«Помніце пра нас, людзі…». Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Васіля Быкава

Грамадства Літаратурная гасцёўня

У 18 год ён апынуўся на вайне, дзе двойчы быў паранены – у плячо і жывот. З-за гэтага яго памылкова запісалі як загінуўшага, а родныя атрымалі «пахаронку». Яго імя так і засталося на абеліску… Гэта не гісторыя з фільма, а частка жыцця Васіля Быкава. Сёлета беларуская літаратура адзначае 100-годдзе з дня нараджэння знакамітага пісьменніка.

Нарадзіўся Васіль Быкаў 19 чэрвеня 1924 г. у вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У яго былі яшчэ сястра Валянціна і брат Мікалай. Як і любы вясковы хлопчык, Васіль дапамагаў бацькам па гаспадарцы. І праяўляў клопат аб родных, нават калі пакінуў дом – высылаў грошы. Аднак сваё дзяцінства успамінаў як час, калі часта не было чаго паесці і апрануць. «Радасць – прырода і кнігі», – выказваўся пазней Быкаў.

Чытаць, дарэчы, Васіль навучыўся вельмі рана. Гэта стала для хлопчыка адным з любімых заняткаў. Яшчэ ў школе ён пазнаёміўся з творчасцю Міхася Лынькова, Якуба Коласа, Янкі Купалы. Чытаў і замежную прыгодніцкую класіку – Жюля Верна, Джэка Лондана, Вальтэра Скота і інш. Акрамя гэтага, любіў маляваць. Гэтую творчую здольнасць пранёс праз усё жыццё. У школе ён рэдагаваў насценгазету і сам жа яе афармляў. Пазней некаторыя замалёўкі паслужаць вокладкай для яго кнігі «Мёртвым не баліць».

З мастацтвам звязаў і далейшы лёс. Пасля васьмі класаў Кубліцкай школы паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча на жывапіснае аддзяленне, потым яго перавялі на скульптурнае. Аднак марам не было наканавана здзейсніцца. Праз год давялося пакінуць навучальную ўстанову, паколькі ў той час адмянілі дзяржаўныя стыпендыі, і матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла прадоўжыць навучанне. Юнак паступіў у Віцебскую школу фабрычна-заводскага навучання №5, якую скончыў у маі 1941 года, пасля чаго быў накіраваны працаваць ва Украіну ў горад Шостку.

Менавіта там і застала Вялікая Айчынная вайна. Яго мабілізавалі на абарончыя работы. У складзе інжынернага батальёна Быкаў будаваў аб’екты ў розных гарадах. Зімой 1941–1942 гг. апынуўся ў Аткарску Саратаўскай вобласці, там вучыўся ў чыгуначнай школе. Калі споўнілася 18, быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны на вучобу ў Саратаўскае ваеннае вучылішча. Дарэчы, бацька пісьменніка Уладзімір Фёдаравіч у свой час прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, быў у нямецкім палоне, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне.

З 1943 года Васіль Быкаў ваяваў на 2-м і 3-м Украінскіх франтах у званні малодшага лейтэнанта, потым – лейтэнанта, камандаваў спачатку стралковым узводам, потым – узводам 45-міліметровых гармат. Быкаў быў двойчы паранены, а яго бацькам выслалі пахаронку. На ўкраінскай зямлі быў узведзены абеліск з пазначаным на ім імем пісьменніка. Але яго толькі параніла. Праз пэўны час гэтыя падзеі будуць пакладзены ў аснову твораў самім аўтарам.

За ваенную службу Быкаў быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі». Баявымі шляхамі Васіль Быкаў прайшоў тэрыторыі Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. Пасля заканчэння вайны часць Быкава накіравалі на тэрыторыю Балгарыі, дзё ён праслужыў год. Пасля дэмабілізацыі ў маі 1947 г. прыехаў у Беларусь. Месцам жыхарства выбраў Гродна (дарэчы, калісьці ў гэтым горадзе служыў у царскай арміі яго бацька). Нейкі час працаваў у мастацкай майстэрні, пазней уладкаваўся на работу ў рэдакцыю абласной газеты «Гродзенская праўда», быў карэктарам, стыльрэдактарам, часам выступаў як журналіст. На старонках гэтай газеты ў 1949 годзе з’явіліся яго першыя апавяданні на ваенную тэматыку: «У той дзень» і «У першым баі».

У 1949-м Быкава другі раз прызвалі на службу – на Далёкі Усход, Курыльскія астравы. Пазней перавялі ў Беларусь. У канцы 1955-га ён быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Гродна. Стаў зноў працаваць у газеце. Яшчэ падчас ваеннай службы Быкавым напісаны апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік», тэма якіх – чалавек на вайне.

У друку ўсё часцей пачалі публікавацца журналісцкія замалёўкі, нарысы, фельетоны Быкава. Пісаў ён і апавяданні. Тэмы твораў – ваенныя падзеі, мірнае жыццё, часам гэта сатырычныя апавяданні аб надзённых праблемах. Супрацоўнікі часопісаў ацэньвалі яго як «вельмі здольнага аўтара». Нягледзячы на ўвогуле ўдалы творчы дэбют, Быкаў не быў перакананы ў тым, што літаратура – яго жыццёвае прызванне. Ён досыць крытычна ставіўся да сваіх твораў, разумеў, што напісанае ім мае патрэбу ў дашліфоўцы, імкнуўся да больш глыбокай прапрацоўкі персанажаў. Пісьменнік шукаў свой стыль. Пры гэтым лічыў, што агульнапрынятыя патрабаванні да літаратуры скоўваюць творчую індывідуальнасць. Сёння ж Васіля Быкава называюць класікам беларускай ваеннай прозы.

Асноўная тэма работ Васіля Быкава – вайна. Ён лічыў, што праўдзіва расказаць пра яе можна толькі рэальна паказаўшы трагічныя падзеі. «Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедства, на мой погляд з’яўляецца кашчунствам у адносінах да яе жывых удзельнікаў і ў адносінах да памяці дваццаці мільёнаў забітых. Гэта трэба добра памятаць мастаку, які звяртаецца да суровых гадоў вайны», – заяўляў ён. Тут сфармулявана вельмі важная думка, у далейшым ва ўсёй сваёй творчасці пісьменнік імкнуўся не адыходзіць ад гэтага пастулата, за што меў усенародную павагу.

Яшчэ адна іпастась пісьменніка – аўтар «баек жыцця» з філасофска-алегарычным зместам. Тут ён задумваецца над лёсам чалавека і народа ў цэлым. Асабліва гэта прасочваецца ў творах «Сцяна», «Музыка», «Ваўчыная яма», «Мальбара» і інш.

Васіль Быкаў – адзін з самых інтэлігентных, глыбокіх, тонкіх пісьменнікаў 70-х гадоў. Па яго творах пастаўлены кінафільмы, п’есы, радыёспектакль, балет. Акрамя гэтага, за свае заслугі, не толькі літаратурныя, пісьменнік быў узнагароджаны медалямі, ордэнамі і прэміямі. Ён Герой Сацыялістычнай Працы (1984), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978, за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). У 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.

Не стала народнага пісьменніка 22 чэрвеня 2003 года. «Мы яго ведалі, і не ведалі» – адзначаюць сучаснікі, гаворачы пра Васіля Быкава. А яго творы і героі – гэта жорсткая праўда аб вайне, і яна застаецца з намі.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook,  Youtube.