
Турнір сабраў спартсменаў не толькі з нашага раёна, але і з Хойнік. Спаборніцтвы прадэманстравалі, што цікавасць да гэтага віду спорту высокая, і аб’ядналі удзельнікаў рознага ўзросту і ўзроўню падрыхтоўкі.
У ліку найбольш прыкметных удзельнікаў – 14-гадовы Сяргей Краўчанка, вучань Чамярыскай СШ. Яго выступленне прыцягнула ўвагу не толькі дзякуючы юнаму ўзросту, але і нядаўнім поспехам. Сяргей разам з іншымі юнымі брагінчанамі заваяваў бронзавы медаль на абласных спаборніцтвах.
Трэнер Сяргея, Яўген Сцецкі, высока ацаніў яго гульню:
– На абласным першынстве Сяргей паказаў сябе годна, не прайграў ніводнага матча. Ён старанна трэніруецца, сумяшчае заняткі ў школе з наведваннем спартыўных секцый.
Сам Сяргей адзначыў:
– Спаборніцтвы не выклікалі ў мяне асаблівых складанасцяў, я досыць лёгка выйграваў сваіх сапернікаў. На турнір у Брагіне я прыехаў, каб атрымаць новы гульнявы досвед, згуляць з больш дасведчанымі гульцамі, і паназіраць за ўзроўнем гульні старэйшага пакалення, каб навучыцца ў іх.
На іншым канцы спаборніцкага спектру знаходзіўся 59-гадовы Ігар Ячычэнка з Хойнік. Ён – актыўны член раённага грамадскага аб’яднання «Ветэраны фізічнай культуры і спорту», якое ўзначальвае Андрэй Харэцкі. Менавіта ад яго Ігар Ячычэнка даведаўся аб спаборніцтвах.
– Настольны тэніс – маё даўняе захапленне. У маладосці я нават атрымаў першы разрад, – падзяліўся спартсмен. – Цяпер я працягваю трэніравацца па некалькі разоў на тыдзень і з задавальненнем удзельнічаю ў спаборніцтвах, як у родных Хойніках, так і тут, у Брагіне.
Ён таксама станоўча адазваўся аб узроўні гульні брагінскіх спартсменаў, назваўшы іх «сур’ёзнымі сапернікамі» і адзначыў, што ў нашым раёне створаны добрыя ўмовы для правядзення спартыўных мерапрыемстваў.
З Хойнік таксама прыехаў Сяргей Цімошчанка, які падзяліўся сваімі ўражаннямі ад турніру:
– Я прыехаў да вас, каб праверыць свае сілы і паглядзець, на якім узроўні гуляюць мясцовыя тэнісісты. І ён у іх сапраўды высокі.
Па выніках упартай барацьбы, першае месца заняў Андрэй Бельчанка, другое – Андрэй Харэцкі, трэццяе – Міхаіл Канавальчык.
– Спаборніцтвы пацвердзілі, што настольны тэніс застаецца запатрабаваным і здольны аб’ядноўваць людзей, які захоплены здаровым ладам жыцця і спартыўным духам, незалежна ад узросту, – дадаў Юрый Крываручка, старшы інспектар райвыканкама.



























Самыя цікавыя і важныя навіны шукайце ў нашых сацыяльных сетках: TikTok, Instagram, VK, Одноклассники, Telegram, Facebook.
