ЛЁГ НА КВОЛЫЯ ПЛЕЧЫ ЦЯЖАР ВАЙНЫ

Грамадства

Жанчына і вайна. Паняцці, здаецца, несумяшчальныя. Але колькі іх, маладых, кволых, безабаронных і ранімых, якім бы толькі кахаць, нараджаць і выхоўваць дзяцей ды радавацца жыццю, несла на сваіх плячах цяжар Вялікай Айчыннай! І не было калі думаць пра  сябе. На вайне салдаты – усе. Толькі “слабаму полу”, бясспрэчна,  даводзілася куды складаней.



З незагойнаю ранай у сэрцы і сёння ўспамінае тыя жахі і пакуты, праз якія давялося прайсці  ў  юным   узросце, ураджэнка  вёскі Кірава Вольга Іосіфаўна Капыцько. Толькі сем класаў паспела скончыць, збіралася паступаць у Чарнігаўскую фельчарска-акушэрскую  школу,  як пачалася  вайна.  Больш двух гадоў у акупацыі, на працягу якіх давялося разам з роднымі і хавацца ў лесе, і бадзяцца па балотах, каб выратавацца, не трапіць у пастку фашыстаў. А тыя пад маркай сходу заманьвалі да клуба вяскоўцаў з адной мэтай: спаліць зажыва. На жаль, шчаслівага дня вызвалення Камарыншчыны дачакаліся не ўсе…


Для семнаццацігадовай Вольгі з восені 1943 года пачаліся суровыя ваенныя будні. Разам з такімі ж юнымі землякамі, хлопцамі і дзяўчатамі, накіравалася на фронт. Трапіла на Украіну, у 181-ю стралковую Сталінградскую ордэна Леніна Чырванасцяжную дывізію. І пачаліся трывожныя, з масіраванымі нямецкімі бамбёжкамі і артылерыйскімі абстрэламі, бяссонныя дні і ночы ў медсанбаце. Даводзілася і перавязкі рабіць, і выносіць з поля бою  параненых,  і выратоўваць салдат, якія сыходзілі крывёю. У такія хвіліны не думала аб уласнай бяспецы, на мяжы жыцця і смерці з’яўлялася для параненых выратавальніцай. Асабліва цяжка было ў час так званай сартыроўкі, калі найбольш пацярпелых ад куль байцоў абавязана была перанесці ў палатку, перавязаць, сагрэць і накарміць, супакоіць перад аперацыяй.  Бывала, не стрымлівалася – цяклі па твары слёзы, авалодваў адчай, хацела падаць ад стомы… Але гэта – мімалётнае. Патрэбна зноў спяшацца, бегчы да тых, хто цябе чакае, каму патрэбна дапамога. Ісці насустрач смерці і не паказваць боязі, засланяць сабою ад снарадаў. Адкуль толькі брала сілы, чэрпала смеласць і мужнасць? Нараўне з салдатамі дзяліла цяжкасці і трывогі ваеннай паўсядзённасці. Цудам, можна сказаць, засталася жывою, калі ў складзе групы, што везла медыкаменты, трапіла ў акружэнне, з якога выбіраліся трое сутак.


Дагэтуль як вялікую каштоўнасць беражліва захоўвае Вольга Іосіфаўна тры падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза Сталіна: за выдатныя баявыя дзеянні ў баях пад Корасценем, пры прарыве абароны праціўніка ў раёне Порыцка і за авалодванне горадам і крэпасцю Браслаў, дзе нарэшце і застала яе шчаслівая вестка аб перамозе. Аб важкім укладзе гэтай жанчыны ў разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў пераканаўча таксама сведчаць ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”.


Дарэчы, насуперак усім цяжкасцям і выпрабаванням Вольга  Іосіфаўна на фронце пакахала. Мікалай Рыгоравіч, які ў будучым стаў ёй мужам, служыў у аўтароце – дастаўляў на перадавую боепрыпасы, а адтуль – параненых. Так склалася, што іх шляхі ў той суровы час даволі часта перакрыжоўваліся, амаль перад самай перамогай маладыя пажаніліся. Пасля вайны жылі ў Харкаўскай вобласці, сорак год Вольга Іосіфаўна аддала сферы бытавога абслугоўвання. А калі мужа не стала, вырашыла  вярнуцца ў родныя  мясціны,  і  ўжо з канца 80-х пражывае ў Камарыне.


Добразычлівая і шчырая, ветлівая і спагадлівая, яна змагла наперакор ударам лёсу захаваць усю веліч і прыгажосць чалавечай душы, у якой па-ранейшаму цепліцца дабрыня.  Яна,  па меркаванні жанчыны-ветэрана, і  трымае людзей на плаву.


В. БЕЛЬЧАНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *