць і акружаць добрымі людзьмі, наладжваць свой быт. Нават прылады для работы ў агародзе зрабіла ўласнымі рукамі! Не зніклі з гадамі цяга да мастацтва, музыкі, песні, захапленне ігрой на гармоніку. Сумуе па тым часе, калі на Брагіншчыне ў дамах культуры і сельскіх клубах было мнагалюдна, самадзейныя артысты выступалі з канцэртамі, выязджалі ў суседнія раёны і населеныя пункты… Культурнае жыццё бурліла цераз край. Але ж многіх з тых, каго ведала, ужо няма сярод нас. Засталася толькі памяць.

Журналісцкія сустрэчы кароткія. Ад’язджалі мы ад дома Таццяны Ціханаўны з пачуццём глыбокай павагі да гэтай цудоўнай жанчыны, якая, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, захавала ў сэрцы дабрыню і святло, аптымізм. Па дарозе ў Брагін я ўвесь час узгадвала яе вершы і песні і пра сябе іх напявала.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *