Вясна. Цяпло. Вялікая ўборка. У абласным суботніку прынялі ўдзел больш за тры тысячы жыхароў Брагіншчыны

Грамадства

Прывядзенне ў належны стан пасля зімы мясцовых вуліц, двароў, зон адпачынку, прылеглых да будынкаў участкаў – толькі частка спраў, у якія ўключыліся людзі. Дружна працавалі ў мінулую суботу ў самых розных куточках раёна кіраўнікі, дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, цэлыя калектывы.

У Брагіне, напрыклад, асноўныя сілы былі сканцэнтраваны на вуліцах Савецкай, Чалідзе, Кірава і Скарахода, а таксама ў парках па вуліцах Акцябрскай і Паркавай. Частка работнікаў і актывісты БРСМ далучыліся да добраўпарадкавання помнікаў.

У Камарыне з мётламі, граблямі і рыдлёўкамі выйшлі на вуліцы Леніна і Карла Маркса. Прадстаўнікі мясцовых арганізацый убіралі пясок каля бардзюраў, ачышчалі тэрыторыі ад смецця, апалага голля і сухога лісця.

У населеных пунктах Малажынскага сельскага Савета працоўны дэсант наводзіў лоск вакол будынкаў, памятных месцаў. У тым ліку высякалі дзікарослую расліннасць, падрыхтоўвалі клумбы. У Бурках, Мікулічах і Конанаўшчыне не толькі прыбіралі замацаваныя тэрыторыі, але і прыводзілі ў парадак агароджу, ажыццяўлялі дэмантаж старых архітэктурных формаў, працавалі на могілках. У вёсках Малейкаўскага сельскага Савета фармавалі кроны дрэў, пазбаўляліся ад смецця ўздоўж дарог, сухога голля, рэшткаў старых пабудоў, рамантавалі заборы…  Мэта ўсіх мерапрыемстваў адна – палепшыць знешні выгляд родных мясцін, стварыць зручныя, камфортныя ўмовы для жыцця, працы і адпачынку. Да спраў на агульную карысць у мінулую суботу далучыліся больш чым 3000 жыхароў раёна. Зароблена каля 25 тысяч рублёў.

Сабраныя сродкі, як ужо паведамлялася ў папярэднім нумары “МП”, пойдуць на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *