Галерэя пад адкрытым небам: як Марына Шкурко з Брагіншчыны ператварае смецце ў мастацтва

Галоўнае Грамадства

Уявіце сабе дом, які не проста ўпрыгожаны, а літаральна «апрануты» ў яркае, шматграннае палатно, створанае з тысяч рознакаляровых коркаў. Або гараж, пераўтвораны ў галерэю аб’ёмных жывёл, зробленых з пластыкавых бутэлек. Гэта не фантастыка, а рэальнасць, створаная рукамі Марыны Шкурко – жанчыны, якая знайшла ўнікальны спосаб дарыць свету прыгажосць.

Родам яна з жывапіснага Казахстана. Дзяцінства, напоўненае водарамі і бязмежнымі прасторамі стэпаў, пакінула глыбокі след у яе душы. У шаснаццаць гадоў Марына разам з сям’ёй пераехала ў Расію.

– Там я атрымала прафесію машыністкі, выйшла замуж, нарадзіла сына Ігара і дачку Вікторыю. Памятаю, як шмат часу праводзіла за механічнай машынкай, – гэта таксама свайго роду творчасць, – кажа Марына Іванаўна.

У пачатку 2000–х жанчына вырашыла пераехаць у Беларусь, на малую радзіму свайго бацькі – у Брагінскі раён. Тут, у Кавалях, яе сям’я папоўнілася яшчэ двума дзецьмі: сынам Андрэем і дачкой Надзеяй. Апошнюю Марына Іванаўна назвала ў гонар сваёй мамы.

Першыя гады былі прысвечаны сям’і і працы. Жанчына была санітаркай у цэнтральнай раённай бальніцы. Пасля дэкрэтнага водпуску яе шлях прывёў у Буркоўскую сярэднюю школу. Менавіта там, сярод дзіцячых галасоў, зарадзілася яе незвычайнае захапленне.

– Я пачала ствараць жывёл з пластыкавых бутэлек. Мне хацелася зрабіць тэрыторыю вакол дома больш яркай. Дзеці дапамагалі, муж – таксама. Гэта было цікава, ажыўляла прастору, – успамінае Марына Шкурко.

Крыніцай новых ідэй стаў інтэрнэт, дзе жанчына ўбачыла карціны, створаныя з коркаў.

– Так незвычайна, прыгожа! – дзеліцца яна. – Я падумала: а чаму б і мне не паспрабаваць?

І паспрабавала. Спачатку гэта былі невялікія кампазіцыі, затым – больш маштабныя пано.

– Працэс займальны, – прызнаецца Марына Іванаўна. – Знайсці патрэбны колер, падабраць форму, абкласці кожны корак – гэта як збіраць складаную, але вельмі прыгожую карціну з пазлаў.

Матэрыял для яе творчасці знаходзіўся паўсюль. Дзеці, муж, родныя, сябры – усе ведалі пра незвычайнае хобі і з задавальненнем дапамагалі ёй. Гэта стала свайго роду сямейным праектам, які аб’ядноўваў блізкіх.

Паступова, упрыгожваючы ўласны дом, Марына Іванаўна прыцягнула ўвагу  аднавяскоўцаў.

– Людзі пачалі падыходзіць, пытацца, як я гэта раблю, прасіць зрабіць нешта і для іх, – расказвае яна.

Жанчына паспявала таксама займацца агародам, весці хатнюю гаспадарку. А хобі для яе з’яўлялася не дадатковай нагрузкай, а адпачынкам.

– Калі стамлялася, бралася за любімую справу, – усміхаецца Марына Іванаўна. –  Гэта супакойвала, дапамагала адключыцца ад праблем. Кожная дэталь – маленькі кавалачак майго свету.

Нядаўна жанчына змяніла месца жыхарства – пераехала ў Брагін. Цяпер яна зноў працуе санітаркай у ЦРБ.

–  Зараз маё хобі на паўзе, –  кажа Марына Іванаўна. –  Але я не пакідаю думак пра творчасць. У галаве ўжо круцяцца новыя ідэі, планую заняцца стварэннем дываноў з коркаў. Гэта будзе нешта зусім новае, маштабнае.

Гісторыя Марыны Шкурко – прыклад таго, як таленавіты і творчы чалавек можа пераўтварыць штодзённае ў незвычайнае. Яна паказвае, што нават самыя простыя матэрыялы могуць стаць асновай для шэдэўраў, калі ўкласці ў іх душу і запал. Яе карціны – гэта ўвасабленне жыццялюбства, вынаходлівасці і ўмення бачыць прыгажосць.

Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok,   Instagram,   VK,   Одноклассники,   Telegram,   Facebook.